На ахове здароўя пагранічнікаў і пастаўчан

Личности

IMG_9224

14 студзеня споўнілася 24 гады з дня адкрыцця ў Паставах 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

У чарговы дзень нараджэння

З гэтай нагоды ў мінулую пятніцу ў раённым Доме культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства. На яго сабраліся работнікі і ветэраны шпіталя, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці горада, удзячныя пацыенты. Прыехалі высокія госці. Сярод іх намеснік Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёр С. І. Новікаў, начальнік ваенна-медыцынскага аддзела пагранкамітэта палкоўнік медыцынскай службы А. А. Чабатароў, намеснік старшыні рэспублiкан­скага савета грамадскага аб’яднання  «Беларускi саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы» В. Л. Нікулін. Усе яны адзначылі шырокі спектр паслуг, якія аказваюць у шпіталі, цёпла і пранікнёна гаварылі пра калектыў.

Лаўрэаты звання “Лепшы спецыяліст вайсковай часці 1236” з намеснікам Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёрам С. І. Новікавым.
Лаўрэаты звання “Лепшы спецыяліст вайсковай часці 1236” з намеснікам Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёрам С. І. Новікавым.

Ад імя Старшыні пагранкамітэта Беларусі Анатолія Пятровіча Лапо Сяргей Ігнатавіч Новікаў уручыў начальніку шпіталя палкоўніку медыцынскай службы С. Д. Півеню пашпарт на маразільную камеру. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў медыкаў па­віншавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г. М. Чаплінская. Яна ўручыла Ганаровую грамату райвыканкама начальніку стаматалагічнага аддзялення В. А. Кісель і Па­дзяку старшыні райвыканкама — начальніку санітарна-эпідэміялагічнага аддзялення капітану медыцынскай службы А. В. Храпавіцкаму. Ветэраны шпіталя атрымалі граматы, падзякі, медалі з рук В. Л. Нікуліна. Павіншаваць калег прыйшлі галоўныя ўрачы Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы У. М. Чакавы і абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Ветразь” С. Ю. Петухоў.

На свяце былі агучаны вынікі работы за 2017 год. Звання “Лепшы спецыяліст вайсковай часці 1236”  удастоіліся начальнікі тэрапеўтычнага і фiзiятэрапеўтычнага аддзяленняў Л. І. Скіпар і Т. Ф. Януковіч, старшы ўрач-уролаг хірургічнага аддзялення А. Л. Гулікаў, старшы фельчар-лабарант клініка-дыягнастычнай лабараторыі Т. Л. Нафрановіч, медыцынская сястра працэдурнага кабінета хірургічнага аддзялення Н. А. Арбузава, сястра-гаспадыня неўралагічнага аддзялення А. Я. Соўка, малодшая медыцынская сястра па доглядзе  хворых бактэрыялагічнага аддзялення санітарна-эпідэміялагічнага атрада І. Э. Галяк, вадзіцель аўтамабіля перасоўнага флюараграфічнага кабінета аддзялення дыспансерызацыі Г. Р. Пяткоўскі, электрагазазваршчык камунальнай гаспадаркі групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння І. В. Лохан, рабочая сталовай Н. Я. Тараскевіч, вядучы эканаміст фінансавага аддзялення М. Э. Раманёк. 61 чалавеку аб’яўлена Падзяка начальніка шпіталя, 8-мі ўручаны граматы, грашовыя прэмii атрымалi 24 супрацоўнiкi.

Ветэраны шпіталя.
Ветэраны шпіталя.

За шматгадовае добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у вырашэнне задач, якія стаяць перад органамі пагранічнай службы, актыўны і рэзультатыўны ўдзел у грамадскім жыцці на Дошку гонару шпіталя занесены начальнік тэрапеўтычнага аддзялення Лілія Іванаўна Скіпар, начальнік аперацыйнага блока хірургічнага аддзялення Сяргей Іванавіч Дзедуноў і ветэран працы Валерый Зіноўевіч Александроў.

Службу закончыла, работу не пакінула

Яшчэ адным кранальным момантам свята сталі провады на заслужаны адпачынак падпалкоўніка медыцынскай службы ўрача-тэрапеўта Ліліі Іванаўны Скіпар. На службу ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях яна прызвалася ў 1997 годзе. З 2 лютага 2003-га ў званні капітана медыцынскай службы перавялася ў 1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы на пасаду старшага ўра­ча-ардынатара тэрапеўтычнага аддзялення. Праз 10 гадоў узначаліла яго.

IMG_9195

Лілію Іванаўну вызначаюць высокі прафесіяналізм, вытрымка, пільнасць, дабрыня. Яна з’яўляецца прыкладам сумленнасці і працавітасці. Павагу і аўтарытэт сярод калег і пацыентаў заслужыла чалавечнасцю, душэўнасцю, гатоўнасцю неадкладна прыйсці  на дапамогу. Яе старанне ў справе захавання і ўмацавання здароўя абаронцаў Айчыны ацэнены высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, сярод якіх медаль “За бездакорную службу” II і III ступеняў, нагрудны знак  “Выдатнік пагранічных войск” I і II ступеняў і іншыя. Падзяку Старшыні пагра­нічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Л. І. Скіпар уручыў генерал-маёр С. І. Новікаў. Са словамі ўдзячнасці да яе звярнуліся начальнік шпіталя палкоўнік С. Д. Півень, старшыня савета афіцэрскага сходу падпалкоўнік Р. А. Рахметулаў, работнікі тэрапеўтычнага аддзялення. А афіцэры шпіталя хорам выканалі для сваёй калегі пес­ню “Афіцэрскае жыц­­цё”. Лілія Іванаўна закончыла ваенную службу, але не пакінула работу, яна засталася ў родным аддзяленні  працаваць урачом-тэрапеўтам.

Завяршыўся 24-ы дзень нараджэння шпіталя канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі аркестр Полацкага пагранічнага атрада органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь разам з лаўрэатамі 11 і 12 фестываляў “Галасы граніцы” Паўлам Сляпцовым і Раісай Сцяпанавай, а таксама ансамблем беларускай песні “Нявіда”.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.