Як адной сям’ёй

Образование

risunok1

Пазнаёміліся і здружылі­ся ўсе мы, дзеці і бацькі, яшчэ тады, калі прывялі ў садок нашых малых. Вельмі пашанцавала з выхавальнікам. Наталля Вайцехаўна Лапцік — выдатны педагог, чулая, добразычлі­вая, ласкавая, ветлівая. Іх, маленькіх, пужлівых, але ўжо зацікаўленых, з дапытлівым позіркам чалавечкаў, яна вучыла дабрыні, узаемадапамозе, павазе адно да аднаго. Цікава праводзіла заняткі, гульні, вадзіла сваіх выхаванцаў на выставы. Прайшоў час, за які склаўся вельмі дружны калектыўчык. Развітанне з Наталляй Вайцехаўнай было слёзным.

Амаль поўным складам прыйшлі ў першы клас СШ №2. Тут нас сустрэла Ірына Анатольеўна Собаль. Таленавітая, разважлівая, яна здолела да кожнага свайго новага вучня знайсці падыход, дапамагла раскрыць таленты. А нашы дзеткі і сапраўды таленавітыя і разумныя. Дзяўчынкі займаюцца ў музычнай і мастацкай школах, харэагра­фічнай студыі “Непаседы”, хлопчыкі — у спартыўных секцыях, розных гуртках. Усе здольныя і да навукі, удзельнічаюць у школьных і раённых алімпіядах, конкурсах, дабіваюцца нядрэнных вынікаў. Насця Купрэвіч, напрыклад, удзель­нічала ў конкурсе “Залатое пяро “Белай Русі”-2017”, на раённым этапе заняла трэцяе месца.

Клас вельмі дружны. Дзеці добразычлівыя і ветлівыя. А калі ў каго здарыцца якая непрыемнасць, то падтрымліваюць адно аднаго.

Цяпер наша класная мама — Алена Юр’еўна Трубач, выдатны  матэматык, строгая, але справядлівая. А яшчэ яна — сапраўдная скарбонка новых ідэй.

Што да нас, бацькоў, то мы ўжо даўно разам, ведаем, хто і чым можа дапамагчы нашаму класу. На першым бацькоўскім схо­дзе класны кіраўнік арга­нізавала для нас салодкі стол. Так мы бліжэй пазнаёміліся з ёй, а яна з намі. Мамы падтрымалі гэту ідэю, і цяпер усе бацькоўскія сходы праходзяць за круглым сталом з кавай і пірагамі, якія самі і пячом. Так, адной дружнай сям’ёй, і вырашаем усе пытанні. На апошнім сходзе вырашылі ўпрыгожыць да Новага года клас.

Таты прынеслі ў школу інструменты і прылады, пабудавалі казачную хатку на “курыных ножках”, паставілі ялінку. Мамы шылі і выразалі, а дзеці клеілі на вокны сняжынкі. Работа кіпела, усе працавалі дружна, весела, і позна ўвечары клас быў прыбраны. Цяпер усе прыходзяць палюбавацца гэтай прыгажосцю.

Вось такі ў нас клас: самы вясёлы, самы дружны, найлепшы ў свеце!

Ірына КУПРЭВІЧ,

ад імя бацькоў і вучняў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.