Амаль стагоддзе побач


Ветэраны ўстановы А. Б. Лук’яновіч, З. М. Аўласевіч, Л. С. Касарэўскі, Н. П. Ермалаева і Н. Д. Мярзлікіна.
Ветэраны ўстановы А. Б. Лук’яновіч, З. М. Аўласевіч, Л. С. Касарэўскі, Н. П. Ермалаева і Н. Д. Мярзлікіна.

Гэтыя навагоднія дні для ўсіх работнікаў ААТ “ААБ Беларусбанк” святочныя ўдвая: заўтра яны будуць адзначаць сваё прафесійнае свята, а зусім нядаўна, 26 снежня 2017-га, адзначылі 95-годдзе банка.

Ад ашчадных кас да буйной установы

Амаль стагоддзе Беларусбанк з’яўляецца для мільёнаў беларусаў сапраўдным сімвалам надзейнасці і стабільнасці, неад’емнай часткай банкаўскай сістэмы краіны. Ён мае багатыя традыцыі і рэпутацыю надзейнага партнёра, актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўных праграм, інвестыцыйных праектаў, ажыццяўляе крэдытаванне важнейшых галін прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, сацыяльнай сферы. Прыярытэтным напрамкам дзейнасці банка з’яўляецца абслугоўванне кліентаў. Практычна кожная беларуская сям’я карыстаецца яго паслугамі, таму Беларусбанк заслужана называюць народным.

Гісторыя ўстановы вядзе адлік з 26 снежня 1922 года, калі пастановай Савета Народных Камісараў РСФСР “Аб заснаванні дзяржаўных ашчадных кас” быў пакладзены пачатак ашчаднай справе ў савецкай Беларусі. Стварэнне ашчадных кас стала часткай новай эканамічнай палітыкі і грашовай рэформы 1922—1924 гадоў, а непасрэдная арганізацыя іх дзейнасці ўскладалася на Наркамат фінансаў СССР. 23 мая 1923 года ў Мінску была адкрыта Галоўная ашчадная каса №16, якая ажыццяўляла кіраўніцтва работай па стварэнні іх сеткі ў Беларусі. За няпоўныя два гады ў рэспубліцы было створана 219 ашчадных кас, а к 1933 году — больш за тысячу. Спачатку касы адкрываліся пераважна пры ўстановах Дзяржбанка і маглі прымаць уклады да запатрабавання, умоўныя і на бягучыя рахункі. У далейшым вялікае распаўсюджванне атрымала іх арганізацыя пры фінансавых органах, паштова-тэлеграфных, чыгуначных і іншых буйных прадпрыемствах і арганізацыях. Аднак паступальнае развіццё ашчаднай справы перарвала Вялікая Айчынная вайна.

Значнай вяхой у гісторыі ашчаднай справы стаў снежань 1947 года, калі была праведзена грашовая рэформа. Яна ярчэй паказала значэнне і ролю ашчадных кас, што садзейнічала іх росту, асабліва ў сельскай мясцовасці. Новы імпульс быў атрыманы ў 1962 годзе пасля перадачы сістэмы ашчадных кас у распараджэнне Дзяржаўнага банка СССР. Тады была распрацавана першая доўгатэрміновая праграма развіцця гэтай галіны.

У 1987 годзе Урад СССР правёў рэарганізацыю банкаўскай сістэмы, у рамках якой на базе дзяржаўных ашчадных кас быў створаны Ашчадны банк СССР, а ў яго складзе — Беларускі рэспубліканскі банк. У 1991 годзе пасля набыцця Рэспублікай Беларусь незалежнасці апошні атрымаў магчымасць самастойна вызначаць сваю крэдытна-фінансавую палітыку. 30 жніўня 1995 года Указам Прэзідэнта краіны №340 шляхам зліцця Ашчаднага банка і акцыянернага камерцыйнага банка “Беларусбанк” было арганізавана Адкрытае акцыянернае таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк”. Ужо тады па шэрагу важнейшых колькасных і якасных паказчыкаў ён заняў вядучае месца на фінансавым рынку рэспублікі.

