Сустрэча з класікамі-юбілярамі


IMG_8975

Сёлетні год багаты як на юбілеі вядомых людзей, так і на знакавыя падзеі ў гісторыі нашай краіны і за яе межамі. 135-годдзе  Янкі Купалы і Якуба Коласа — выдатных народных паэтаў, без якіх нельга ўявіць сабе беларускую літаратуру, — не магло прайсці незаўважна ў Пастаўскай дзіцячай бібліятэцы імя У. Дубоўкі.

Купала і Колас нарадзілі­ся ў адзін год. Сваёй творчасцю яны раскрылі адвечную мару беларускага  народа  “людзьмі звацца”. Можа, таму яны вельмі блізкія па сваіх поглядах і грамадскіх ідэалах.

Але ж Купала і Колас адрозніваюцца творчай манерай, у кожнага свой голас, стыль, свой непаўторны жыццёвы шлях, характар.

 Купалу мы ведаем як паэта і драматурга, аўтара цудоўных п’ес “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Тутэйшыя”. Яго паэзія лірычная, узнёслая і рамантычная. А нарадзіўся Янка Купала — Іван Дамінікавіч Луцэвіч — у ноч на Купалле, 7 ліпеня 1882 года, у фальварку Вязынка. Для нас, жыхароў Пастаўшчыны, вельмі важна тое, што наш зямляк Зыгмунд Чаховіч, ураджэнец вёскі Сурвілішкі, з’яўляецца духоўным бацькам Я. Купалы.  Зыгмунд Чаховіч быў блізкім сябрам Кастуся Каліноўскага і актыўным ­удзельнікам паўстання 1863 г. Каля 1880 года Чаховіч вярнуўся пасля ссылкі ў Беларусь і пасяліў­ся на сталае жыццё ў маёнтку Малыя Бясяды каля Радашковічаў. І лёс склаўся так, што ў суседнім фальварку ў той час арандаваў зямлю Луцэвіч, у якога быў сын-падлетак Янка, у будучым славуты паэт Янка Купала. Дык вось, Янка, пазнаёміўшыся з былым паўстанцам, часта наведваўся да яго, каб пагаварыць ды ўзяць для чытання кнігі з багатай бібліятэкі Чаховіча. Як успамінаў Купала: “…гутарылі з ім шмат аб чым, але больш за ўсё, здаецца, аб паўстанні 1863 года. Часта ён выбіраў кнігі для чытання, а іншы раз я сам прасіў тых або іншых аўтараў”. Менавіта гэтыя гутаркі паўплывалі на светапогляд і сфарміравалі Янку Купалу  як асобу.

Сябар і паплечнік Янкі Купалы — Якуб Колас — Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч — паэт, празаік, крытык, дзіцячы пісьменнік. Нара­дзіўся 3 лістапада 1882 года ў сям’і лесніка князя Радзівіла, у засценку Акінчыцы, маляўнічым куточку Мінскай губерні. Якуб Колас стаў вялікім паэтам ужо толькі за адну “Новую зямлю”, якую называюць энцыклапедыяй сялянскага жыцця. Але ж яго творчая спадчына багатая і шматгранная.

Рыхтуючы мерапрыемства, арганізатары імкну­ліся зрабіць яго яркім, эмацыянальным і сучасным. З гэтай мэтай былі створаны музычныя прэзентацыі на розныя раздзелы паэмы “Новая зямля” Я. Коласа, прачытаны ўрыўкі з яе.

Дзеянні вечарыны разгортваліся ў імправізаванай сялянскай хаце, куды былі запрошаны госці. Першай завітала Зося (Алена Танана). Яна распавяла пра “канец свету”, які павінен хутка адбыцца. Потым наведаўся пан Быкоўскі (Яўген Гатоўчык), які навучаў Паўлінку (Вераніку Сіланаву) навамодным танцам і спяваў  рамансы. У ходзе імпрэзы вядучыя распавядалі пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Узрушыла гледачоў выступленне вакальнага дуэта ў складзе Арсенія Леўшына (клавішы) і Ірыны Трафімавай (гітара). Яны спявалі народныя і сучасныя беларускія песні. Школьнікі аддзячылі ім бурнымі апладысментамі, самі падпявалі. Закончылася вечарына песняй “Мы здалёк убачылі свабоду” на верш Генадзя Бураўкіна ў выкананні Тамары Храпавіцкай, якая паланіла залу сваім майстэрствам.

Мерапрыемства атрымалася дынамічным і насычаным, за што арганізатары атрымалі шчырыя падзякі ад гледачоў.

Хочацца даць параду тым, хто зараз чытае гэты артыкул: прыйдзіце, калі ласка, у бібліятэку і вазьмі­це кніжку Купалы ці Коласа. Вы адчуеце сапраўднае задавальненне ад сустрэчы з мілагучным беларускім словам.

Людміла СЯМЕНАС, бібліятэкар

 дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.