Такое не забываецца

Спорт

Каманда «ПМЦ-Паставы», чэмпіён Беларусі па футболе 2007 года.
Каманда «ПМЦ-Паставы», чэмпіён Беларусі па футболе 2007 года.

Час ляціць вельмі хутка, і зараз мала хто памятае, што сапраўднае адраджэнне футбола на Пастаўшчыне пачалося ў 2005 годзе, калі адкрылі пасля рэканструкцыі гарадскі стадыён. У той сезон была сфарміравана гарадская каманда, якая ў абласным першынстве заняла адразу 5-е месца. На наступны год Паставы дэбютавалі на нацыянальнай арэне, згулялі ў чэмпіянаце Беларусі ў 2-й лізе, і ў раёне распачаўся сапраўдны футбольны бум, калі гэтай гульнёй мільёнаў сур’ёзна захапіліся былыя ваенныя А. М. Бабічаў і К. П. Савіцкі. Чаго было вартае першынство раёна сярод хлопчыкаў 11-12 гадоў, якое працягвалася чатыры месяцы, а на прыгожую цырымонію ўшаноўвання пераможцаў прыляцеў адзін з лепшых футбалістаў Беларусі і зборнай СССР Сяргей Алейнікаў.

Аднак самы важкі юбілей адзначаўся сёлета. Тады, 10 гадоў назад, 170 лепшых удзельнікаў чэмпіянату раёна пачалі сур’ёзна займацца футболам у акадэміі Пастаўскага мэблевага цэнтра. Да нас прыехаў працаваць з Кубані прафесійны спецыяліст Васіль Мікітавіч Грантоўскі, які перад гэтым вывеў каманду з Новапакроўска ў лік лепшых у гэтым кутку Расіі. “Менавіта зімой 2007 года па ініцыятыве кіраўнікоў ПМЦ адкрыўся футбольны клуб “ПМЦ-Паставы”, — успамінае трэнер. — На яго базе практычна з нуля мы стварылі дарослую футбольную каманду і актыўна заняліся развіццём дзіцяча-юнацкага футбола. На працягу трох наступных месяцаў сфарміравалі асноўную каманду і ў красавіку паспяхова стартавалі ў нацыянальным першынстве”.

Я таксама добра памятаю, калі ў Беларусі загаварылі пра пастаўскі феномен, вядучыя айчынныя СМІ сталі пісаць і расказваць пра нашы запоўненыя трыбуны. У любое надвор’е на стадыён прыходзілі па тысячы і болей чалавек рознага ўзросту. Падтрымліваць родную каманду сталі дзясяткі людзей і на выездах у розных гарадах краіны. “Мы правялі тады 30 поўных драматызму і напружанай барацьбы за медалі паядынкаў, — працягвае галоўны трэнер. — Інтрыга захоўвалася да самага фінішу. Заключную гульню пастаўчане згулялі на Гомельшчыне ўнічыю з лікам 1:1, што забяспечыла нам першае месца, упершыню ў гісторыі залатыя медалі і пуцёўку ў 1-ю лігу беларускага футбола”.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.