На сучасным этапе ААБ “Беларусбанк” — найбуйнейшая ўніверсальная фінансава-крэдытная ўстанова, якая прапануе сваім кліентам больш за 100 відаў банкаўскіх паслуг і прадуктаў, у тым ліку па разлікова-касавым абслугоўванні, крэдытаванні, дэпазітных аперацыях, лізінгу, факторынгу, інкасацыі, міжнародных і міжбанкаўскіх разліках, валютна-абменных і канверсійных аперацыях, аперацыях з банкаўскімі картамі, кансалтынгавыя і дэпазітарныя паслугі. Сёння банк — гэта ўнікальная філіяльная сетка, якая ахоплівае ўсю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. У яго структуры 6 філіялаў—абласных упраўленняў, 23 філіялы, 101 Цэнтр банкаўскіх паслуг, 1489 аддзяленняў і 148 абменных пунктаў. У сістэме працуе каля 21 тысячы чалавек, якія штодзень увасабляюць у жыццё дэвіз: “Беларусбанк” засёды побач!”.

Спецыялісты аддзела карпаратыўнага бізнесу С. Р. Рымко і А. В. Шарынская.
Спецыялісты аддзела карпаратыўнага бізнесу С. Р. Рымко і А. В. Шарынская.

Стараюцца для кліентаў

Гісторыя Цэнтра банкаўскіх паслуг №230 філіяла №216 ААТ “ААБ Беларусбанк” у г. Паставы бярэ пачатак 17 кастрычніка 1944 года, калі была адкрыта першая ашчадная каса па вуліцы Чырвонаармейскай. Спачатку яна займалася толькі прыёмам і выдачай наяўных грашовых сродкаў з укладных рахункаў. Паступова ў практыку работы сталі ўводзіцца прыём плацяжоў, абмен валют, продаж аблігацый і іншыя аперацыі. На змену друкаваным машынкам і драўляным лічыльнікам прыйшлі калькулятары і камп’ютары, а з імі — інфармацыйныя тэхналогіі. У прыватнасці, такія паслугі, як SMS-банкінг, М-банкінг і інтэрнэт-банкінг, якія дазваляюць кліентам ажыццяўляць банкаўскія аперацыі седзячы дома за камп’ютарам або з дапамогай мабільнага тэлефона. Істотна змянілася і структура банка: з’явіліся новыя аддзелы і аддзяленні.

На сённяшні дзень ЦБП прадстаўлены 7 аддзяленнямі, 3 з якіх размешчаны ў Паставах (па вуліцах Чырвонаармейскай, 17 Верасня і Станкевіча) і 4 — у сельскай мясцовасці (у гарадскіх пасёлках Варапаева і Лынтупы, аграгарадках Дунілавічы і Камаі). Рэжым работы аддзяленняў максімальна набліжаны да патрэб насельніцтва рэгіёна. А 5 банкаматаў і 8 інфакіёскаў кругласутачна абслугоўваюць каля 21 тысячы трымальнікаў плацежных карт.

— Праз наш Цэнтр заработную плату атрымліваюць больш за 9 тысяч жыхароў раёна, больш за 4 тысячы карыстаюцца крэдытнымі паслугамі банка, у ім адкрыта звыш 2500 пенсійных рахункаў з выкарыстаннем банкаўскай плацежнай карты, — расказваў кіраўнік установы Леанід Леанідавіч Касарэўскі. — Банк ажыццяўляе разлікова-касавае абслугоўванне больш чым 400 юрыдычных асоб і інды­відуальных прадпрымальнікаў. Сярод яго кліентаў камерцыйныя прадпрыемствы дзяржаўнай і недзяржаўнай форм уласнасці, грамадскія і бюджэтныя арганізацыі, органы кіравання. Асноўную ўдзельную вагу ў структуры кліенцкай базы займаюць суб’екты малога і сярэдняга бізнесу. Ім мы аказваем увесь спектр паслуг, які ўключае разлікова-касавае абслугоўванне, актыўныя, міжнародныя і валютна-абменныя аперацыі, абслугоўванне па плацежных картах, сістэме “Кліент-банк WEB”, страхавыя паслугі, інкасацыю, эквайрынг. Акрамя таго, прадстаўнікам малога і сярэдняга бізнесу прадастаўляем крэдыты па льготнай стаўцы ад 7% гадавых.

