І зімой нам спраў хапае


Юрый Чашун (у цэнтры) з аператарамі Аляксандрам Урбанайцем і Уладзімірам Савельевым.

Так сказаў галоўны ляснічы Старадворскага лясніцтва Юрый Юзэфавіч Чашун

Лес пачынаецца з шышкі

Нягледзячы на тое, што прырода знаходзіцца ў зімовай спячцы, работа ў лесе і сапраўды кіпіць. Зацішша і міжсезоння тут не бывае. Найперш леснікі збіраюць шышкі. Нарыхтоўка насеннага матэрыялу — працэс працаёмкі. Раней для гэтага арандавалі вышку. Цяпер збор вядуць у месцах высечкі сасны ці елкі.

Леснікі Сяргей Рубан і Аляксандр Пайлак.

Першыя шышкі з’яўляюцца на шаснаццацігадовай сасне і растуць два гады. Збіраць іх можна ад кастрычніка да канца сакавіка. Вясной пры цёплым надвор’і і сонцы адбываецца натуральная сушка, шышкі раскрываюцца, і насенне высыпаецца. А зімой і пры плюс 5 яны захоўваюць сваю вартасць.

Шышкі збіраюць у вёдры, затым высыпаюць у мяшкі і адпраўляюць у Глыбоцкі доследны лясгас. Там ёсць спецыяльнае абсталяванне па прагрэве, сушцы, апрацоўцы. У адной шышцы бывае прыкладна да 25 штук насення. З 10 кілаграмаў сасновых можна атрымаць толькі 100 грамаў насення.

У Старадворскім лясніцтве збіраюць і насенне вольхі чорнай. Пад яе адведзены спецыяльны ўчастак. Каб вырасціць кандыцыйную сасну, патрэбна больш за 100 гадоў, а вольха прыгодная для выкарыстання — праз 60. З яе вырабляюць мэблю, дзверы, ламінат.

З пачатку сезона старадворскія леснікі нарыхтавалі 600 кілаграмаў шышак з дрэў розных парод. А значыць, у будучым з іх вырастуць новыя лясы.

Знайсці па адрасе

Едзем па лесе, а Юрый Юзэфавіч перыядычна адказвае на тэлефонныя званкі, дае распараджэнні і тлумачэнні, куды адправіць тэхніку, з якога квартала вывозіць драўніну.

Славамір Палачанін і Павел Танана.

Аказваецца, патрэбны ўчастак у лесе можна знайсці па адрасе, дзе ўказаны квартал, выдзел, дзялянка. Адзін квартал ад іншага аддзяляюць прасекі. А ўсяго ў лясніцтве больш за 8 тысяч гектараў лесу. Клопат леснікоў —  даглядаць і ахоўваць яго ад браканьераў, пажараў (агонь не ўспыхвае сам па сабе — гэта вынік неасцярожнага абыходжання з ім чалавека, і як цяжка бывае яго патушыць), убіраць сухія, хворыя дрэвы. А ўвогуле пры любой высечцы на паляне пакі­даюць па некалькі найбольш каштоўных парод, насенне якіх вецер разносіць па лесе, і яно прарастае. Вясной і восенню вядуцца планавыя пасадкі. Хаця апошнім часам перавага аддаецца самазасеву. Гэта эканоміць значную частку фінансавых сродкаў.

Яшчэ адным са сродкаў эканоміі з’яўляецца будаўніцтва лясных дарог. Гра­війку ад адміністрацыйнага будынка ў напрамку Балаёў зрабілі ў 2009  годзе. Драўніну вывозяць на ўскраек лесу, адкуль яе забіраюць лесавозы. Абсталяваны і пад’­язныя шляхі (іх называюць вусамі). Ужо гатовы праект будаўніцтва яшчэ адной дарогі да ўчасткаў, дзе лес саспеў і праз пару гадоў пачнецца яго высечка. 

Мароз — памочнік у рабоце

Лясы Старадворскага лясніцтва размешчаны на забалочаных, падтопленых і цяжкадаступных участках. Летам да некаторых не даехаць. Таму зімы чакаюць з нецярпеннем. Але невялікія маразы кардынальным чынам сітуацыю не мяняюць. Каб глеба добра прамерзла, слупку тэрмометра трэба апусціцца да мінус 15.

— Ратуе сучасная тэхніка, — расказваў ляснічы. — Харвестар — самаходная машына, прызначаная для выканання ўсіх асноўных аперацый па лесанарыхтоўцы. Галоўнае назначэнне фарвардара — дасарціроўка, збор і пагрузка апрацаваных харвестарам лесаматэрыялаў, якія потым вывозяцца да месца складзіравання.

