А выдаткі кладуцца на ЖКГ

Местная власть

910ccc2s-960

“З 1 студзеня мінулага года мы сталі плаціць за асвятленне дапаможных памяшканняў. Але ў снежні камунальшчыкі адключылі яго ў падвалах нашага 25-кватэрнага дома. На якой падставе?”

Са званка ў рэдакцыю.

Па тлумачэнне мы звярнуліся да начальніка жыллёва-эксплуатацыйнай службы УП ЖКГ Аляксандра Яўгеньевіча Касаткіна. І вось што пачулі ў адказ:

— Найперш скажу, што такое дапаможныя памяшканні. Гэта лесвічныя пляцоўкі і падвалы. Дык вось, жыхары дома самавольна правялі электраэнергію з цэнтральнага прахода кожны ў свой падвал. Яе нашы спецыялісты і адключылі, бо спажываемая такім чынам электраэнергія імі не аплачвалася, а выдаткі клаліся на УП ЖКГ. На агульным праходзе, як і патрабуецца тэхнічнымі нормамі, яна падключана.

Такая карціна не выключэнне. Раней не было такога жорсткага кантролю за выкарыстаннем электраэнергіі, як цяпер. Жыхары абуладкоўвалі свае падвалы так, як хацелі, праводзілі асвятленне, устанаўлівалі разеткі. У такіх падвалах даво­дзілася бачыць уключаныя халадзільнікі, млынкі для размолу зерня і іншыя бытавыя прыборы, якія працуюць ад электрычнасці, і яна абыходзілася людзям бясплатна, чаго быць не павінна. Не магу не ўзгадаць і такі факт. У адной з кватэр дома №14 па вуліцы Зялёнай у Паставах была адключана электраэнергія па прычыне вялікай няплаты за яе. Але вынаходлівыя гаспадары знайшлі выйсце — перакінулі ў кватэру провад ад пад’езднага асвятлення і бясплатна карысталіся электраэнергіяй, а спажываемыя імі кілаваты фіксаваліся агульнадамавым лічыльнікам.

Указам Прэзідэнта №107 ад 23 сакавіка мінулага года “Аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву” вызначаны гранічныя тарыфы на асноўныя віды жыллёва-камунальных паслуг, у тым ліку і месцаў агульнага карыстання — 3,3 кілават-гадзіны ў  месяц на аднаго чалавека. Да прыкладу, у доме пражывае 50 чалавек. Памнажаем гэту лічбу на тарыф і атрымліваем 165 кілават-гадзін. Максімальна за такую колькасць спажытай за месяц у дапаможных памяшканнях электраэнергіі і налічваецца плата на жыхароў. Прычым улічваюцца не толькі зарэгістраваныя, але і тыя, хто пражывае па дагаворы найму (за выключэннем дзяцей да сямі гадоў). Калі ў кватэры ніхто не зарэгістраваны і не пражывае, плата за асвятленне месцаў агульнага карыстання бярэцца зыходзячы з умоўнай колькасці грамадзян, якая вызначаецца шляхам дзялення агульнай плошчы памяшкання на 20. Напрыклад, уладальніку пустуючай кватэры плошчай 60 квадратных метраў давядзецца плаціць за трох чалавек.

Гранічны размер платы з аднаго чалавека — 39 капеек за месяц. Яна можа быць і меншай, калі жыхары паклапоцяцца пра эканомію. Але пакуль гэтага не назіраецца. Наадварот, устаноўленыя ў кожным шматкватэрным доме прыборы ўліку электраэнергіі паказваюць значна вышэйшыя лічбы, чым устаноўленыя. Прывяду некаторыя толькі за снежань мінулага года. Месячны ліміт спажывання электраэнергіі на лесвічных пляцоўках і ў падвальных памяшканнях перавышаны ў дамах па вуліцы Гайдара, 5, у райцэнтры на 60,5 кілават-гадзіны, Юбілейнай, 25, — на 394, Юбілейнай, 7, — на 217, Касманаўтаў, 22 (інтэрнат), — на 482, Зялёнай, 5 “А”, — на 936. Ёсць перавышэнне і па іншых дамах. А плаціць за ўсе гэтыя лішнія кілават-гадзіны УП  ЖКГ.

Менавіта па гэтай прычыне непасрэдныя спажыўцы электраэнергіі і не задумваюцца над тым, каб яе эканоміць. Але сітуацыю трэба карэнным чынам мяняць. Тым больш што ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №473 ад  31.12. 2017 г. гранічна дапушчальны тарыф з аднаго жыльца за асвятленне месцаў агульнага карыстання павышаецца і з 1 студзеня складае 46 капеек у месяц. Так што эканоміць давядзецца. Хацелася б, каб гэта стала клопатам не толькі  камунальшчыкаў, але і ўсіх жыхароў шматпавярховых дамоў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.