У кафейні “Coffee Room“ — класна


IMG_8423
Барыста Яўген Палюлян і Аляксандр Яцкевіч.

Каля кафейні “Coffee Room“ праходжу штодня. Нядаўна заглянула. Толькі адчыніла дзверы — і адчула смачны водар кавы. Позірк спыніўся на шырокім выбары дэсертаў:  пірожных, тартоў, суфле, пячэння. Думаю, гэты асартымент для сапраўдных ласуноў.  Імпануе і інтэр’ер — проста і ўтульна.

З усмешкай сустракае адміністратар Наталля Лукашчык. Прапануе на выбар каву: эспрэса, амерыкана, капучына, латэ, кава рум, карамель макачына, латэ з сіропам, фрапэ карамель, флэт уайт. Я не каваман, таму ў смаках разбіраюся не вельмі. Барыста не толькі вараць духмяны напітак, але і робяць сапраўдныя цуды па яго афармленні. Шкада нават парушаць гэту прыгажосць. 

— Нашы наведвальнікі — людзі самага рознага ўзросту і статусу, — расказвалі гаспадары кафейні — муж і жонка Семенас. — А мы і стараліся, каб камфортна было ўсім. Тут сустракаюцца дзелавыя партнёры, закаханыя пары, пажылыя людзі, прыходзяць бацькі з дзецьмі. П’юць каву або гарбату, малочны кактэль ці гарачы шакалад, сок, ласуюцца смачнымі пірожнымі, гутараць. Некаторыя за кубкам кавы праводзяць больш за гадзіну. Лю­дзей, якім хочацца пакінуць дома кухню і правесці час у прыемнай аўры, становіцца ўсё больш. У нас не прадаюцца алкагольныя напіткі, таму абстаноўка спакойная.

“Бывае, што адразу пасля работы хочацца сустрэцца з сяброўкай, выгаварыцца, пачуць слушную параду, — расказвала адна знаёмая. —  Але ніяк не маглі падабраць месца, дзе абстаноўка спрыяла б душэўнай размове. Цяпер з задавальненнем накіроўваемся ў кафейню “Coffee Room“. Там так класна!”

Гартаю гасцявую кнігу, у якой мноства водгукаў не толькі  пастаўчан, але і гасцей з іншых гарадоў і нават замежжа: Літвы, Польшчы, Швецыі. Вось некаторыя з іх: “Даўно хацелася, каб у Паставах адкрылася кафейня з утульным інтэр’ерам і смачнай кавай. Дзякуй, за тое, што мара збылася!”, “Райскае месца з мноствам смакоццяў, цудоўнай атмасферай”, “Рэспект і павага як гаспадарам кафейні, так і тым, хто тут працуе. Кава адменная!”

— Мы варым каву Barista, зерне закупляем найлепшае, — расказвалі гаспадары. — У нас новыя прафесійныя кавамашына і кавамолка, фільтрацыйная сістэма, таму вада выкарыстоўваецца высокаачышчаная. Барыста Аляксандр Яцкевіч і Яўген Палюлян прайшлі падрыхтоўку ў школе “Бариста. бел”. Дэсерты прывозім з Мінска. У бліжэйшыя дні на месцы бу­дзем выпякаць фірменныя піцу і бліны, у планах — піражкі.

Можна ўзяць каву і на вынас: пасмакаваць у машыне, на лавачцы ў скверы або падчас прагулкі па горадзе. А яшчэ прыхапіць дэсерт у прыгожай упакоўцы. Стаміліся ад паўсядзённасці — загляніце ў “Coffee Room“.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.