Душа гадам не паддаецца

Личности

Ці магчыма такое, каб чалавек сам выбраў сабе дату нараджэння? Зразумела, што адказ на пытанне будзе адмоўным. Але пастаўчанка Таццяна Віктараўна Казакевіч — выключэнне з правілаў.

Яна з’явілася на свет у вёсцы Пруднікі Мядзельскага раёна зімой 1943-га, у самае ваеннае ліхалецце. Ніякіх афі­цыйных запісаў пра гэта не захавалася. А калі пасля заканчэння сямігодкі ў школу спатрэбілася пасведчанне аб нара­джэнні і яго сталі выпісваць у сельскім Савеце, папрасіла паставіць дату 2 лютага.

Гады пралятаюць хутка і, зразумела, не прыбаўляюць ні сіл, ні здароўя. Ня­гледзячы ні на што, у Таццяны  Віктараўны Казакевіч па-ранейшаму актыўная жыццёвая пазіцыя. На працягу 20 гадоў яна з’яўляецца ўдзельніцай хору ветэранаў. І тут дарэчы ўзгадаць, што спевамі і музыкай захапілася з дзявоцтва, падчас вучобы ў Полацкім педвучылішчы грала на домры, займалася ў вакальнай групе, а яе настаўнікам быў знакаміты кампазітар  Мікалай Пятрэнка. А якую  славу здабыў ансамбль народнай песні «Вітанне», створаны пры райаддзеле міліцыі ў тым ліку і па яе ініцыятыве! З 2009 года з’яўляецца старшынёй клуба “Памяць”. Гуртуе калектыў, вядзе дакументацыю, прадумвае сцэнарыі тэматычных канцэртаў, арганізуе святы. Кіраўнік і дырыжор хору Павел Пятровіч Рагіня і канцэртмайстар Аляксей Конанаў вельмі творча працуюць з хорам, і яго выступленні на раённай сцэне, у сельскіх установах культуры, школах заўсёды праходзяць на вышыні.

Не адно дзесяцігоддзе Т. В. Казакевіч супрацоўнічае з нашай газетай. Раней пісала на тэмы, якія датычылі яе міліцэйскай службы і работы ў Таварыстве выратавання на вадзе, зараз — пра калег па клубе “Памяць”. Нарэшце і ў  нас з’явілася нагода расказаць пра саму Таццяну Віктараўну, бо 2 лютага на яе жыццёвым календары — юбілейная дата. Не сумняваемся, што віншаванняў будзе шмат. Няхай не згубяцца сярод іх  і рэдакцыйныя пажаданні  здароўя, дабрабыту, даўгалецця і нязменных актыўнасці і творчасці.

Фаіна Касаткіна

Фота з сямейнага архіва Т. В. Казакевіч

Поўны матэрыял чытайце на 3-яй старонцы  № 8 газеты “Пастаўскі край” ад 31-га студзеня 2018 г.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.