Віленчык


11c6c5ad4ed6e921cedb5021f167540a

Гэта сямейнае паданне дайшло да мяне ад маёй бабулі Ані, якую ўсе ў вёсцы называлі Анечкай. Гэта дзякуючы ёй я многае даведалася пра сваіх продкаў. Мама Анечкі, мая прабабуля Насця, выйшла замуж маладой, у сямнаццаць гадоў. Яе жаніху Захару было тады 45. Чаму ў такім ўзросце ён не меў жонкі, Анечка не расказвала, а можа, я запамятавала. Бацькі Насці думалі так: пасватаўся добры чалавек, дык чаго ж трымаць дачку ў дзеўках, яшчэ ж дзве падрастаюць, Канстанцыя і Анатоля.

І пачалося ў маёй прабабулі сямейнае жыццё. Звалі яе ў новай хаце на польскі манер Настазія. Да свайго замужжа яна, як і многія тады, не толькі ні з кім не гуляла, а мабыць, ніколі не размаўляла з хлопцам адзін на адзін.

Сям’я Захара была вялікая: двое жанатых братоў, свякроўка і свёкар. У час позняй вячэры Настазія наў­мысна садзілася на край лаўкі, каб потым першай выскачыць з-за стала і бегчы на сенавал у пуню, схавацца там, затаіцца да ранку.

Раніцой даіла перш за іншых нявестак кароў, падраблялася на двары — у вёсцы работы шмат. Папрацаваўшы цэлы дзень, вечарам зноў збягала па вядомых толькі ёй прычынах ад мужа. Спрабавала з ёй гаварыць свякроўка, але нічога не дапамагала. Мужык злаваўся, раскідваў ноччу па падлозе падушкі, а днём імкнуўся лагодна растлумачыць  маладусе яе, як кажуць сёння, статус. Ды тая маўчала, а ноччу ўсё адбывалася па-ранейшаму.

Аднойчы многія вясковыя жанчыны сабраліся ісці пешшу з Хрыстова ў Вільню на фэст. Далёка, ды тады гэта было звычайнай з’явай. Пазвалі з сабой і Настазію. Захар з радасцю яе адпусціў, толькі наказаў у час споведзі ўсе грахі расказаць ксяндзу. І абавязкова не забыцца пра галоўны грэх: яе паводзіны ў адносінах да мужа.

На фэсце ўсё было цікава і ўрачыста. Азмрочвала прабабулю толькі адна акалічнасць: у касцёле ксёндз не адпусціў грахі, даведаўшыся, што яна не выконвае свой асноўны сямейны абавязак. А можа, празмерная сарамлівасць і нясмеласць зрабілі споведзь  не зусім шчырай, таму святар пажадаў належнай падрыхтоўкі і заадно пазбаўлення ад інтымнага граху. Як там было на самай справе, цяжка сказаць. Ды Бог захацеў так, каб род наш як мага хутчэй прадоўжыўся, і Настазія  праз  гадзіну-паўтары  апынулася ў касцёле на ўскрайку Вільні, дзе старэнькі святар уважліва яе выслухаў і прапанаваў за тое, што адпусціць грахі, даць яму і Богу абяцанне, што, як толькі вернецца дамоў, будзе выконваць “малжэнскі” абавязак. Настазія згадзілася.

Праз пэўны час нарадзіўся мой дзед Стасік, якога ўся радня доўга называла Віленчыкам, дзякуючы знакаваму фэсту.

Лена КАРУК, г. Орша,

 ураджэнка вёскі Хрыстова.

 



1 комментарий по теме “Віленчык

  1. Дзякуй!!! Са Святамі! Няхай будзе ўсё добра ў с упрацоўнікаў газеты і ў чытачоў у 2018!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.