У атмасферы здаровага саперніцтва

Общество

Каманда-пераможца з выкладчыкам Я. А. Гатоўчыкам.
Каманда-пераможца з выкладчыкам Я. А. Гатоўчыкам.

Спартыўнае мерапрыемства “Я ў армію пайшоў бы, няхай мяне навучаць” палюбілася навучэнцам школ раёна і таму ўжо каторы год праводзіцца на базе СШ №5.

Яго арганізатарамі выступаюць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама,аддзел адукацыі, спорту і турызму  райвыканкама, РАУС, РАНС, пагранічная камендатура “Паставы”, райкам БРСМ, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” і СШ №5. Мэта спаборніцтваў — ацэнка ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі, прапаганда здаровага ладу жыцця, фарміраванне пачуцця патрыятызму і папулярызацыя службы ў арміі і прафесіі ваеннага.

Сёлета свае спрыт, сілу, вытрымку дэманстравалі юнакі 15-17 гадоў з гімназіі, дзяржаўнага каледжа, а таксама з Дунілавіцкай, Камайскай, Лынтупскай, Варапаеўскай і ўсіх гарадскіх школ.

Па-вайсковаму чаканячы крок, каманды выйшлі на пастраенне. Юнакоў прывіталі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. М. Субко, начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў А. М. Гарус, інспектар групы прапаганды і навучання раённага ад­дзела па надзвычайных сітуацыях А. А. Мухля. А каманды ў сваю чаргу з дапамогай кароткіх візітак прадставілі сябе журы і гледачам.

Традыцыйныя эстафеты “Юны пагранічнік”, “Юны пажарны”, “Трывога” правялі намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце рэзервовай пагранічнай заставы “Паставы” Д. У. Бурак, намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні В. Л. Врублеўскі і інспектар РАНС А. А. Мухля. Кожную каманду прадстаўлялі два чалавекі. Ім трэба было на хуткасць разрадзіць і зарадзіць магазін аўтамата Калашнікава, згодна з нарматывам надзець процівагаз, апрануць бронекамізэльку, надзець міліцэйскі шлем, прабегчы з прыладамі пярвічнага тушэння пажару (вогнетушыцель, пажарны рукаў і апарат на сціснутым паветры) пэўную дыстанцыю.

У эстафеце “Сілавая падрыхтоўка салдат” кожны ўдзельнік абараняў каманду ў пэўным відзе выпрабаванняў: падыманне 16-кілаграмовай гіры і пад’ём сілай, пад’ём з пераваротам, падцягванне на перакладзіне, адцісканне ва ўпоры на брусах. Спаборніцтвы прайшлі ў вясёлай атмасферы здаровага саперніцтва. Часам разыходжанне ў часе складала долі секунды. Журы ўлічвала ўсё да дробязей.

У індывідуальным заліку не было роўных гімназістам Уладзіміру Падаксёнаву (пад’ём з пераваротам) і Станіславу Цярэнцьеву (падцягванне на перакладзіне), у пад’ёме сілай наймацнейшым аказаўся Ілья Высідалка з СШ №1, адцісканні ва ўпоры на брусах — Аляксандр Масцяніца з Лынтупскай школы, а найбольш разоў падняў гіру Валерый Лекарэвіч з дзяржаўнага каледжа. Пераможцы ўзнагароджаны граматамі дзяржаўнага аб’яднання “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна” і флэшкамі, набытымі аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Агульнакамандныя месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе прысуджана гаспадарам — камандзе СШ №5, другое — Лынтупскай ЯС-СШ, а першае — СШ №2. Каманды атрымалі дыпломы райкама БРСМ і тарты ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Салодкімі прызамі, набытымі раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь”, заахвочаны ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў. 

— Перамога не была нечаканай, бо падрыхтоўцы хлопцаў да службы ў арміі ў школе надаецца вялікая ўвага, — дзяліўся ўражаннямі выкладчык фізкультуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі СШ №2 Яўгеній Аляксандравіч Гатоўчык. Нягледзячы на тое, што літаральна ў апошнія дні перад спаборніцтвамі па розных прычынах прыйшлося памяняць склад каманды, вынік парадаваў. Дзесьці бачыў і недапрацоўкі. Мы не былі наймацнейшымі ў тых эстафетах, у якіх стаўка рабілася на сілу, а ўзялі першынство хуткасцю. У гэтым заслуга Валянціна Алдакімава, Ільі Ясюковіча, Дзяніса Януша, Максіма Мончыка і камандзіра Андрэя Бялевіча.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.