З цягам часу мяняецца не толькі дзейнасць банка, але і ён сам. Пастаянна вядуцца будаўніцтва, рамонт і рэканструкцыя будынкаў Цэнтра банкаўскіх паслуг і аддзяленняў. Так, зараз ідзе рэканструкцыя будынка па вуліцы Юбілейнай, і ўжо праз некалькі месяцаў кліентам будуць прапанаваны новыя камфортныя ўмовы абслугоўвання. Для іх зручнасці будзе расшырана аперацыйная зала, створана больш адкрытых рабочых месцаў, укаранёна электронная чарга для ўпарадкавання кліентапатоку.

Адзінае, што працяглы час застаецца практычна нязменным, — гэта калектыў установы, вопытны і з’яднаны, створаны яшчэ былым дырэктарам Леанідам Сямёнавічам Касарэўскім, які амаль 30 гадоў кіраваў Беларусбанкам у Паставах. Сёння ў ім 58 супрацоўнікаў. Усе спецыялісты — прафесіяналы сваёй справы, адказна і добрасумленна адносяцца да выканання ўскладзеных на іх абавязкаў. І гэта адлюстроўваецца ў выніках работы. Цэнтр банкаўскіх паслуг №230 перыядычна займае прызавыя месцы ў спаборніцтвах рознага ўзроўню. Апошні прыклад — перамога ў рэспубліканскім спаборніцтве па выдачы банкаўскіх плацежных карт міжнароднай сістэмы MasterCard, якое праводзілася са жніўня па лістапад.

Нямала ў калектыве і ветэранаў.

— На заслужаным адпачынку зараз знаходзяцца 37 чалавек, — працягваў Л. Л. Касарэўскі. — Ад імя цяперашніх работнікаў хачу падзякаваць ім за ўсё, што было зроблена на працягу станаўлення і развіцця ашчаднай банкаўскай справы ў раёне. Нам застаецца падтрымліваць гэты ўзровень і развівацца далей. Удзячны таксама нашым кліентам, якімі вельмі даражым. Упэўнены, што і ў далейшым адносіны з імі будуць такімі ж даверлівымі і ўзаемавыгаднымі. Карыстаючыся магчымасцю, віншую ўсіх, хто працаваў і працуе ў Беларусбанку, кліентаў і дзелавых партнёраў з 95-годдзем установы, прафесійным святам і праваслаўнымі Калядамі! Жадаю моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, шчасця і дабрабыту.

Работнікі аддзела А. С. Гірстун, Г. Г. Шык, І. У. Гусараў (сядзяць), В. М. Пракаповіч, Г. П. Гузянкоў, С. С. Пішч, П. Р. Казакевіч, А. І. Гінько (стаяць).
Работнікі аддзела А. С. Гірстун, Г. Г. Шык, І. У. Гусараў (сядзяць), В. М. Пракаповіч, Г. П. Гузянкоў, С. С. Пішч, П. Р. Казакевіч, А. І. Гінько (стаяць).

Працуюць добрасумленна

Збор выручкі з аб’ектаў гандлю і сэрвісу, перавозка каштоўнасцей унутры раёна і за яго межамі, аказанне паслуг па перавозцы і захоўванню каштоўнасцей камерцыйным банкам — асноўнае, чым займаюцца работнікі інкасацыі. Яны аднымі з першых прыходзяць раніцай у Беларусбанк і апошнімі пакідаюць яго. Асабліва напружаныя святочныя і перадсвяточныя дні, а таксама выхадныя. Вось і ў гэтыя калядныя і навагоднія святы, калі большасць з нас адпачывалі, інкасатары добрасумленна выконвалі свае прафесійныя абавязкі.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.