Словам, караваем, песняй і рублём


Прадстаўнікі атрада «Брыганціна».
Прадстаўнікі атрада «Брыганціна».

Так ушанавалі педагогаў і навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага кале­джа на “Свяце ўраджаю”, якое прайшло ў гэтай установе 22 лістапада.

Як заўсёды, дажынкі ў кале­джы (яны звычайна ладзяцца ў клубе) сабралі ледзь не ўсіх, хто тут працуе і вучыцца. Прыехалі і госці: старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу А. А. Філімонаў, другі сакратар райкама ГА “БРСМ” В. Л. Казлоўская, прадстаўнікі гаспадарак, у якіх гэтай восенню рупіліся будучыя хлебаробы. Сімвалічным пачаткам свята стала ўручэнне дырэктару каледжа С. М. Герасіменку караваю з мукі новага ўраджаю, вырашчанага рукамі дзяцей і педагогаў. Яго паднеслі дзяўчаты ў даматканых ільняных кашулях.

— Па традыцыі навучальны год у нашай установе адкрывае працоўны семестр, — адзначыў, вітаючы прысутных, Сяргей Мікалаевіч. — Сёлета па рашэнні раённага выканаўчага камітэта на дапамогу гаспадаркам ва ўборцы ўраджаю былі накіраваны восем груп. Чатыры з іх працавалі ў ААТ “Навасёлкі-Лучай”, тры — у “Хаці­лах-агра” і адна — у “Камайскім-агра”. Адміністрацыяй каледжа разам з кіраўніцтвам гаспадарак падведзены вынікі спаборніцтва студэнцкіх атрадаў, і ў адпаведнасці з імі першае месца заняла група 216 на чале з Валянцінай Міхайлаўнай Клянтак, якая дапамагала на палях ААТ “Хацілы-агра”. Другое месца прысуджана групе 218 — яна працавала ў гэтай жа гаспадарцы, і яе кіраўніком з’яўляецца Марына Ула­дзіміраўна Карачаўцава. Трэцяе — групе 217, якую ўзначальвае Анастасія Васільеўна Краўчанка, накіраванай у “Навасёлкі-Лучай”.

Шэрагу юнакоў і дзяўчат аб’яўлены Падзякі навучальнай установы, якія будуць занесены ў іх асабістыя справы. А двое самых руплівых памочнікаў — Аляксей Гаўрыльчык з групы 214 і Аляксандр Грузд з групы 20/2 — узнагароджаны граматамі.

С. М. Герасіменка ўручае Падзяку і грашовую прэмію майстру вытворчага навучання А. В. Краўчанка.
С. М. Герасіменка ўручае Падзяку і грашовую прэмію майстру вытворчага навучання А. В. Краўчанка.

Акрамя аказання дапамогі сельгаспрадпрыемствам раёна, майстры і навучэнцы каледжа з вясны да восені шчыравалі на землях уласнай вучэбнай гаспадаркі, дзе вырасцілі 18 відаў раслінаводчай прадукцыі. Нягледзячы на тое, што гэты год быў неспрыяльным для многіх культур, у параўнанні з мінулым атрымана амаль у тры разы больш цыбулі, амаль у два разы больш капусты і фасолі, больш чым у паўтара раза — памідораў. Астатнія паказчыкі, на жаль, горшыя за мінулагоднія. Напрыклад, ячменю ўдалося сабраць толькі 33 тоны, што складае 66% да леташняга ўраджаю. Прычына ў тым, што з-за дажджоў 25 гектараў збажыны аказаліся фактычна затопленымі, і зерне немагчыма было абмалаціць.

Сіл і старання на работах у вучгасе сёлета было прыкладзена не менш, а магчыма, нават больш, чым у папярэднія гады. Таму цалкам заслужана адзначаны майстры вытворчага навучання, якія разам з навучэнцамі змагаліся за ўраджай. Ім, а таксама камандзіраваным у сельгасарганізацыі раёна С. М. Герасіменка ўручыў Падзякі і грашовыя прэміі. А загадчык вучэбнай гаспадаркі В. С. Куцуха ўзнагародзіў групы салодкімі падарункамі — тартамі.

Прысутных віншуе А. А. Філімонаў.
Прысутных віншуе А. А. Філімонаў.

Ад імя райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама з дажынкамі прысутных павіншаваў А. А. Філімонаў. Падзякаваўшы за працу ў сельгаспрадпрыемствах падчас уборкі ўраджаю і пажадаўшы ўсім моцнага здароўя, поспехаў у рабоце і вучобе, Аляксей Аляксеевіч уручыў навучальнай установе Ганаровую грамату і спонсарскую дапамогу. Шчырыя словы ўдзячнасці сваім памочнікам выказалі таксама прадстаўнікі гаспадарак: намеснікі дырэктараў ААТ “Навасёлкі-Лучай” і “Камайскі-агра” С. Г. Шапель і Ю. М. Плюта, галоўны эканаміст ААТ “Хацілы-агра” Н. А. Пабядзінская. Сказанае яны падмацавалі граматамі і грашовымі прэміямі.

190 навучэнцаў каледжа былі заняты гэтай восенню на ўборцы бульбы, яшчэ 19 — на зернятоку. Разам з іншымі за іх работай уважліва сачылі ў райкаме БРСМ, выбіраючы самых старанных і працавітых. На свяце другі сакратар раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Вераніка Казлоўская ўручыла 28 членам атрада “Брыганціна” граматы грамадскага аб’яднання. А завяршыліся дажынкі асеннім рэтра-канцэртам, у якім прагучалі папулярныя песні 60-ых, 80-ых і 90-ых гадоў мінулага стагоддзя.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.