Прайшоў праз многія пакуты

Общество

3652ee379759dc98cc4b46a9a5290915

У кожнага ветэрана вайны свая біяграфія. Але ўсіх аб’ядноўвае адно: праз неймаверныя выпрабаванні яны неслі нам святое слова “Перамога”. Кожны заслугоўвае таго, каб пра яго ведалі нашчадкі. На жаль, гэта амаль немагчыма. Нават кніга “Памяць. Пастаўскі раён” утрымлівае звесткі толькі пра частку нашых пераможцаў. Таму пры любой магчымасці стараюся  расказаць пра тых, пра каго нідзе не паведамлялася. Для гэтага выкарыстоўваю ўспаміны ветэранаў вайны, якія захоўваюцца ў нашым школьным музеі.

Пра Мікалая Іосіфавіча Чарэнку кніга “Памяць” не паведамляе. Нарадзіўся ён у 1921 годзе ў вёсцы Логавінцы, што каля Юнек. Маладосць апаліла вайна. Раён быў акупіраваны ўжо ў пачатку ліпеня 1941-га. Таму мабілізацыя на фронт у гэты час на нашай тэрыторыі не праводзілася. Гэтым скарысталіся захопнікі. Яны масава адпраўлялі ў эшалонах у Германію маладую рабочую сілу.

У 1943 годзе Мікалая Іосіфавіча напаткаў лёс вязня — трапіў у канцэнтрацыйны лагер «Дахау» каля Мюнхена. Праз усё жыццё пранёс свой лагерны нумар 270. Узгадваў, што вельмі хацелася жыць, а дакладней кажучы, выжыць. Праўда, калі бачыў усе жахі канцлагера, надзея на жыццё заставалася вельмі слабая. У красавіку 1944 года частку вязняў, у тым ліку і Мікалая Чарэнку, павезлі ў бок Берліна. Праца на вуліцах Берліна здавалася раем. У чэрвені 1944-га вязняў перамясцілі на тэрыторыю Літвы на будаўніцтва абарончых умацаванняў. Мікалай Чарэнка быў у гэтай групе.

Літва… Адсюль так блізка да роднай Беларусі. Маладых хлопцаў цяжка ўтрымаць у няволі. І Мікалай з групай сяброў уцякае з палону. Гэта зараз кіраўніцтва суседняй Літвы пераглядвае ўрокі Вялікай Айчыннай. А ў гады вайны Літва была адной з шаснаццаці рэспублік СССР, на якую напаў вораг. Простыя людзі памятаюць пра гэта і зараз. І ў той час уцекачоў на працягу двух месяцаў надзейна хавалі добразычлівыя літоўцы.

У аперацыі “Баграціён” удзельнічалі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы — І. Х. Баграмян). Пасля таго, як яны вызвалілі значную частку Беларусі, у тым ліку і Пастаўшчыну, накіраваліся ў Прыбалтыку. 14 кастрычніка 1944 года Мікалай Чарэнка і яго сябры на вызваленай тэрыторыі былі прызваны ў Чырвоную Армію (9-ы запасны полк). Прымаў удзел у баях пад літоўскім Шаўляем, Кё­нігсбергам (Усходняя Прусія). 27 студзеня 1945 года атрымаў цяжкую кантузію, два месяцы лячыўся ў шпіталі ў Каўнасе. Падчас баёў пад Фішгаўзенам М. Чарэнку прысвоілі званне сяржанта і назначылі камандзірам аддзялення кулямётчыкаў. З 20 мая 1945-га М. Чарэнка ў складзе 2-га Забайкальскага фронту служыў на Далёкім Усходзе і ў Манголіі. З баямі дайшоў да Пхеньяна — будучай сталіцы КНДР (Паўночная Карэя).

Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны М. Чарэнка служыў у пагранічных войсках у Маньчжурыі (Порт-Артур), дзе выконваў абавязкі памочніка начальніка заставы. Дэмабілізаваўся толькі ў 1946 годзе.

Вярнуўшыся дадому, працаваў у калгасе “Сцяг Перамогі”, у тым ліку ў будаўнічай брыгадзе. На заслужаны адпачынак выйшаў у 1981-ым, быў інвалідам ІІ групы. Узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”. Падчас сустрэч з вучнямі Мікалай Іосіфавіч не раз распавядаў пра ўдзел у Другой сусветнай вайне, страшную самаахвярнасць камікадзэ (смертнікаў), узгадваў шматлікія эпі­зоды.

…Усе рыхтаваліся адзначыць 65-ю гадавіну Вялікай Перамогі. А мясцовыя ветэраны вайны неслі кветкі на магілу свайго сябра Мікалая Чарэнкі. Памёр ён 6 мая 2010 года. Памяць пра такіх людзей, як М. І. Чарэнка, павінна жыць.

Выказваю шчырую ўдзячнасць за дапамогу жонцы Мікалая Іосіфавіча — Марыі Фамінічне, яго аднавяскоўцу і вядомаму на Пастаўшчыне чалавеку Пятру Міхайлавічу Розынку.

Рэгіна ЛАСТОЎСКАЯ, кіраўнік музея

баявой і працоўнай славы СШ №2.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.