Набылі пакупкі — атрымалі падарункі


Г. А. Леўкавец уручае мікрахвалевую печ В. Макаранка.
Г. А. Леўкавец уручае мікрахвалевую печ В. Макаранка.

Напярэдадні старога Новага года ва ўніверсаме “Родны кут” па вуліцы Савецкай адбылося традыцыйнае ўручэнне падарункаў найбольш актыўным пакупнікам гэтага магазіна, а таксама ўніверсамаў “Цэнтральны” і “Юбілейны”.

Уладальнікаў дысконтных картачак, якія па выніках мінулага года набылі ў названых гандлёвых кропках тавараў на суму ад дзвюх з паловай тысяч рублёў і больш, вызначыў камп’­ютар. Такіх шчасліўчыкаў аказалася 24 чалавекі. Яны і прымалі віншаванні і падарункі ад кіраўніцтва праўлення райспажыўтаварыства, а таксама Дзеда Мароза, які спецыяльна з гэтай нагоды завітаў на “агеньчык”.

 Галоўны прыз — скутар — разыгрываўся тры гады запар, але свайго ўладальніка “жалезны конь” знайшоў толькі сёлета. Чаму? Адказ просты — да гэтага часу ніхто не мог набыць тавараў на неабходную суму. Нарэшце зрабіць гэта ўдалося Алегу Сакалоўскаму, які амаль штодня затаварваецца ў “Родным куце”. Дарэчы, у той дзень у яго была яшчэ адна радасць — мужчына забраў з бальніцы жонку з нованароджанай дачушкай.

Алег Сакалоўскі з сынам Уладам і выйграным скутарам.
Алег Сакалоўскі з сынам Уладам і выйграным скутарам.

— За розыгрышамі наша сям’я не гоніцца, таму наведваем найбліжэйшы ад дома магазін. Кожны дзень пасля работы заязджаю сюды набыць прадукты харчавання. Задавальняюць і якасць тавараў, і абслугоўванне, — дзяліўся пераможца. — Вельмі прыемна было атрымліваць падарунак, дзякуй кіраўніцтву райспажыўтаварыства. Пойдзем на рэкорд (усміхаецца. Летась сям’я Сакалоўскіх выйграла халадзільнік, — аўт.).

Халадзільнік на гэты раз дастаўся Людміле Сямёнавай. У “Цэнтральным” і “Родным куце” яна набыла тавараў на суму 5275 рублёў. Мікрахвалевыя печы атрымалі Юлія Галяк, Вікторыя Макаранка і Андрэй Хіневіч, мультыварку — Андрэй Цапелік, Уладзімір Чараўко, Зоя Шчалкун. Яшчэ дзесяць чалалавек заахвочаны чайнікамі, шэсць — падарункавымі наборамі.

— Шчасця, дабрабыту, добрага настрою! Заставайцеся і надалей нашымі пастаяннымі пакупнікамі. А мы ў сваю чаргу будзем клапаціцца, каб якасць нашых тавараў і паслуг узрастала, — падсумаваў старшыня праўлення райспажыўтаварыства Грыгорый Арсенцьевіч Леўкавец.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.