«Ад прадзедаў спакон вякоў…»


work_000376_

Больш даведацца пра родны край змаглі навучэнцы 10 і 11 класаў пастаўскай СШ №3, якіх 22 студзеня запрасілі ў дзіцячую бібліятэку імя У. Дубоўкі на мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю Віцебскай вобласці.

Удзельнікі мерапрыемства.
Удзельнікі мерапрыемства.

Этнаграфічную замалёўку “Віцебшчына старажытная” падрыхтавала бібліятэкар Л. Ф. Сяменас. Разам з Людмілай Францаўнай школьнікі здзейснілі невя­лікае падарожжа па Прыдзвінскім краі. Пачалося яно з гісторыі. Вядучая ўзгадала выгаднае геаграфічнае становішча краю на шляху “з варагаў у грэкі” і самыя старажытныя гарады — Віцебск і Полацк. На вялікім экране з дапамогай відэапраектара старшакласнікам прадэманстравалі карту сучаснай Віцебскай вобласці. А затым прапанавалі разгадаць крыжаванку з зашыфраванымі назвамі раённых цэнтраў Віцебшчыны і назваць вядомых культурных і грамадскіх дзеячаў, якія нарадзіліся ў Полацку. Узнагародай лепшым знаўцам гісторыі і геаграфіі сталі цукеркі.

Л.  Ф. Сяменас дэманструе элементы жаночага адзення.
Л.  Ф. Сяменас дэманструе элементы жаночага адзення.

Яшчэ больш паглыбіў у мінуўшчыну раздзел “Віцебшчына этна­графічная”. У ім навучэнцы даведаліся шмат новага і цікавага пра традыцыйны народны касцюм нашых продкаў, які з’яўляецца ўнікальным помнікам матэрыяльнай і духоўнай культуры. Людміла Францаўна наглядна прадэманстравала некаторыя элементы жаночага і мужчынскага адзення, якое насілі на Пастаўшчыне ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя: кашулю, спадніцу, фартух, камізэльку, пояс, світку, прадастаўленыя Цэнтрам культуры і народнай творчасці раёна. Расказала, з чаго яны шыліся, як упрыгожваліся, чым адрозніваліся ад народных строяў іншых рэгіёнаў Беларусі. На старажытных фотаздымках паказала астатнія элементы беларускага народнага касцюма, уключаючы галаўныя ўборы і абутак, і дастаткова падрабязна расказала пра іх.

У наступным раздзеле — “Віцебшчына літаратурная” — школьнікі прынялі ўдзел у віктарыне “Пазнай пісьменніка”. Паглядзеўшы на фотаздымкі, ім трэба было назваць імёны самых вядомых майстроў слова, якія нарадзіліся на тэрыторыі нашай вобласці і звязаны з ёй. Раздзел “Віцебшчына мастацкая” пазнаёміў са знакамітымі майстрамі пэндзля — ураджэнцамі Прыдзвінскага краю і тымі, хто пісаў тут свае кар­ціны. А два апошнія — “Віцебшчына архітэктурная” і “Віцебшчына азёрная” — прадэманстравалі велічнасць і непаўторнасць старажытных храмаў і іншых помнікаў архітэктуры, а таксама прыгажосць азёр, з-за вялікай колькасці якіх Беларусь часта называюць сінявокай. Завяршылася этна­графічная замалёўка яшчэ адной віктарынай. У ёй старшакласнікі павінны былі адказаць на пытанні па ўсіх старонках здзейсненага падарожжа.

Мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею вобласці, прайшлі і ў іншых бібліятэках раёна. Так, работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю пад назвай “Віцебшчына — блакітная жамчужына Беларусі”, Лынтупскай гарпасялковай — інфармдайджэст “Віцебшчына ў асобах”. Варапаеўскія бібліятэкары правялі з 8-класнікамі мясцовай школы краязнаўчы ўрок на тэму “Ці ведаеш ты Віцебскую вобласць?”. Валкоўскія прапанавалі сваім наведвальнікам адправіцца ў гісторыка-літаратурнае падарожжа “Да берагоў славутага Віцебска”, а ляхаўшчынскія запрасілі на краязнаўчую гадзіну “Віцебшчына родная мая”. На днях падобныя мерапрыемствы пройдуць у пастаўскай гарадской, Вярэнькаўскай, Казлоўшчынскай і Парыжскай сельскіх бібліятэках. Акрамя таго, ва ўсіх аформлены выставы “Віцебская вобласць: гісторыя, сучаснасць”, якія будуць дзейнічаць да канца года.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.