“Юный спасатель” гасціў у Паставах

Общество

IMG_8122

З вучнямі і настаўнікамі школ горада сустрэлася  выпускаючы рэдактар часопіса Святлана Ламавая.

Гэты часопіс дзеці і падлеткі любяць. Чытаюць яго дома, а на пазакласных занятках абмяр­коў­ваюць артыкулы. На працягу 10 гадоў ён быў газетай. З 2014-га змяніў фармат і сёння выходзіць на 24 старонках у поўным колеры. Дэвіз выдання — “Вучымся гуляючы”.

Адным з галоўных напрамкаў дзейнасці рэдакцыі з’яўляецца наладжванне зваротнай сувязі. Карэспандэнты праводзяць прэзентацыйныя мерапрыемствы, сустрэчы з чытачамі. Зала раённага Дома культуры па вуліцы Станкевіча гудзела як вулей. Да пачатку сустрэчы дзеці абмяр­коў­валі свае справы, а калі яна распачалася, актыўна ўключылі­ся ў гульнёвую праграму, прысвечаную бяспецы жыццядзейнасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, гульнях, дэманстравалі сваю сілу, хуткасць, спрыт, эрудыцыю — менавіта тыя якасці, якія, на іх думку, павінны мець сапраўдныя ратаўнікі.

Выконваючы ўмовы заданняў Святланы Ламавой, школьнікі стараліся ўсё рабіць на “выдатна”: кожны годна трымаў свое­асаблівы экзамен на ганаровае званне юнага ратаўніка. Дзеці паўтарылі падчас гульні правілы бяспечных паводзін дома, на вуліцы, у школе, алгарытм дзеянняў у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі. Усе ўдзельнікі конкурсаў былі ўзнагароджаны прызамі ад часопіса.

— Менавіта ў гульнёвай форме чытачы лепш засвойваюць і замацоўваюць веды па бяспецы жыццядзейнасці, — гаварыла Святлана Ламавая. — Іх прывабліваюць пазнавальныя публікацыі і шэраг гульнёвых заданняў. Прыемна, што многія спрабуюць пісаць нам, удзельнічаюць у шматлікіх конкурсах, якія арганізуем. А мы, журналісты, стараемся рабіць усё для таго, каб дзеці з нецярпеннем чакалі чарговага выпуску. У нас ёсць група ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, і адразу пасля выязнога мерапрыемства мы змяшчаем там фота­здымкі, каб удзельнікі конкурсаў маглі бачыць сябе на іх. У Паставы прыязджаем не першы раз, публіка тут актыўная, з аўдыторыяй прыемна працаваць. Журналісты часопіса цесна супрацоў­нічаюць з работнікамі Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і заўсёды знаходзяць узаемаразуменне і падтрымку, за што вельмі ўдзячныя.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.