Выйшлі ў лідары

Спорт

5246

“Атлант” (Паставы) –— “Прамень” (Магілёў) — 3:0, 3:0

1 дзень (25:21, 25:14, 25:20), 2 дзень (25:13, 25:22, 25:21)

У гэтых матчах больш вопытныя пастаўчане лічылі­ся фаварытамі, бо маладыя рэзервісты магіляўчан толькі пачынаюць гуляць на такім узроўні. У родных сценах першую сустрэчу гаспадары пачалі ўпэўнена, мацней гулялі ў атацы і адарваліся ад саперніка з перавагай у 4 мячы. Аднак як толькі наша каманда крыху расcлабілася, госці імгненна зраўнялі лік — 11:11. Пераломным стаў выхад на моцную сілавую падачу ў пастаўчан Юрыя Рабекі. Такія мячы проста немагчыма было прыняць, адрыў у ліку зноў стаў камфортным і дазволіў выйграць першую партыю.

У наступным сэце капітан і распасоўшчык Дзміт­рый Аксёненка пачаў вельмі моцна падаваць, з-за чаго разрыў у ліку стаў двухзначным. А вось у гасцей гэты важны кампанент гульні, наадварот, разладзіўся, і пры ліку 18:6 дэбютавалі ў чэмпіянаце Беларусі маладыя пастаўчане Дзмітрый Грыневіч і Павел Лукін. У трэцяй партыі гуляў ужо наш асноўны склад. Галоўны трэнер гасцей А. В. Котаў здолеў знайсці патрэбныя словы для сваіх падапечных, і яны далі бой пастаўчанам. Толькі ў канцоўцы намаганнямі Мікалая Фітковіча, Віталя Варанца, Яна Сакалоўскага, Віталя Бельскага, Данілы Шышко і Андрэя Русака пастаўчане змаглі дабіцца поспеху.

У паўторным паядынку каманды памянялі форму, а гаспадары прадоўжылі ратацыю свайго складу, далі згуляць  сваім навічкам. Пасля першай, лёгка выйгранай партыі пастаўчане дамінавалі і ў наступнай. Вось толькі наша моладзь пры ліку 24:17 на сваю карысць занадта захвалявалася, а сапернік змог адыграць пяць мячоў запар. Пастаўчане партыю ўсё ж выйгралі, але акрылены сапернік ледзь не змяніў далейшы ход гульні. Госці ўвесь час былі наперадзе з перавагай у 2-3 мячы, і толькі пры ліку 20:21 адбыўся пералом, калі ў пастаўчан загуляў надзейна блок, а рашаючыя атакі паспяхова завяршылі В. Варанец і А. Русак.

Поспех у двух матчах дазволіў пастаўскаму “Атланту” з 11 набранымі ачкамі ўзначаліць турнірную табліцу. Папярэдні лідар — сталічны РДВАР — дома спачатку перамог аршанскі “Узлёт” (3:1), але ў паўторным паядынку саступіў яму з лікам 2:3.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.