“Жыву цяперашнім. У мінулае не вяртаюся”


IMG_1880

Яго жыццё раздзелена на дзве палавіны: 22 гады да недарэчнага трагічнага здарэння і 17 — пасля яго, у выніку чаго застаўся інвалідам.

— Але я не вяртаюся ў думках у мінулае. Жыву цяперашнім, прымаю ўсё так, як ёсць, — гаварыў Аляксей Будзько з вёскі Дунілавічы.

Дарога да такога прымання была доўгай і цяжкай. Дарога пасля здарэння. А да гэтага жыццё складвалася бязвоблачна. Закончыў дзевяць класаў Дунілавіцкай школы і Пастаўскае прафтэхвучылішча. Захапляўся спортам, быў фізічна загартаваным, таму служыць трапіў у дэсантныя войскі. Дэмабілізаваўшыся, пайшоў служыць кантрактнікам на пагранічную заставу. Некалькі месяцаў вучобы ў Смаргонскім кіналагічным цэнтры — і водпуск. Квітнеў ліпень, спявала сэрца, хацелася хутчэй асядлаць матацыкл і з ветрыкам пракаціцца па знаёмых дарогах. Ды “Ява” чамусьці не заводзілася. Вырашыў зрабіць гэта са штуршка. І тут заклініла ручка газу. Зразумеўшы, што “Ява” сцягне яго ў канаву, якая была побач з домам, штурхануў яе ад сябе, але зачапіўся кішэнню штаноў за паваротнік. “Ява” пераляцела канаву, матацыкліст сарваўся з яе і пры падзенні зламаў пазваночнік.

Тры месяцы Аляксей правёў у Мінску, у ваенным шпіталі, перанёс складаную аперацыю. Начальнік неўралагічнага аддзялення сказаў: “Ты выжыў толькі таму, што быў на сто працэнтаў здаровы фізічна”. Але пры выпісцы яму было заяўлена з вайсковай праматой: “Твой дыягназ — калясачнік. І не вер нікому, хто абнадзеіць, што зможа паставіць на ногі. Вучыся жыць так”.

Ён навучыўся, але на гэта спатрэбіліся час і вялікая сіла волі. Як прызнаецца, два гады знаходзіўся ў найцяжэйшай дэпрэсіі. Страх перад будучым, сорам паказацца на людзях на калясцы. Крыўда на ўсіх і ўсё.

— Усялякае лезла ў галаву, — успамінае Аляксей Іванавіч. — Аднаго не было — думкі пра самагубства. Я разумеў, як цяжка маме і тату, хоць яны і стараліся не паказваць выгляду. А калі б наклаў на сябе рукі, як бы яны змаглі жыць? Пералом наступіў пасля гутаркі з настаяцелем варапаеўскай царквы айцом Георгіем, які наведаўся да нас дадому. “Слабым Бог такога выпрабавання не дае, а дае моцным. Значыць, яго трэба прайсці”, — гаварыў бацюшка. Паступова я стаў уваходзіць у новае жыццё.

Аляксея Будзько заўсёды падтрымлівалі камандаванне пагранзаставы і саслужыўцы. Перадавалі ў шпіталь найлепшыя лякарствы, званілі, праведвалі. Яму і зараз тэлефануюць тагачасныя начальнік пагранічнай заставы Паўлаў, яго намеснік Шалесны і начальнік пагранкамендатуры “Паставы” Арцюх, прыязджаюць былыя саслужыўцы. А ў Дунілавічах жыве неразлучны сябра са школьных гадоў Жэня Малюцін, з якім ён заўсёды на сувязі і які гатовы падтрымаць яго ў любы час сутак. Шмат дапамагаюць брат Вадзім і бацькі. Але прыходзі­лася яму сутыкацца і з іншымі праявамі. Суседзі па іх двухкватэрным доме шкадавалі кавалачка зямлі, які спатрэбіўся, каб узвесці прыбудову для зручнасці Аляксею, кагосьці больш за ўсё цікавіла, ці не паралізавала яго зусім, хтосьці выдаваў прагнозы, што сап’­ецца. Што толькі ні гаварылі.

— Ды ўсё гэта нішто ў параўнанні з тым, што бачыў на свае вочы, — узгадвае Аляксей. — У шпіталі побач са мной ляжаў пасля аварыі малады прапаршчык. І вось да яго прыйшла расфуфыраная жонка і прынесла заяву на скасаванне шлюбу, каб ён падпісаў яе. Як нож у спіну ўсадзіла чалавеку. І ён перастаў змагацца за жыццё, нават ад ежы адмовіўся. А праз дзесяць дзён памёр. Добра, што ў мяне няма ні жонкі, ні каханай дзяўчыны, думаў я тады. Не трэба перажываць здраду.

Але каханне не абмінула і яго. З Ірынай пазнаёміўся ў сацыяльных сетках, выпадкова зайшоўшы на яе старонку ў “Аднакласніках”. Спадабалася, пачалі перапісвацца. Праз месяц прапанаваў сустрэцца, але пра тое, што калясачнік, змоўчыў, баючыся адштурхнуць ад сябе. Ірына жыве ў Глыбокім, і ён прыехаў туды на машыне (Аляксей сам водзіць “Сітраен” і вельмі любіць калясіць па дарогах), запрасіў у салон. На пярэднім сядзенні ляжала складзеная інвалідная каляска, і Ірына ўсё зразумела.

Яны сустракаюцца ўжо год і плануюць пачаць сумеснае жыццё. Тармозяць жыллёвыя ўмовы. Бацькі Аляксея жывуць на другім паверсе, ён — у спецыяльна ўзве­дзенай для яго прыбудове, у якой адзін невялікі пакой, маленькая кухня і санвузел.

— З Ірынай мы равеснікі. Яна была замужам, але сямейнага шчасця не мела. Не знайшоў яго і я, сышоўшыся з дзяўчынай, на восем гадоў за мяне маладзейшай. Наш грама­дзянскі шлюб распаўся. Веру, што з Ірай усё атрымаецца. Па крайняй меры, зараз яна кажа, што нават не ўяўляла, што можна быць такой шчаслівай.

Мы яшчэ доўга гаварылі з Аляксеем пра жыццёвыя каштоўнасці і выпрабаванні, стаўленне да інвалідаў дзяржавы і грамадства, і ён зазначыў: “Я па жыцці заўсёды выступаю за сумленнасць і справядлівасць. Гэта падабаецца не ўсім, але як былы ваенны лінію сваю трымаю цвёрда. Вось і сёння кажу адкрыта, што інваліды ў нашай краіне павінны атрымліваць большую падтрымку — як маральную, так і матэрыяльную”. А на развітанне спытаў: “І што вы пра мяне напішаце? Я звычайны дунілавіцкі хлопец, які ўсім сэрцам пры­кіпеў да тутэйшых мясцін і які вельмі любіць жыццё”.

Упэўнена, што гэта і ёсць самае галоўнае — любіць жыццё і даражыць ім. Нягледзячы ні на якія выпрабаванні.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.