Сучасныя методыкі і мадэрнізацыя


Загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі М. І. Васюковіч дэманструе новы апарат для штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі М. І. Васюковіч дэманструе новы апарат для штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Укараненне новых методык лячэння хворых і новых медыцынскіх тэхналогій — адна з галоўных задач, якія стаяць перад кіраўніцтвам і калектывам УАЗ “Пастаўская ЦРБ”.

Вырашыць яе немагчыма без мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы. Кожны год установа стараецца набываць новую медыцынскую тэхніку, якая нярэдка выратоўвае чалавечыя жыцці. У 2017-ым з розных крыніц фінансавання на гэтыя мэты асвоена амаль 105 тысяч рублёў. Так, па лініі цэнтралізаваных паставак Міністэрства аховы здароўя цэнтральная раённая бальніца атрымала апарат для інгаляцыйнай анестэзіі са штучнай вентыляцыяй лёгкіх і маніторы для назірання за пацыентамі (яны ўжо апрабаваны ў аддзяленні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі), камп’ютары і экспрэс-аналізатар. За сродкі раённага бюджэту (яны склалі 61 тысячу рублёў) набыты электракардыёграф для паліклінікі і спецыяльны аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі. Новенькае аўто на базе “Газелі” прыбыло ў адпаведнае аддзяленне літаральна на днях. Прыцягваліся таксама сродкі, заробленыя калектывам райбальніцы праз аказанне платных медыцынскіх паслуг. На іх закуплены апаратура для стаматалогіі і яшчэ адзін камп’ютар.

Па словах галоўнага ўрача УАЗ “Пастаўская ЦРБ” У. М. Чакавага, на базе новага абсталявання актыўна ўкараняюцца сучасныя методыкі лячэння і абследавання пацыентаў. У прыватнасці, сёлета нашы медыкі пачалі праводзіць ультрафіялетавае апрамяненне крыві пры шэрагу захворванняў, і ўжо ў наступным годзе ў бальніцы адкрыецца спецыяльны кабінет. Таксама ўвайшлі ў практыку лапараскапічныя аперацыі ў гінекалогіі. Шырокае прымяненне сучасныя методыкі знайшлі ў рабоце стацыянара і паліклінікі ў сувязі з укараненнем новых медыцынскіх прэпаратаў, якія раней не выкарыстоўваліся.

Як правіла, праваднікамі новых тэхналогій з’яўляюцца маладыя спецыялісты. У апошнія гады яны масава прыходзяць на змену ветэранам, і многія з дапамогай кіраўніцтва ўстановы атрымліваюць другую спецыяльнасць або іншую спецыялізацыю. А разам з імі — новыя магчымасці для прафесійнага росту і прымянення набытых ведаў. І гэта ў значнай ступені садзейнічае таму, што за ўвесь час ніводны малады спецыяліст, адпрацаваўшы абавязковы тэрмін, не пакінуў наш раён.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.