Вакансіі ёсць


_-9266

Тэма беспрацоўя па-ранейшаму на слыху ў людзей. Нярэдка даводзіцца чуць размовы пра тое, што каторы месяц чалавек не можа знайсці работу. Вырашыла пацікавіцца гэтым пытаннем ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

— Са студзеня па лістапад ва ўпраўленне звярнулася 1630 чалавек, — расказвала намеснік начальніка Ілона Васільеўна Дзядзюля. — Большасці аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні. 93 рабочыя месцы былі прадастаўлены на новых прадпрыемствах, 73 — на новых вытворчасцях, у тым ліку ў камерцыйных структурах — 68. Людзі ўладкаваны ў таварыства з абмежаванай адказнасцю “Мясакамбінат  Пастаўскі”, УП ЖКГ, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, “Ваенсэрвіс”, на малочны завод, завод “Беліт”, адкрытае акцыянернае таварыства “Паставымэбля” і іншыя арганізацыі.

130 чалавек пакуль стаяць на ўліку па беспрацоўі і атрымліваюць дзяржаўную дапамогу. Для гэтага, у адпаведнасці з рашэннем раённага выканаўчага камітэта, яны абавязаны  пяць дзён у месяц удзельнічаць у грамадскіх работах. Калі пажадаюць, могуць працаваць і звыш таго. Грамадскія работы прапануюцца як зарэгістраваным беспрацоўным, так і тым, хто стаіць на ўліку ў аддзеле сацыяльна-працоўных адносін і занятасці насельніцтва.

У грамадска аплатных работах — на падборы камянёў, перабіранні бульбы, аказанні дапамогі сельгаспрадпрыемствам на жніве, ачыстцы сянажных траншэй, падрыхтоўцы ферм да зімова-стойлавага перыяду — удзельнічалі многія. На правядзенне такіх работ былі заключаны 33 дагаворы, 15 з іх — на сацыяльна карысныя работы. У іх прынялі ўдзел 156 чалавек, у тым ліку 95 беспрацоўных.

У аддзеле па занятасці ідуць насустрач і тым, хто жадае адкрыць уласную справу. Выдадзены шэсць субсідый для заняцця прадпрымальніцкай дзейнасцю, а гэта рамонт швейных, трыкатажных вырабаў і галаўных убораў; прадастаўленне паслуг цырульніка і салона прыгажосці; рознічны гандаль адзеннем, абуткам, тэкстыльнымі вырабамі ў палатках, кіёсках і на рынках; абуладкаванне пакрыццяў падлогі і абліцоўка сцен; выраб з бетону, будаўнічага гіпсу і цэменту. Пяці сем’ям аказана садзейнічанне ў перасяленні і працаўладкаванні на новым месцы (людзі перабраліся ў ААТ “Ярэва-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, “Пастаўскі рай­агра­- сэрвіс”).

У кожным нумары “Пастаўскага краю” друкуюцца аб’явы пад рубрыкай “Требуются”. Прадпрыемствы і арганізацыі раёна запрашаюць на работу розных спецыялістаў. Напрыклад, ільнозавод — інжынера, бухгалтара, слесара, сарціроўшчыка, наладчыка абсталявання; лясгас — трактарыста, вальшчыка лесу; АБП “Рассвет Пастаўскі” — муляраў, абліцоўшчыкаў, плітачнікаў; “Каапнарыхт­прамгандаль” — трактарыста, рабочых, прадаўцоў; ААТ “Кураполле-агра” і “Ляхаўшчына-агра” — жывёлаводаў, трактарыстаў. Сельгаспрадпрыемствы нават прадастаўляюць жыллё. Вакансіі ёсць, але запаўняюцца з цяжкасцю.

— На 1 снежня бягучага года зарэгістраваны 62 вакансіі, — канстатавала І. В. Дзядзюля. — З іх 41 — у Паставах, 3 — у Варапаеве, 18 — у сельскай мясцовасці. 54,8 працэнта вакансій — для мужчын.

У аддзеле па занятасці насельніцтва ўлічваюць усе абставіны чалавека, вывучаюць прадстаўленыя дакументы. Адным прапануюць пастаянную работу, іншым — сезонную. Ёсць магчымасць прайсці перанавучанне. Працаўладкаванне найперш залежыць ад самога чалавека, ад яго жадання нешта змяніць у сваім жыцці.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.