75 год Хатынскай трагедыі


Вучні Курапольскай СШ з Марыяй Іванаўнай Драбовіч ля помніка бязвінна загінулым жыхарам вёскі Баравыя.
Вучні Курапольскай СШ з Марыяй Іванаўнай Драбовіч ля помніка бязвінна загінулым жыхарам вёскі Баравыя.

Вялікая Айчынная вайна скончылася 72 гады назад, а памяць пра яе жыве да гэтага часу. І будзе жыць, пакуль мы будзем гаварыць пра загінулых на той вайне і шанаваць сваю гісторыю.

…Ішоў другі год вайны. Падчас карнай экспедыцыі восенню 1942 года гітлераўцы планавалі знішчыць партызан і адначасова “навесці парадак” сярод насельніцтва Браслаўскага, Шаркаўшчынскага і Пастаўскага раёнаў. Ім не ўдалося разграміць партызан, але яны знішчылі каля 3 тысяч мясцовага насельніцтва, разрабавалі і спалілі больш за 30 населеных пунктаў.

У вёсцы Баравыя Браслаўскага раёна жылі звычайныя людзі, якія працавалі на сваёй зямлі, цанілі і любілі жыццё. Але напрыканцы лістапада 1942 года вёску напаткаў трагічны лёс Хатыні: фашысцкія карнікі спалілі Баравыя разам з  жыхарамі.

Іосіф Шыман — адзіны, каму лёс падараваў жыццё ў той страшны лістападаўскі дзень. “Я быў з імі, чый попел знаходзіцца ў гэтай брацкай магіле, быў сведкам таго жудаснага злачынства фашысцкіх катаў, — апавядаў. — На досвітку ў Баравыя прыйшлі карнікі. Пад вечар, падыходзячы да гэтай вёскі, я не ведаў, што траплю ў пастку. І толькі перад самымі хатамі ўбачыў: Баравыя ачэпленыя фашыстамі. Але было ўжо позна. Мяне затрымалі і кінулі ў гумно. Лю­дзей там было набіта так, што не было дзе сесці. Ніхто  не ведаў, што нас чакала. Тры разы адчыняліся дзверы, і праз іх адно і тое ж пытанне: «Дзе два нашы салдаты? Хто ведае?» У адказ было маўчанне.

А дзясятай гадзіне вечара дзверы гумна адчынілі. Гарэлі вогнішчы. Наперадзе стаяла шарэнга салдат. З дулаў іх аўтаматаў на нас пазірала смерць. Групамі па 5-7 чалавек нас пачалі пераводзіць у суседняе гумно. Раз-пораз чуліся аўтаматныя чэргі. Вось-вось і мне загадаюць выходзіць. Вырашыў схавацца ў саломе. Скінуў ватоўку, залез пад сцірту.

У гумне заставалася ўсё менш і менш людзей. Нарэшце вывелі апошнюю групу. Дзверы зачыніліся. А хвілін праз пяць зноў увайшлі карнікі, асвяцілі ўсё гумно ліхтарамі. На зямлі чарнелася мая ватоўка. Адзін з салдат падышоў да саломы і чыркнуў запалкай.

Языкі полымя раслі.“Няўжо канец?” — прамільгнула ў галаве. Трэба было неадкладна дзейнічаць. У адным месцы ўжо запалаў дах. Перапоўзшы на другі бок, я заўважыў двух хлопцаў. Адзін выломваў дошку ў сцяне. Толькі праціснуліся, як пачулі крык немца і стрэлы. Хлопцы ўпалі мёртвыя. А я прабег метраў сто ў дымавым заслоне. А калі выбег з дыму, адразу застракатаў аўтамат. Кулі назойліва заціўкалі каля ног. Не паспеў упасці, як куля прашыла руку, і я паваліўся ў баразну. Непадалёк палалі гумны. З аднаго даносіліся енкі і плач жанчын і дзяцей. Доўга ляжаць я не мог, трэба было  адбегчы далей ад гэтага страшнага месца. Устаў і пабег да лесу, але куля трапі­ла ў нагу. Толькі цемра выратавала мне жыццё. І цяпер перад вачыма стаіць тая жудасная ноч, чуюцца апошнія крыкі людзей. Такое нельга забыць. Гэта і па іх лёсе тужліва звоняць сёння хатынскія званы”.

Мінула 75 гадоў з часу той трагедыі. 28 лістапада каля абеліска сабраліся вучні, настаўнікі Курапольскай базавай школы, старшыня Курапольскага сельскага Савета, каб ускласці кветкі, схіліць галовы, пакланіцца ахвярам вайны, землякам, спаленым мірным жыхарам вёскі Баравыя, яшчэ раз узгадаць пра лютае злачынства фашыстаў. Прысутнічала ў гэты дзень і Марыя Іванаўна Драбовіч, сведка тых трагічных падзей.

Марыі Іванаўне тады было 17. Жыла ў вёсцы Бірвіта — за шэсць кіламетраў ад Баравых, адкуль была яе маці. Бацьку і маці Марыі Іванаўны фашысты расстралялі ў Васілінах. Зараз ёй 92 гады, жыве ў адноўленых пасля вайны Баравых з унучкай і праўнукамі. Жанчына са слязамі на вачах расказала нам пра тую страшную лістападаўскую ноч 1942 года: як чырвонае зарыва палала і даносіліся жудасныя крыкі людзей, як назаўтра паехалі ў вёску і людзі галасілі па загінулых, як збіралі іх астанкі і хавалі ў адной магіле, а пазней сваімі сіламі на гэтым месцы ставілі помнік.

Кветкі да абеліска, хвіліна маўчання, боль і смутак у вачах і адзінае пытанне: за што?

Спаленыя жыхары беларускіх вёсак — наш вечны боль і смутак. Пракляцце фашызму! Няхай памяць пра ахвяры заўсёды нагадвае нам пра каштоўнасць міру і засцерагае будучыню, каб гэта ніколі не паўтарылася.

Наша задача сёння — захаванне гістарычнай пераемнасці пакаленняў, раз­віццё нацыянальнай культуры, патрыятычнае выхаванне і беражлівыя адносіны да гістарычнай і культурнай спадчыны нашага народа.

Аліна САВАСЦЬЯНАВА, вучаніца 9 класа Курапольскай базавай школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.