Спартыўны калейдаскоп

Спорт

Spartakiadaар дарослая футбольная каманда з Пастаў выйграла прадстаўнічы міжрэгіянальны пераднавагодні турнір па міні-футболе, які праходзіў у ФАЦ у Мядзеле. У фінальнай сустрэчы пастаўчане змагаліся з камандай Нацыянальнага дзіцячага аздараўленчага цэнтра “Зубраня” і за 10 хвілін да заканчэння матча саступалі саперніку з лікам 1:2. Аднак нашы футбалісты феерычна правялі канцоўку, хет-трык аформіў Ігар Курыловіч, і ў выніку яны перамаглі з лікам 4:2. Прыгожы Кубак заваявалі Сяргей Жыльцоў, браты Віталь і Руслан Жылевічы, Аляксандр Жарскі, Раман Пасевіч, Дзмітрый Кундра, Уладзімір Карага. А Валерый Пліско атрымаў яшчэ і прыз як лепшы варатар.

* * *

Традыцыйны міжраённы юнацкі футбольны турнір перад Новым годам прайшоў і ў Паставах. На пляцоўцы ФАКа спаборнічалі юнакі ва ўзросце да 14 гадоў. Турнір ўпэўнена выйграла каманда “ПМЦ-1” (Паставы) трэнера Васіля Грантоўскага. На 2-м месцы іх аднагодкі з Міёр, па розніцы мячоў трэцяй стала каманда “ПМЦ-2”, якая апярэдзіла выхаванцаў Полацкай ДЮСШ. Лепшым варатаром прызнаны пастаўчанін Вадзім Мацкевіч, які добра згуляў і на папярэднім турніры ў Варшаве. Прызамі адзначаны пастаўчане — нападаючы Кірыл Урбанайць і лепшы бамбардзір Дзмітрый Рогач, які забіў 9 галоў. Новы футбольны сезон пастаўскія юнакі пачнуць двума спарынгамі ў Глыбокім, а трэніравацца на вуліцы збіраюцца ў лютым, калі не будзе моцных маразоў.

* * *

Вельмі паспяховым стаў мінулы год для аддзялення валейбола Пастаўскай ДЮСШ. Упершыню ў гісторыі адразу шасцёра яе выхаванцаў заключылі прафесійныя кантракты і зараз гуляюць у вядучых камандах чэмпіянату Беларусі па валейболе сярод мужчын у дывізіёне “А” вышэйшай лігі. Адразу трое нашых землякоў выступаюць у складзе бронзавага прызёра — клуба “БАТЭ-БДУФК” (Барысаў). Па адным загуляны ў камандах “Шахцёр” (Салігорск), “МАПІД” (Мінск) і “Марка-ВДТУ” (Віцебск).

* * *

У чарговым розыгрышы Кубка Беларусі па валейболе сярод мужчын у “фінал чатырох” прабіліся трое пастаўчан — Аляксей Рабека, Антон Вярбіцкі і Аляксей Лабуць. Іх каманда — барысаўскі “БАТЭ-БДУФК” — у матчы за 3-е месца перамагла з лікам 3:1 сталічны “МАПІД” і выйграла бронзавыя медалі. Ганаровы трафей дастаўся мінскаму клубу “Будаўнік”, які абараніў свой тытул.

* * *

Адначасова з удзелам дарослай валейбольнай каманды “Атлант” (Паставы) у чэмпіянаце Беларусі па валейболе яе бліжэйшы рэзерв зноў стартаваў у нацыянальным першынстве сярод юнакоў. У чарговым розыгрышы Дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі Беларусі  сярод хлопцаў 2002 года нараджэння валейбалісты ДЮСШ (Паставы) у 1-м туры гулялі ў Салігорску з аднагодкамі з Гродна, Магілёва, Брэста, з гаспадарамі і дзвюма камандамі СДЮШАР ВК “Мінск”. Там яны набралі 3 ачкі і ідуць на 7-м месцы, а напрыканцы студзеня згуляюць у чарговым туры ў Брэсце.

* * *

Футбольную кар’еру за мяжой зноў прадоўжыў былы паў­абаронца “ПМЦ” 27-гадовы Юрый Кендыш. Ён заключыў на 2 гады прафесійны кантракт і пачне  гуляць у асноўным  скла­дзе мацнейшага клуба Малдовы — “Шэрыф” (Ціраспаль). Яго новая каманда выкупіла для гэтага адпаведны трансфер у чэмпіёна Беларусі — барысаўскага БАТЭ, у складзе якога раней выступаў гэты таленавіты і моцны футбаліст.

Уладзімір ШЫК.

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.