Станьце крыніцай дабра

Общество

ТЦСОН

Доўгі час узначальвала раённую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў, добра ведаю ўсіх яе членаў. Цяпер працую спецыялістам у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Але па-ранейшаму з многімі інвалідамі часта перазвоньваюся, некаторыя застаюцца пад маім патранатам.

Да прыкладу, у жніўні мінулага года да мяне звярнулася жыхарка вёскі Гута інвалід II групы Алена Ермашонак. Жанчыну перапаўнялі адначасова і радасць, і роспач. Лена чакае дзіця. Але матэрыяльнае становішча не дазваляе зрабіць рамонт у сацыяльнай кватэры (зарплата мужа, які працуе ў райаграсэрвісе, невысокая), набыць неабходную мэблю, рэчы для сябе і дзіцяці.

Параіўшыся з дырэктарам ТЦСАН Дзіянай Іванаўнай Пякарскай, прынялі неадкладнае рашэнне — падтрымаць. З салона “Міласэрнасць” на сацыяльным таксі даставілі сям’і Ермашонак ложкі (дзіцячы і для дарослых), каляску, коўдру, падушкі. Шмат яшчэ чаго трэба: пасцельная бялізна, гігіенічныя сродкі, абутак. Наро­дзіцца дзіця — не абысціся без памперсаў, цацак.

Сям’я Ермашонак — не адзіная ў раёне, каму патрэбна бытавая, рэчавая, псіхалагічная дапамога. Недахоп любові — вось прычына, па якой зачатыя дзеці нярэдка не нараджаюцца на свет. А недахоп веры — гэта калі для лю­дзей большую каштоўнасць маюць рэчы і камфорт, а не дзеці. Добра, калі цяжарная жанчына адчувае падтрымку з боку мужа, радні. А калі замест клопату ад блізкага чалавека зыхо­дзяць шантаж, агрэсія, пагроза? Ад маці, з якой хочацца падзяліцца самым патаемным, — адцуранне, знявага? А калі блізкай радні няма ўвогуле, цяжарнасць незапланаваная, самой будучай маме толькі 17? Некаторыя жанчыны, даведаўшыся пра тое, што чакаюць дзіця, у цяжкай жыццёвай сітуацыі адзіным выйсцем бачаць аборт. І як важна, каб у такі момант побач аказаўся той, хто здолее пераканаць у адваротным, атуліць маладую маму і яшчэ не народжанае дзіцятка ласкай і клопатам, працягне руку дапамогі, падбадзёрыць добрым словам, дасць слушную параду.

Пры нашым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе крызісны пакой. Па “тэлефоне даверу” 2-40-67 вас выслухае псіхолаг, пракансультуе, параіць.

Звяртаюся да нераўнадушных людзей і заклікаю падключыцца да акцыі па аказанні рэальнай дапамогі сям’і Ермашонак і іншым сем’ям, якія знахо­дзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Няхай высакароднасць вашых сэрцаў дапаможа гэтым людзям па-новаму асэнсаваць жыццё, знайсці ў ім светлыя бакі. Давайце бу­дзем міласэрнымі не толькі ў пэўныя даты — Дні пажылых, інвалідаў, маці і г. д., але і ў паўсядзённасці. Асабліва ў адносінах да хворых, адзінокіх, тых, хто некалі аступіўся. Станем крыніцай дабра — дапаможам канкрэтнай справай таму, каму цяжэй, чым нам. Абяздоленыя людзі будуць рады розным рэчам як для дзяцей, так і для дарослых. Прыносьце тое, што вырашылі ахвяраваць на патрэбы іншых, у салон “Міласэрнасць”, размешчаны па адрасе: вул. Савецкая, 3, тэлефануйце на нумар 2-40-70.

Ала МУРАЎСКАЯ, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.