Эйфарыя па-гуцку

Культура

IMG_9382

Ці хочацца вам час ад часу зімой збегчы з утульнай кватэры на прыроду, у месца, максімальна аддаленае ад гарадской мітусні?

Асабіста я зіму сёлета зачакалася. Так марыла пра лёгкі марозік, пушысты снег. Але не паспеў ён заслаць вуліцы, як на іх выехала тэхніка, расчысціла, падсыпала пясчана-солевай сумессю — і пачарнела, растала прыгажосць. Я ж люблю зіму вясковую: дрэвы апранутыя ў белыя футры, вуліцы чыстыя, белыя, пакрытыя мяккай снежнай коўдрай.

Ведаючы пра маю настальгію па адпачынку на ўлонні прыроды, знаёмыя вырашылі арганізаваць яго ў паляўнічым доміку ў Гуце. Летам бывала тут не раз. І часта, заплюшчваючы вочы, успамінала маляўнічасць мясцін, мноства кветак і дэкаратыўных насаджэнняў на тэрыторыі вакол паляўнічага доміка, цудоўны пірс, камфартабельныя пакоі.

Зімой у Гуце свая прыгажосць, якая бярэ душу ў палон бязмежным хараством, іскрыстымі сняжынкамі, што пераліваюцца на сонцы. Любавацца лесам і возерам можна праз панарамныя вокны доміка. Але лепш адчуць хруст снегу пад нагамі і падыхаць свежым марозным паветрам на вуліцы.

Занятак на прыродзе знойдзецца заўсёды. Вось і мы скарысталіся магчымасцю пакатацца на лыжах і санках, пагулялі ў снежкі, пасмажылі шашлык. Зімовыя забавы напаўняюць радасцю і весялосцю не толькі дзяцей, але і чалавека любога ўзросту.

Атрымліваюць тут задавальненне і аматары рыбнай лоўлі. Некаторыя ставяць палаткі прама на возеры. Рыбны “асартымент” шырокі. Галоўная ж “зорка” — шчупак. Пажадаеце — вам арганізуюць паляванне, індывідуальна або ў суправаджэнні егера.

А надыхаўшыся ўволю марозным паветрам, вярнуліся ва ўтульнае памяшканне. Для аздараўлення арганізма наведалі лазню з адменнай парай. Адпачыўшы, пагулялі ў більярд. Да паслуг гасцей усё, што можа спатрэбіцца для камфортнага пражывання: гарачае і халоднае водазабеспячэнне, халадзільнік, электрапліта, мікрахвалевая печ, электрачайнік, неабходны посуд, пакоі для начлегу. Непаўторны інтэр’­ер стварае ад­дзелка доміка дрэвам — экалагічна чыстым прыродным матэрыялам. Паляўнічы комплекс у Гуце — гэта спалучэнне заварожваючай прыгажосці прыроды і ўтульнага сучаснага дызайну. Тут зручна праводзіць розныя ўрачыстасці: вяселлі, юбілеі, карпаратывы. Ужо ёсць заказ на арэнду памяшкання напярэдадні сустрэчы выпускнікоў. Або можна проста сабрацца сям’ёй ці колам блізкіх сяброў і знаёмых, так як зрабілі гэта мы, і наталіцца спакоем і цішынёй прыроды. А вы назіралі калі-небудзь за зоркамі на небе ў марознае над­вор’е? Якая рамантыка!

IMG_1904

Асабіста мне час, праве­дзены ў гэтым маляўнічым месцы, у царстве белай каралевы Зімы, падарыў адчуванне сапраўднай зімовай казкі, дзе я атрымала зарад бадзёрасці і энергіі. Тут усё зачароўвала і захапляла. І цэны на такі адпачынак даступныя. Не адкладвайце ў доўгую скрыню магчымасць атрымаць пачуццё эйфарыі — адпраўляйцеся ў Гуту. Загадзя зарэзерваваць месца для адпачынку можна, патэлефанаваўшы вядучаму ін­жынеру паляўнічай гаспадаркі лясгаса Юрыю Антонавічу Ракелю на нумары: 8(033)337-27-27, 8(029)337-27-27, або напішыце яму на электронны адрас: 3372727@mail.ru.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.