Прыемна прыносіць людзям карысць

Общество

«Напішыце пра прыёмшчыцу заказаў Хацілаўскага комплекснага прыёмнага пункта Марыну Адамаўну Кавалёнак, — звярнулася дырэктар райбыткамбіната Ларыса Віктараўна Федарэнка. — Вельмі старанная, адказная, творчая, ініцыятыўная. Па выніках работы за мінулы год КПП заняў першае месца сярод аднатыпных падраздзяленняў».

Калі два гады таму кіраўніцтва райбыткамбіната прапанавала Марыне такую пасаду, згадзілася без ваганняў, бо мела практыку аналагічнай работы ў Казянах. А яшчэ раней закончыла Віцебскае вучы­лішча швейнікаў па спецыяльнасці “Раскройшчык 4-га разраду, швачка 3-га разраду”, працавала на фабрыцы “Сцяг індустрыялізацыі” ў абласным цэнтры, на прыватным швейным прадпрыемстве ў Горках Магілёўскай вобласці.

У 2011-м сям’я Кавалёнак пераехала з Казян у Паставы. Марына ўладкавалася ў швейны цэх райбыткамбіната, але па прычыне хваробы малодшага сына праз год вымушана была звольніцца. І вось прадставілася магчымасць праявіць сябе ў іншай якасці.

Яе рабочы дзень няпоўны — з 9 да 13 гадзін. Але і за гэты час паспявае многае. Калі ўлічыць, што некалькі гадоў КПП увогуле не працаваў у Хацілах, то цяперашняй зручнасцю  вяскоўцы карыстаюцца  асабліва ахвотна. Ім не трэба дабірацца ў Паставы, каб здаць у рамонт ­адзенне, абутак, памыць куртку, штосьці пашыць або атрымаць іншую бытавую паслугу.

 — Заказы прымаем не толькі на пункце, — расказвала Марына Адамаўна. — Два разы ў месяц  адпраўляюся на райбыткамбінатаўскай машыне па вёсках Ярэўскага сельсавета. Людзі ведаюць графік выезду і звяртаюцца. Прыняўшы заказы, прасцейшыя выконваю на пункце, а больш складаныя перадаю ў РКБА, дзе шырэйшыя тэхнічныя магчымасці і больш кваліфікаваныя спецыялісты. А ў Хацілы прыязджаюць майстры-цырульнікі, каб зрабіць жанчынам прычоскі, стрыж­кі, меліраванне. Ахвотна прыходзяць падстрыгацца і мужчыны. Заўсёды адчуваю падтрымку дырэктара райбыткамбіната Ларысы Віктараўны Федарэнка і загадчыцы швейнага атэлье Кацярыны Анатольеўны Казловай.

На вітрыне ў пакоі комплекснага прыёмнага  пункта акуратна выкла­дзены ўзоры рэчаў, выраб якіх можна заказаць. Гэта мужчынскае і жаночае ­адзенне, пасцельная бялізна, падушкі, коўдры, пакрывалы, кухонныя прылады, рукавіцы і іншае. Прапануе КПП і рытуальныя тавары.

— Мне вельмі падабаецца работа, — гаварыла Марына Адамаўна. — Прыемна прыносіць людзям карысць. Яны прыходзяць да мяне з адкрытай душой, дзеляцца сваімі радасцямі і трывогамі. А ў якім прыгожым месцы размешчаны пункт! Якія ля яго бярозы ды ліпы!

І ні слова не чую ад яе пра цяжкасці, якія, вядома ж, ёсць. Галоўная ў тым, што КПП размешчаны ў недабудаваным будынку, зімой у памяшканні холадна, адзін пакой увогуле даво­дзіцца часова закрываць. Ды і на працу трэба дабірацца пехатой, а гэта два з паловай кіламетры ад Пастаў. У любое над­вор’е. Але нішто не перашкаджае дабівацца поспехаў.

Мінулы год найлепшым чынам склаўся для М. А. Кавалёнак не толькі ў рабоце, але і ў сямейным жыцці. У самыя апошнія яго дні  нарэшце купілі невялікі, але з усімі выгодамі  дом у Паставах (да гэтага шэсць гадоў жылі на здымнай кватэры). Марына змагла забраць з вёскі да сябе маці. Для мужа адкрылася магчымасць праявіць здольнасці гаспадара на ўласнай прасторы. Радуюць дзеці. Старэйшы  сын Косця паступіў на завочнае аддзяленне Мін­скага радыётэхнічнага каледжа, а працуе ў сталічным гандлёвым цэнтры “Алмі”. Сярэдні, Андрэй, здаў апошнюю экзаменацыйную сесію ў Бел­дзяржуніверсітэце. Меншанькі, Сцяпан, таксама трымаў экзамены і паступіў у пяты клас гімназіі. Як не радавацца ўсяму гэтаму? Напэўна, таму і работа спорыцца. А яшчэ пішуцца вершы, якія час ад часу з’яўляюцца і на старонках “Пастаўскага краю”. І гэта цудоўна, калі ў адной асобе так гарманічна спалучаюцца проза жыцця і паэтычнасць душы.

Фаіна КАСАТКІНА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.