Прыклад для ўсіх, настаўнік для моладзі

Личности

IMG_5356

Старшы інструктар-ратаўнік Валерый Сеганкевіч — адзін з самых вопытных работнікаў РАНС. У ліку нямногіх, хто цяпер працуе ў аддзеле, ён стаяў ля вытокаў стварэння пажарнай аварыйна-выратавальнай часці ў Паставах.

У райаддзел па надзвычайных сітуацыях Валерый Аляксандравіч прыйшоў у лютым 1996 года. За плячыма былі служба ў арміі, вучоба ў радыётэхнічным вучылішчы ў Віцебску і паўгода работы ў тэлеатэлье ў Паставах. Але працягваць займацца рамонтам тэлевізійнай і радыётэхнікі маладому чалавеку падалося не так цікава, як дапамагаць людзям у экстрэмальных сітуацыях. Кар’еру пачынаў радыётэлефаністам (цяпер гэта дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання). Прымаў выклікі, адпраўляў па названых адрасах машыны з пажарнымі. Калі вызвалілася месца старшага інструктара-ратаўніка, кіраўніцтва часці прапанавала перайсці на гэту пасаду. Больш чым за 15 гадоў работы на ёй не раз даводзілася ўдзельнічаць у ліквідацыі пажараў, іншых надзвычайных сітуацый.

— На рахунку Валеры не адно выратаванае жыццё, — расказваў намеснік начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік унутранай служ­бы І. І. Януковіч. — Гэта чалавек, у якім можна быць упэўненым, вельмі добры работнік і таварыш. Ён першым у нашым аддзеле ўзнагароджаны медалём “За бездакорную службу”. Мае таксама нагрудны знак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях “Выдатнік”, мноства грамат. Не раз прэміраваўся кіраўніцтвам райаддзела і Віцебскага абласнога ўпраўлення. А яшчэ Валерый Аляксандравіч з’яўляецца настаўнікам для маладых хлопцаў, якія прыходзяць працаваць у РАНС, перадае ім вялікі прафесійны вопыт.

Нягледзячы на тое, што мінула ўжо шмат часу, як стаў ратаўніком, В. А. Сеганкевіч і сёння памятае свой першы выезд на пажар — гарэў жылы дом на Лынтупшчыне. Кажа, вель­мі хваляваўся, баяўся нешта забыць, пераблытаць, недарабіць. Урэзаўся ў памяць і выпадак на возеры Халосінскае ў Сяргеевічах. Там праваліліся пад лёд пяць рыбакоў. Двое ўтапіліся да прыезду ратаўнікоў, трох удалося выцягнуць з ледзяной палонкі. А вось выпадак на возеры ў вёсцы Вайцяхі, які адбыўся гадоў 7 назад, Валерыю Аляксандравічу ўспамінаць па-ранейшаму няпроста. Тады ён доўга спрабаваў, але так і не змог дапамагчы мужчыну, які прама на вачах пайшоў на дно.

— Чалавек знаходзіўся далёка ад берага, а на той момант наша выратавальнае абсталяванне вымушала жадаць лепшага. Не было лодкі, дастатковай колькасці вяровак, каб спакойна працаваць, — гаварыў мой суразмоўца.

Па яго прызнанні, работа ў РАНС часам бывае маральна цяжкай. Але жадання яе пакінуць ніколі не ўзнікала і наўрад ці ўзнікне. Тым больш што ёсць аддушына — сям’я. У першую чаргу жонка і дзеці дапамагаюць абстрагавацца ад негатыўных думак, супакоіцца і настроіцца на пазітыў.

— Мне вельмі падабаецца тое, чым я займаюся, — зазначыў Валерый Аляксандравіч. — Цяпер у ад­дзеле створаны ўсе ўмовы для таго, каб без лішніх нерваў рабіць сваю справу.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.