З нябёсаў на зямлю

Правовое поле

Андрэй Гіль з Валерыем Баравіком.
Андрэй Гіль з Валерыем Баравіком.

Так Андрэй Гіль жартам ахарактарызаваў сваё працаўладкаванне ў органы пагранічнай службы пасля звальнення ў запас з Сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, дзе паўтара года праходзіў тэрміновую службу.

Калі вы думаеце, што ў гэтых словах трэба шукаць нейкі негатыўны падтэкст, то памыляецеся. Справа ў тым, што падчас службы яму сапраўды даводзілася ўзнімацца ў неба і скакаць з парашутам. Як напамін пра гэта на ваеннай форме хлопца побач з іншымі красуецца спецыяльны знак у выглядзе купала.

Пытаюся, ці прыемна ўсведамляць, што пашчасціла служыць у элітных радах войск.

— А як жа, — адказвае суразмоўца. — Каб трапіць у Сілы спецыяльных аперацый, трэба мець не толькі выдатнае здароўе, але і валодаць пэўнымі маральна-дзелавымі якасцямі. Гэта, а таксама якую цудоўную армейскую школу можна прайсці ў гэтых войсках, добра ведаюць ва ўсіх сілавых структурах краіны. Таму мяне літаральна засыпалі прапановамі, толькі з адной міліцыі іх было восем. Але я вырашыў вярнуцца дадому, зараз працаўладкоўваюся вадзіцелем кантрактнай службы на рэзервовую пагранічную заставу “Паставы”.  

Да тэрміновай службы Андрэй працаваў на льнозаво­дзе, паралельна вучыўся завочна ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Да гэтага скончыў Пастаўскі сельскагаспадарчы і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледжы. У армію юнак павінен быў пайсці восенню 2015-га, але з-за вялікага набору ў 5-ю асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння (Мар’іна Горка), куды яго адабралі, не трапіў. Андрэю прапанавалі альбо ісці служыць у іншую вайсковую часць, альбо чакаць сваёй чаргі яшчэ паўгода. Паразважаўшы, спыніўся на другім варыянце.

У 5-й брыгадзе быў вадзіцелем-электрыкам спецыя­лі­заванай радыёстанцыі. У яго абавязкі ўваходзіла прыбыць на месца, дапамагчы разгарнуць станцыю, падключыць яе да сілкавання, ахоўваць і абараняць аб’ект. Праз сем месяцаў Андрэя перавялі служыць у 38-ю асобную гвар­дзейскую венскую чырванасцяжную дэсантна-штурмавую брыгаду (Брэст). Тут прысвоілі званне “яфрэйтар” і назначылі старшым ва­дзіцелем нумара разліку. Прызнаецца, што спачатку было складана пераключыцца са спецыфікі радыёстанцыі на зенітную ўстаноўку, тым больш што на папярэднім месцы службы ўсе дзеянні былі выпрацаваны да аўтаматызму. Аднак у арміі афіцэры выдатна ведаюць, як якасна і за кароткі час навучыць той ці іншай справе, таму перанавучанне не заняло многа часу.

— Я чалавек таварыскі, хутка раззнаёміўся з новымі саслужыўцамі. У выніку набыў у два разы больш сяброў і знаёмых з усёй Беларусі, чым калі б служыў у адной часці. Прыблізна з паловай з іх рэгулярна маю зносіны і пасля звальнення ў запас, — працягваў Андрэй. — Не было ў нас і нестатутных узаемаадносін. Мяркую, у тым ліку  і таму, што распарадак дня быў распісаны па хвілінах і на ўсялякія глупствы проста не было часу.

Вялікая ўвага ў Сілах спецыяльных аперацый надавалася фізічнай падрыхтоўцы. Кожны дзень пачынаўся з размінкі на пляцы, затым — бег на дыстанцыю 2-5 кіламетраў, жым на брусах, падцягванне на турніках. У залежнасці ад раскладу на працягу дня — фізічныя заняткі, спартыўна-масавыя мерапрыемствы, рукапашны бой. А яшчэ шмат было камандзіровак, выездаў на стрэльбішчы і разнастайныя вучэнні — аўтамабіль, які быў замацаваны за Андрэем, амаль не стаяў у парку. За 11 месяцаў хлопец адкалясіў больш за 13 тысяч кіламетраў, неаднойчы заахвочваўся камандаваннем часці.

Цікаўлюся, што асабіста яму дала армія.

— Навучыла быць вынослівым, выпрацоўваць уласную тактыку паводзін у той ці іншай сітуацыі альбо прымяняць тую, што існуе ўжо не адно дзесяцігоддзе, умацавала сілавыя якасці, — адказвае. — Упэўнены, што служба пайшла мне толькі на карысць. Зараз нават не ўяўляю, што магло быць інакш.

Тое, што за час службы з Андрэем адбыліся відавочныя змены, адзначыў і начальнік групы прызыву на ваенную службу Валерый Баравік, які сцвярджае, што нават не пазнаў хлопца, калі той прыйшоў станавіцца на воінскі ўлік.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.