Сустрэча з анёламі


З экспазіцыяй прысутных знаёміць Уладзімір Папоў.
З экспазіцыяй прысутных знаёміць Уладзімір Папоў.

У снежні ў Доме рамёстваў “Стары млын” адбылося адкрыццё аб’яднанай выставы мастачкі Алены Вайновай-Багародзіцкай і фатографа Рыты Шылей “Час Анёлаў”.

Нягледзячы на непадабенства тэхнік і сюжэтаў, ад работ абодвух аўтараў вее цяплом, радасцю і непасрэднасцю. А яшчэ яны прымушаюць задумацца пра вечнае,  каштоўнасць і хуткаплыннасць чалавечага жыцця, веру і спагаду.

Усе, хто пераступаў парог выставачнай залы Дома рамёстваў, адразу нібы апыналіся ва ўладаннях жыхароў неба — столь пакоя ўпрыгожвалі беласнежныя папяровыя анёлы, сцены — іх каляровыя сабраты і фотаздымкі дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Здавалася, стварыць больш утульную і душэўную атмасферу было проста немагчыма.

З работамі расійскай мастачкі-касміста Алены Вайновай-Багародзіцкай наведвальнікаў выставы пазнаёмілі прадстаўнікі аддзялення грамадскай арганізацыі “Міжнародны цэнтр Рэрыхаў у Рэспубліцы Беларусь” Ірына Расціславаўна Альсевіч і Уладзімір Міхайлавіч Папоў. Яны зачыталі прывітальны ліст мастачкі, якая, на жаль, не змагла прысутнічаць на адкрыцці экспазіцыі, пазнаёмілі з яе біяграфіяй і творчасцю. Прапанавалі паразважаць над тым, што такое Космас, у думках узняцца ў прастору Сусвету і паспрабаваць убачыць свет не толькі вачыма, але і сэрцам, як гэта робіць, ствараючы свае палотны, Алена Вайнова-Багародзіцкая. Маляваць творца любіла з дзяцінства, мае мастацкую адукацыю. Да таго як знайшла свой кірунак у творчасці, працавала бутафорам у лялечным тэатры, займалася рэстаўрацыяй старадаўніх абразоў.

Кацярына Ракоўская.
Кацярына Ракоўская.

На карцінах мастачкі — анёлы, якія стаяць на розных прыступках нябеснай іерархіі — пачынаючы ад індывідуальных памочнікаў чалавека і заканчваючы архангеламі. Вестуны дабра і прыгажосці ахоўваюць планеты і закаханых, плывуць у ладдзях насустрач сонцу, ствараюць пры дапамозе музыкі сусветы, з агністымі мячамі супрацьстаяць сілам хаосу. Усе работы напісаны ў мяккіх танах, іскрацца сонечнай энергіяй і дабрынёй.

Такой жа пяшчотай, спагадай і любоўю прасякнуты і фотаздымкі пастаўчанкі Рыты Шылей. На іх адлюстраваны хворыя дзеці. Адкрытыя, пазітыўныя, смешныя, непасрэдныя. Адны або разам з бацькамі яны займаюцца паўсядзённымі справамі, гуляюць на вуліцы, абдымаюцца, маюць стасункі з сябрамі. І, нягледзячы на тыя выпрабаванні, якія ім выпалі, на дзіцячых тварах свецяцца ўсмешкі.

Першапачаткова цыкл работ Рыты Шылей называўся “Дзеці-анёлы”. Гэта назва інтэрнэт-супольнасці, у якой бацькі з усяго свету, чые дзеці маюць асаблівасці развіцця, дзеляцца сваімі радасцямі і праблемамі, падказваюць шляхі вырашэння тых альбо іншых пытанняў. Анёламі такіх дзетак называюць за іх асаблівую чысціню, стаўленне да навакольнага свету і іншых людзей. У іх, як у люстэрку, можна ўбачыць свае станоўчыя якасці і недахопы. Таму, калі фатографу прапанавалі аб’яднаць дзве выставы ў адну пад агульнай назвай “Час Анёлаў”, згадзілася без ваганняў.

Каталог работ Алены Вайновай-Багародзіцкай Рыце Шылей уручае Ірына Альсевіч.
Каталог работ Алены Вайновай-Багародзіцкай Рыце Шылей уручае Ірына Альсевіч.

— Мне вельмі блізкая тэма асаблівых дзяцей. Я часта бываю са сваёй дачушкай у розных рэабілітацыйных цэнтрах, размаўляю там з бацькамі, на долю якіх выпалі такія выпрабаванні. І мне захацелася зрабіць ім сяброўскі падарунак — арганізаваць фотасесію, — расказвала пра праект Рыта Шылей. — У будучым хачу зрабіць яго больш глыбокім і маштабным, падзяліць на некалькі раздзелаў.

Пасля знаёмства з экспазіцыяй Ірына Альсевіч уручыла падарункі Рыце Шылей, дырэктару Дома рамёстваў Таццяне Мікалаеўне Петух і дырэктару Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Іне Іванаўне Краўчук. Сувеніры таксама атрымалі Ганна Вяршыніна, Кацярына Ракоўская і Вольга Пугач, у выкананні якіх на адкрыцці выставы прагучалі вершаваныя і музычныя творы.

Выстава “Час Анёлаў” будзе радаваць наведвальнікаў да канца гэтага месяца. Усіх жадаючых, акрамя знаёмства з экспазіцыяй, чакае прыемны бонус — майстар-клас па вырабе фігурак анёлаў у розных тэхніках. Уваход — 60 капеек. Спяшайцеся!

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.