Хто вы, “дабрадзей”?


4582

У рэдакцыю прыходзіць нямала пісем. Яны розныя як па змесце, так і па форме: пісьменныя і не вельмі, дасланыя на электронны адрас або паштовымі адпраўленнямі. Пастаянныя аўтары нярэдка і самі заходзяць у рэдакцыю са сваімі допісамі і меркаваннямі. І мы рады гэтаму, бо зваротная сувязь паміж журналістамі і чытачамі павінна быць.

Але пісьмо, якое рэдакцыя атрымала месяц таму, асабіста ў мяне выклікала не ўдзячнасць, а агіду, хоць у мой адрас у ім гучалі добрыя словы, а рэдакцыі выказвалася пажаданне больш пісаць пра сельгаспрадпрыемства “Ляхаўшчына-агра”. І прыводзіўся шэраг фактаў, якія, на думку аўтара пісьма, заслугоўваюць увагі журналістаў.

Гэты почырк, стыль падачы матэрыялу і непісьменнасць я пазнала б з дзясяткаў іншых, калі б мяне нават разбудзілі сярод ночы. Падобнае як дзве кроплі вады пісьмо рэдакцыя атрымала чатыры гады таму такой жа парой. І яно было надрукавана, бо прыводзіліся вартыя ўвагі факты станоўчай дзейнасці гаспадаркі ў цэлым і асобных спецыялістаў. Факты адпавядалі сапраўднасці, за выключэннем аднаго, умела і бессаромна ўплеценага ў тэкст паклёпу, які абурыў чалавека, якога тычыўся, і выклікаў бурныя перасуды вяскоўцаў. Устанавіць асобу аўтара пісьма так і не ўдалося. Мы праз газету прынеслі прабачэнне пацярпеламу. Але ён не задаволіўся гэтым і звярнуўся ў суд (нават не ў Пастаўскі, а ў Шаркаўшчынскі) з іскам аб спагнанні з рэдакцыі кампенсацыі за нанясенне маральнага ўрону. Праўда, за некалькі дзён да даты, на якую было назначана слуханне справы, грамадзянін свой іск забраў.

Такім чынам, судзіцца не давялося. Але колькі нерваў каштавала ўся тая сітуацыя! Таму, спадзяюся, вы зразумееце  маю рэакцыю на аб’яўленне праз чатыры гады ананімнага “дабрадзея”, які так клапоціцца, каб яго аднавяскоўцы часцей фігурыравалі на старонках газеты. Разлік быў, напэўна, на тое, што рэдакцыйны калектыў узначаліў новы кіраўнік і ў цэлым станоўчае  пісьмо не выкліча ніякіх падазрэнняў.

Выклікала! І яго можна было б проста спісаць у архіў як ананімнае, бо такіх прозвішчаў, пад якім яно напісана, у Ляхаўшчыне шмат, а ні імя, ні імя па бацьку, ні дамашні адрас не ўказаны. Да таго ж пісьмо, хоць на канверце ў зваротным адрасе ўказана вёска Ляхаўшчына, адпраўлена не адтуль, а з Глыбокага, пра што сведчыць паштовы штэмпель. Але я не змагла стрымаць эмоцый і вырашыла адказаць аўтару праз газету. Іншага спосабу няма — у вочы чалавеку не паглядзіш і ўсё, што пра яго думаеш, у твар не скажаш —  ананімы заўсёды дзейнічаюць падпольна. Дзякаваць Богу, што іх адзінкі.

Фаіна КАСАТКІНА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.