Годна спраўляюцца з задачамі


В. Ю. Варашкевіч (сядзіць), І. В. Пінчук, М. С. Вежан і А. Я. Папова.
В. Ю. Варашкевіч (сядзіць), І. В. Пінчук, М. С. Вежан і А. Я. Папова.

Аддзел актыўных банкаўскіх аперацый — адзін з галоўных  у разлікова-касавым цэнтры №17 у г. Паставы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”. Ён займаецца крэдытаваннем юрыдычных асоб: прамысловых арганізацый і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, індывідуальных прадпрымальнікаў. Акрамя таго, фінансуе інвестыцыйныя праекты, выдае банкаўскія гарантыі, абслугоўвае замежныя крэдытныя лініі і інш.

За 2017 год работнікамі ад­дзела — а ў ім працуюць усяго чатыры чалавекі — заключаны 32 крэдытныя дагаворы з рознымі суб’ектамі гаспадарання і выдадзена адна банкаўская гарантыя. Самая буйная сума — 1,5 мільёна рублёў — пералічана ААТ “Навасёлкі-Лучай” на рэканструкцыю малочнатаварнай фермы. Актыўна крэдытуюцца ў Беларускім аграпрамысловым і іншыя сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. Яны бяруць грошы на набыццё мінеральных удабрэнняў, гаруча-змазачных матэрыялаў. У цэлым жа крэдытны партфель аддзела складаецца з 362 дагавораў, якія трэба абслужыць: своечасова прааналізаваць, налічыць працэнты, выставіць сумы да аплаты, праверыць заклады і г.д.

— Працаваць даводзіцца з вялікай колькасцю дакументаў, — расказвала выконваючая абавязкі начальніка аддзела Вікторыя Юр’еўна Варашкевіч. — Яны розныя, штогод мяняюцца, таму што выходзяць новыя інструкцыі як з нашага боку, так і з боку арганізацый. Трэба быць вельмі ўважлівым, сачыць за тым, каб усё было правільна аформлена, пераправяраць кожную лічбу ў паперах. Таксама мы аналізуем крэдыта- і плацежаздольнасць патэнцыяльных крэдытаатрымальнікаў, сочым за мэтавым выкарыстаннем выдадзеных грашовых сродкаў: выязджаем на месцы і глядзім, што суб’екты гаспадарання прадастаўляюць банку ў заклад, пабудавалі або набылі за крэдыт. Працуем і з праблемнай запазычанасцю сельскагаспадарчых арганізацый: аналізуем магчымыя шляхі яе пагашэння, прапануем кіраўнікам і галоўным бухгалтарам варыянты вырашэння праблемы.

Што і гаварыць, нагрузка на кожнага работніка калектыву вялікая. Невыпадкова многія, папрацаваўшы ў ім пару месяцаў, не вытрымалі і папрасілі кіраўніцтва банка перавесці іх у іншыя аддзелы або наогул пакінулі ўстанову. Тым больш добрых слоў заслугоўваюць тыя, хто застаўся. Гэта ў першую чаргу Іна Веніямінаўна Пінчук, якая адпрацавала ў ад­дзеле актыўных банкаўскіх аперацый 30 з лішнім гадоў і з’яўляецца суперпрафесіяналам. У 2014-ым прыйшла ў Белагра­прамбанк у якасці спецыяліста па крэдытаванні Вікторыя Варашкевіч. З першых дзён работы добра сябе зарэкамендавала. Таму не так даўно была назначана выконваючай абавязкі начальніка аддзела, а літаральна на днях паўнацэнна зойме пасаду. Марына Вежан і Анастасія Папова ў банку менш за год. Але таксама паспелі праявіць сябе з найлепшага боку, як і іх старэйшыя калегі, годна спраўляюцца з задачамі, якія стаяць перад установай.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.