Сонечка Шылей абуджае сэрцы

Общество

21

14 жніўня Сонечцы Шылей споўнілася пяць гадоў. Мама з татам падарылі імянінніцы… казку. Вечарына ў стылі Эльзы з мультфільма “Халоднае сэрца” прайшла весела і цікава. Усе скарбы, а ў іх шмат прысмакаў, дзеці адшукалі, арыентуючыся па намаляванай карце. Дзяўчынка вельмі любіць казкі і заўсёды знаходзіцца ў нейкім вобразе. Па чарзе перабыла ўсімі прынцэсамі з дыснееўскіх мультфільмаў. А зараз яна — супергерой, які ратуе свет, і ўсе яе лялькі таксама супергероі. Соня ратуе свет, а свет ратуе яе.

9146 лайкаў

У Сонечкі — дзіцячы цэрэбральны параліч. Яе бацькі і родныя прымаюць усе меры, каб змякчыць наступствы каварнага дыягназу. Пра гісторыю дзяўчынкі мы ўжо расказвалі ў газеце, але з’яўляюцца новыя абставіны, адбываюцца нечаканыя падзеі, і гэта таксама варта ўвагі.

Сёлетнім ліпенем расійскі дабрачынны фонд “Адэлі”, што знаходзіцца ў Маскве, пры падтрымцы самага буйнога цэнтра, які займаецца рэабілітацыяй дзяцей са складанымі неўралагічнымі захворваннямі і ДЦП, аб’­явілі аб правядзенні конкурсу фотаздымкаў такіх дзяцей пад назвай “Падзяліся цяплом”. Соніна мама — прафесійны фатограф. Як было не паўдзельнічаць? Здымак дачушкі і сканы патрэбных дакументаў Рыта Шылей адправіла ў апошні дзень з Варшавы, дзе якраз у той час Соня праходзіла чарговую рэабі­літацыю. Фотаздымкі — а іх паступіла каля трохсот — ацэньвала не прафесійнае журы, а народнае галасаванне. Фотаздымак Соні з кавуном заняў другое месца. За яго прагаласавалі 9146 чалавек. На першым — дзіця з горада Кірава, на трэцім — з Інгушэціі. Прыз — двухтыднёвая рэабілітацыя ў маскоўскай клініцы «Разам з мамай» коштам 157 тысяч расійскіх рублёў.

Конкурснае закуліссе

— Як аказалася, і ў свеце бацькоў асаблівых людзей не ўсё сумленна, — расказвала Рыта Шылей. — Сайт конкурсу неаднаразова атакоўвалі хакеры. У выніку людзі, якія хацелі прагаласаваць за тое ці іншае дзіця, не маглі зайсці на сайт і зрабіць гэта. А вось хакеры з дапамогай пэўных праграм “накручвалі” галасы. Праводзіліся расследаванні. На працягу чатырох тыдняў, адведзеных для галасавання, сайт двойчы закрываўся і абнулёўваўся. Прыходзілася ўсё пачынаць нанава. Было шмат бяссоных начэй. Нават хацела здымаць фота з конкурсу, але гэта было б несумленным у адносінах да мноства людзей, якія нас падтрымалі не толькі галасаваннем, але і ў інфармацыйным прасоўванні.

У пачатку конкурсу на першым месцы ішла дзяўчынка з Новасібірска, а гэта трэці расійскі горад па колькасці насельніцтва. Але было ўстаноўлена хакерскае ўмяшальніцтва новасібірцаў, і фота дзяўчынкі знялі з конкурсу. Дарэчы, у яго адрас у сацыяльных сетках было шмат крытыкі. Маўляў, як можна лайкамі вырашаць лёс дзіця? Кожнае з іх хворае і кожнаму патрэбна дапамога.

— Але  станоўчага ў конкурсе намнога больш, — упэўнена Рыта Шылей. — Ён прыцягнуў увагу да асаблівых дзяцей. За чатыры тыдні галасавання дзясяткі тысяч людзей зайшлі на сайт дабрачыннага фонду “Адэлі”. І калі хоць некалькі патэнцыяльных спонсараў сказалі сабе: “Я заплачу за лячэнне дзіцяці” — гэта ўжо поспех.

Зразумела, гэта быў конкурс не толькі здымкаў, але і каманд. Вось і кватэра Шылей у тыя дні стала падобнай да перадвыбарнага штаба — настолькі згуртаваліся сям’я, родныя, блізкія, сябры, інфармацыя пра Соню шырока размяшчалася ў сацыяльных сетках. Бацькі дзяўчынкі бязмежна ўдзячныя журналістам пастаўскага тэлебачання, якія пусцілі бягучы радок і паказалі міні-сюжэт пра ўдзел у конкурсе, размясцілі ссылку на сайт, дзе можна прагаласаваць, і ўсім, хто ствараў у вайберы групы, галасаваў за Соню сам, прыцягваў іншых. Вынікі галасавання паказалі, што незалежна ад таго, жыве ў горадзе мільён чалавек або ўсяго 20 тысяч, калі людзі аб’­ядноўваюцца, адбываецца цуд.

