Карагод гасцей і падарункаў

Общество

IMG_5190

З 11 снежня ў рэспубліцы праходзіць навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Актыўна ўключыліся ў яе прадстаўнікі раённай выканаўчай улады, грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Пастаўшчыны, іншыя неабыякавыя людзі. У полі іх асаблівай увагі аказаліся дзеці, якія выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх ­сем’ях, трапілі ў сацыяльны прытулак або бальніцу.

Прымаць гасцей з падарункамі ў Сацыяльна-педагагічным цэнтры раёна пачалі задоўга да Новага года. Першымі сюды наведаліся прадстаўнікі ваеннага шпіталя. Яны парадавалі дзяцей з прытулку СПЦ білетамі ў мінскі цырк, паходам у “Макдоналдс” і салодкімі сюрпрызамі. Эстафету добрых спраў прадоўжылі навучэнцы гімназіі і работнікі лясгаса — апошнія падарылі і ўстанавілі ў актавай зале цэнтра жывую елку. Пастаўчанкі Таццяна Сідаровіч і Людміла Курыловіч, прадпрымальнікі рынку “Гарызонт” прывезлі кухонны камбайн “Бош”, дзіцячае адзенне, гульні, школьныя прылады, фрукты і цукеркі. А гаспадар цырульні “Жамчужына” Сяргей Грыбаў запрасіў выхаванцаў установы ў свой салон, дзе ім бясплатна зрабілі стрыжкі.

27 снежня ў прытулку адбыўся першы навагодні ранішнік, на які прыйшлі дырэктар і работнікі Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва, супрацоўнікі райваенкамата, прадстаўнікі лясгаса і кампаніі “Фаберлік”. Калектывам ТЦСАН было арганізавана прадстаўленне для дзяцей і падрыхтаваны сувеніры для іх. Астатнія наведвальнікі прынеслі спартыўны інвентар, адзенне, сродкі гігіены, цацкі і гульні.

Яшчэ больш гасцей установа прымала 29 снежня. Павіншаваць 12 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 3 да 13 гадоў з Новым годам і падарыць ім адчуванне свята завіталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С. Р. Зямчонак, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Кісялёў, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкая і раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу А. А. Філімонаў, кіраўніцтва і работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ваеннага шпіталя, РАУС, Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы, Беларусбанка, заводаў “Беліт”, малочнага і “Паставымэбля”, УП ЖКГ і райкама БРСМ. Прыйшлі таксама бацькі дзетак, змешчаных у прытулак.

— У Новы год мы заўсёды чакаем свята і чараўніцтва, — адзначыў Юрый Мікалаевіч Кісялёў. — Асабліва гэта важна для дзяцей, якія вераць у казку і цуд. А іх ствараюць дарослыя. Хачу звярнуцца да прысутных татаў і мам: зрабіце для сваіх малых цуд, сагрэйце іх любоўю і ласкай, стварыце камфортныя ўмовы для жыцця. А мы дапаможам вам у гэтым.

Прадстаўнік раённай улады падзякаваў работнікам прытулку за тое, што стараюцца замяніць сям’ю дзецям, якія аказаліся ў казённых сценах, дэпутату і кіраўнікам названых вышэй арганізацый і прадпрыемстваў — за праяўленую ўвагу да пакрыўджаных лёсам маленькіх пастаўчан, пажадаў усім шчасця, дабрабыту і апекі анёла-ахоўніка. З пажаданнямі ажыццяўлення ўсіх мар, хутчэй вярнуцца ў свае біялагічныя сем’і, вырасці добрымі людзьмі і знайсці сябе ў жыцці да выхаванцаў установы звярнуўся С. Р. Зямчонак. Сяргей Рычардавіч выступіў у ролі чараўніка, які прывёз з казачнай Лапландыі падарункі, заказаныя дзецьмі ў пісьмах Дзеду Марозу. А даставіць іх дапамаглі прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Дзякуючы ім, істотна палепшылася і матэрыяльна-тэх­нічная база Сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Так, напрыклад, завод “Паставымэбля” падарыў установе мэблю для класа самападрыхтоўкі.

Ну, а які Новы год без Дзеда Мароза і Снягуркі, карагодаў вакол ёлкі і вясёлых гульняў? Пра гэта паклапаціліся работнікі раённага Дома культуры, падрыхтаваўшы цікавае прадстаўленне з удзелам Бабы Ягі, клоўна і бонсціка Зябы. Трэба было бачыць, з якой радасцю сустракалі дзеці казачных персанажаў, як старанна чыталі вершы ля ёлкі, колькі захаплення было ў кожнага, хто адкрываў уручаны яму пакет з падарункам! У сваю чаргу гаспадары паднеслі ў знак удзячнасці гасцям невялікія сувеніры.

Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.