У той дзень у лясніцтве на харвестары працаваў Аляксандр Урбанайць. На спілоўванне дрэва траціцца менш за хвіліну. Затым машына імгненна абразае сукі, распілоўвае ствол на часткі, размер якіх устанаўлівае аператар, і складвае драўніну адпаведна яе прызначэнню: дзелавую, фанерную, на дровы. Сярэдняя прадукцыйнасць харвестара — 10 кубічных метраў лесу ў гадзіну. Пры суцэльнай высечцы — да 150 кубаметраў за дзень.

Уладзімір Савельеў прафесійна манеўраваў фарвардарам, падымальнасць якога — да 12 тон. За адзін рэйс можа вывезці прыкладна 20 кубоў.  Машына з цяжкасцю прабіраецца па балоце. Для лепшай праходнасці на заднія колы надзеты гусеніцы.

— Хлопцы — асы! — хваліць аператараў Ю. Ю. Чашун. — За змену комплексна нарыхтоўваюць да 300 кубаметраў драўніны. Гэта норма выпрацоўкі вальшчыка за месяц. А як прадукцыйна яны папрацавалі ў лясах Чэрвеньскага, Смалявіцкага і Салігорскага раёнаў, калі разбіралі бураломы і выразалі лес, пашкоджаны караедам! Адным словам, з’яўляюцца прыкладам для ўсіх.

— А нам прыемна працаваць з Юзэфавічам, — уступаюць у размову Аляксандр і Уладзімір. — Гэта ж сапраўдны гаспадар. Ніколі не ўзнікае ніякіх няўвязак, усё дакладна спланавана і прадугледжана. Таму і работа спорыцца. Яшчэ б большага марозу ў дапамогу — і працавалася б эфектыўней. Драўніна, нарыхтаваная зімой, больш якасная. І тэхніцы лягчэй на прамерзлай зямлі. А пакуль нярэдка даво­дзіцца буксаваць.

Напярэдадні Каляд і Новага года старадворскія леснікі, як і з іншых лясніцтваў, займаліся нарыхтоўкай елачак. Падбіралі неперспектыўныя для будучай вытворчасці дрэўцы і ў той жа час  каб радавалі прыгажосцю гаспадароў кватэр. Рэалізоўвалі ў лясніцтве, ля адміністрацыйнага будынка лясгаса, падчас выязных кірмашоў у райцэнтры.

Цяпер працягваюцца выбарачныя са­нітарныя высечкі, уборка захламленых тэрыторый і прыдарожных палос. Зімовы светлавы дзень кароткі, а спраў хапае.

Працавітымі людзьмі моцнае

Старадворскае ляс­ніцтва — адно з перадавых у лясгасе. Пазіцыі трымае дзякуючы кампетэнтным спецыялістам, якія добрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі, і працавітым леснікам, механізатарам, вальшчыкам лесу. Іх работа карпатлівая і паслядоўная: яны садзяць лес, даглядаюць яго і ахоўваюць, нарыхтоўваюць.

Самы гарачы час — з вясны да позняй восені, калі найчасцей здараюцца ўзгаранні, ды і працаваць спякотай надзвычай цяжка. Дакучаюць камары і іншыя насякомыя.

Больш за ўсе поры года леснікі любяць зіму: у лесе цішыня і прыгажосць, толькі звонкі гул пілы разносіцца па наваколлі. Стаміўшыся, можна пагрэцца і паабедаць у вагончыках, якія размяшчаюцца побач з высечкамі.

— Людзі ідуць у лес адпачываць, а мы — на работу, — гаварыў Ю. Ю. Чашун. — У нашай галіне падоўгу працуюць толькі тыя, хто па-сапраўднаму любіць лес. Сярод іх варта адзначыць вальшчыкаў лесу Славаміра Палачаніна і Паўла Танану, які ў лясніцтве працуе ледзь не з дня яго заснавання, леснікоў Андрэя Мурзіча, Сяргея Рубана, Аляксандра Пайлака, Анатолія Далжонка, трактарыста па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Ула­дзіміра Мядзелку, машыніста тралёвачнай машыны Аляксандра Церлюка, вадзіцеля Сяргея Танану, маладога лесніка Аляксандра Дзехцяронка, майго памочніка Віталія Альхімёнка, майстроў лесу Аляксея Дашкевіча і Віялету Місун. Добрых слоў за­слу­гоўваюць і ін­шыя члены калектыву. Менавіта іх сіламі ў лясніцтве праводзіцца поўны ком­плекс лесаахоўных і лесааднаўленчых работ.

 Анна АНІШКЕВІЧ

 Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.