— Хачу падзякаваць усім лю­дзям, і ў першую чаргу пастаўчанам, за прасоўванне інфармацыі, — казала Рыта Шылей. — Яна разляцелася па ўсім свеце. Адна жанчына напісала мне: “Вось такая дзяўчынка з кавуном з Пастаў аб’яднала тысячы лю­дзей у веры ў цуд”.

Сям’я Шылей на цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу фота-здымкаў «Падзяліся цяплом».
Сям’я Шылей на цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу фота-здымкаў «Падзяліся цяплом».

Верыць і перамагаць

“Інваліднасць — не прысуд, а выпрабаванне”, — лічаць Рыта і Дзмітрый Шылей і змагаюцца за сваё дзіця. Першыя два гады жыцця Сонечкі яны толькі і чулі ад беларускіх медыкаў (а аб’ехалі ўсе рэспубліканскія цэнтры краіны), як усё дрэнна, ніхто не даваў абнадзейлівых прагнозаў. Сталі шукаць паратунку за мяжой — выйшлі на рэабілітацыйны цэнтр у Варшаве. Пасля першых двух курсаў лячэння там убачылі, што методыка дапамагае, ёсць станоўчая дынаміка. Рэабі­літацыю трэба праходзіць чатыры разы на год. На гэта патрэбны немалыя фінансы (курс рэабілітацыі каштуе ў сярэднім 3,5 тысячы еўра). Уласных зберажэнняў хапіла толькі на два. А што далей? Сядзець і плакаць або шукаць шляхі, як дапамагчы дзіцяці? І яны сталі шукаць. У падтрымку Сонечкі ладзіліся дабрачынныя канцэрты ў Паставах і Наваполацку, кірмашы рамеснікаў, фотазоны, праводзіліся акцыі ў касцёле, царкве. Згуртаваліся ўсе родныя, дапамагаюць сябры і нават раней незнаёмыя людзі. Напружанне ў фінансавым плане каласальнае. Напрыклад, чарговая рэабілітацыя, назначаная Соні на сакавік будучага года, каштуе ажно 8 тысяч 160 долараў (яна ўключае чатырохтыднёвае лячэнне, пражыванне, набыццё артрэзаў на ножкі і абутку да іх, ін’екцыю ботакса ў ручку). Як іх сабраць?

— Здаецца, што і раскісаю: “Усё — больш не магу!”, — змахвае слёзы Рыта. — Але зноў бяру сябе ў рукі: жыццё не заканчваецца, дзеля дзіцяці пераадолеем усё. Мы вельмі любім Сонечку, верым у лепшае і шмат з ёй займаемся. Прайшлі ўжо сем курсаў у Варшаве. Штодня не менш за паўтары гадзіны праводзім працэдуры з дзяўчынкай самі — вібрамасажы, трэнажоры, заняткі на маторыку, агульнафізічныя практыкаванні. Гэта вялікія праца і боль. Тлумачым дачушцы, для чаго яно патрэбна, і Соня ўсё разумее. Але дзіця ёсць дзіця, бывае, што паказвае характар: плача, злуе, капрызнічае.

А як без творчасці?

Рыта Шылей — чалавек творчы, апантаны фатаграфаваннем. Яе жыццё было насычанае пленэрамі, конкурсамі, праектамі. Зараз яно ідзе ў іншым рэчышчы. Займаецца ў асноўным камерцыйнымі здымкамі (трэба зарабляць грошы), дзе для творчасці, зразумела, зусім не тая прастора.

— А для душы фатаграфую толькі ў снах, — прызнаецца з сумам. — Столькі кадраў бачу! Але веру, што і наяве мае лепшыя здымкі яшчэ будуць. Мару прадоўжыць вясковую тэму, беларускага быту, людзей, якія адыходзяць. Вельмі блізкая тэма асаблівых дзяцей. Мамы павінны мець іх прыгожыя здымкі, але звычайнаму фатографу складана гэта зрабіць, а я — у тэме. І мам паказаць шчаслі­вых, нягледзячы ні на што.

Адметна, што творчыя задаткі ўжо праяўляюцца і ў Сонечкі. Як кажа мама, у дзяўчынкі незвычайныя бачанне і ўспрыняцце свету, Бога, людзей, што яна і пераносіць на свае малюнкі. Спецыялісты раяць пераходзіць ад алоўкаў і фламастараў да пэндзляў і палатна. Хто ведае, магчыма, фарміруецца таленавіты мастак. А ўвогуле яна звычайная дзяўчынка. Пазнае свет, гуляе, сваволіць са старэйшай сястрычкай Дашай. І мужна, з дапамогай мамы і таты, медыкаў і ўсіх нераўнадушных людзей змагаецца з немаччу, якая абрынулася на яе з нараджэння.

P.S. Пераднавагоддзе — найлепшая пара для дабрачыннасці. Калі вы пажадаеце праявіць яе ў адносінах да Сонечкі Шылей, вось рэквізіты.

N7OAZVijjjM

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.