У лынтупскім Садзе надзеі саспее сіні вінаград

Общество

Ідзе пасадка вінаграду ў Лынтупскім аддзяленні дзённага знаходжання для грама¬дзян пажылога ўзросту ТЦСАН.
Ідзе пасадка вінаграду ў Лынтупскім аддзяленні дзённага знаходжання для грама¬дзян пажылога ўзросту ТЦСАН.

У лістападзе 2015-га на Пастаўшчыне стартавала дабрачынная рэспубліканская акцыя “Сад надзеі”. І вось праз два гады прадстаўнік аргані­затара — спецыяльны карэспандэнт Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Святлана Башылава ў суправа­джэнні дырэктара ТЦСАН Дзіяны Іванаўны Пякарскай — наведала наш раён, каб паглядзець, як прыжыліся саджанцы пладовых дрэўцаў і кустарнікаў, і падарыць двум Лынтупскім аддзяленням Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва саджанцы вінаграду.

У Лынтупах ля ганка аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН гасцей сустрэлі разам са сваімі работнікамі яго загадчыца Алена Аляксандраўна Валасевіч і старшыня сельскага Савета Аляксандр Яўгеньевіч Макаранка. Адразу накіроўваемся ў кветнік, дзе ўсё ўжо гатова да пасадкі не зусім уласцівай для нашай мясцовасці садовай культуры.

— Гатунак вінаграду падабраны з улікам клімату паўночных рэгіёнаў Беларусі, — адразу запэўніла Святлана Башылава. — А самае прыемнае — збіраць ураджай будзеце ўжо ў наступным годзе.

Паралельна з пасадкай і палівам вінаграду карэспандэнт Беларускага радыё расказвае, як даглядаць гэту культуру, якія выкарыстоўваць удабрэнні, як укрываць на зіму. Калі, нарэшце, вінаград заняў сваё месца каля альпійскай горкі, па суседстве з яблынямі і туямі, Алена Аляксандраўна правяла аглядавую экскурсію па аддзяленні. Дарэчы, у канцы лістапада тут ужо ў поўную сілу працавала майстэрня Дзеда Мароза — наведвальнікі разам са штатнымі спецыялістамі стваралі разнастайныя святочныя вырабы. 

Наступны прыпынак — аддзяленне кругласутачнага знаходжання ТЦСАН. Тут Сад надзеі быў закладзены яшчэ два гады таму. Сёлета ўжо збіралі ўраджай яблыкаў. Тэрыторыя аддзялення надзвычай добра­ўпарадкаваная. Акрамя яблынь, пладаносяць вішні, чарэшні, грушы, слівы, каліна.

— Пастаянна імкнёмся ствараць і падтрымліваць камфортныя ўмовы для сваіх пражываючых, — пацвердзіла агульнае ўражанне загадчыца аддзялення Надзея Тадэвушаўна Гатоўская. — У гэтым годзе распрацавалі і ўвасобілі ў жыццё мадэль рэабілітацыйнай прасторы ў памяшканні і на вуліцы. На свежым паветры з’явіліся сцежка здароўя, трэнажоры, лабірынт, баскетбольнае кальцо, шэзлонгі. Абяцаем усе разам даглядаць і ваш новы падарунак — вінаград.

Акцыя “Сад надзеі” Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё распачалася ў юбілейны для яго год — 90-годдзе з моманту першага выхаду ў эфір. Яе партнёрамі з’яўляюцца грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын”, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, рэспубліканская асацыяцыя “Белсадгадавальнік”, рэспубліканскі клуб “Паўночны вінаград”, а таксама вучэбныя і сацыяльныя ўстановы Смаргонскага раёна. Мэта — адрадзіць беларускую традыцыю вясной і восенню абнаўляць пасадкі садовых культур. За час правядзення акцыі пладовымі дрэўцамі і кустарнікамі ўзбагаціліся сацыяльныя ўстановы Нясвіжскага, Бабруйскага, Магілёўскага, Дзяржынскага і Пастаўскага раёнаў. Саджанцы сліў, яблынь, вінаграду і кусты чорных парэчак у нашым раёне “прызямліліся” на тэрыторыі абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Ветразь”, Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Лынтупскіх аддзяленняў кругласутачнага і дзённага знаходжання Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.