Уславілі нараджэнне Госпада дзеці

Духовность

Галіна Мікалаеўна Чаплінская з протаіерэем Валерыем Пашкевічам.
Галіна Мікалаеўна Чаплінская з протаіерэем Валерыем Пашкевічам.

7 студзеня праваслаўныя хрысціяне адзначылі Раство Хрыстова. З гэтай нагоды ў храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Паставах, як і ў тысячах іншых храмаў, прайшло ўрачыстае богаслужэнне. А затым яго прыхаджане — дарослыя і дзеці — сабраліся ў раённым Доме культуры на традыцыйны калядны ранішнік.

IMG_5249

Мерапрыемства, падрыхтаванае наведвальнікамі і выкладчыкамі нядзельнай школы, пачалося са святочнага перазвону. Пад гукі званоў на сцэну выйшлі дзеці і песняй уславілі прыход на зямлю Ісуса Хрыста. Песні і вершы ў гонар нованароджанага Госпада Бога гучалі ў той дзень яшчэ не раз, яму прысвячаліся невялікія інсцэніраваныя пастаноўкі з павучальным зместам.

IMG_5254

У першай, па матывах вядомай усім казкі “Калабок”, расказвалася пра тое, як бабуля спякла да свята калядны калабок і той адправіўся ў лес высвятляць у яго насельнікаў, што такое Раство. Наступная сцэнка апавядала пра падрыхтоўку да свята, якая заключаецца ў прыбіранні не толькі ў доме, але і ў сваёй душы — у яе ачышчэнні з дапамогай малітвы і адкрыцці Богу, а таксама пра пошукі шчасця. “А што такое шчасце?” — задалася пытаннем галоўная гераіня. Яно бывае розным і ў кожнага сваё. Шчаслівым можа адчуваць сябе той, хто шчодра дзеліцца ўсім, што мае, з іншымі. Такая выснова была зроблена ў канцы пастаноўкі. Па традыцыі юныя артысты разыгралі ў асобах і гісторыю з’яўлення на свет Хрыста, які нарадзіўся ў беднай іудзейскай сям’і Марыі і Іосіфа.

IMG_5293

Калядная ноч, як вядома, асаблівая, з яе надыходам адбываюцца цуды, здзяйсняюцца жаданні. Пра гэта ішла размова яшчэ ў адной інсцэніроўцы. А якое Раство без калядак — вясёлых абрадавых песень, у якіх закла­дзена гіс­торыя свята і праслаўляецца нованароджаны Хрыстос? На ранішніку знайшлося месца не толькі ім і танцам з папулярным калядным персанажам — Казой, але і іншым харэа­графічным нумарам на зімовую тэматыку. У цэлым мерапрыемства атрымалася маляўнічым, цікавым і змястоўным.

— Сёння цудоўнае свята, і так прыемна, што гэта зала поўная гледачоў, многія прыйшлі сем’ямі, — адзначыла, падняўшыся на сцэну, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Чаплінская. — Стагоддзямі нашы продкі выхоўваліся на хрысціянскіх ідэалах дабра, справядлівасці, міласэрнасці. Яны пакладзены і ў аснову ідэалогіі беларускай дзяржавы. Паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве, вядзецца супрацоўніцтва па многіх гуманітарных напрамках. Радуе, што ў нашым раёне склаліся канструктыўныя адносіны паміж прадстаўнікамі праваслаўя і раённай улады. Дзякуючы гэтаму, сталі традыцыйнымі калядныя і велікодныя мерапрыемствы, злёт праваслаўнай моладзі і іншыя.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў Галіна Мікалаеўна павіншавала ўсіх прысутных з Раством, пажадала здароўя, шчасця, дабрабыту, каб новы, 2018-ты, год прынёс у сем’і ўтульнасць і цяпло, у іх заўсёды панавала любоў.

Свае віншаванні са святам і пажаданні здароўя, моцы, духоўнай радасці, прысутнасці побач Бога адрасаваў прыха­джанам настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы протаіерэй Валерый Пашкевіч.

— Раство Хрыстова — радасны дзень для ўсіх вернікаў-хрысціян, — гаварыў ён. — А радасць зыходзіць з нашага сэрца, напоўненага любоўю. Хачу пажадаць, каб у кожнага з вас была любоў перш за ўсё да Збавіцеля, каб вы рабілі добрыя справы і прыгатавалі свае сэрцы для Бога, таму што ад нашага сэрца залежыць і наша жыццё. Калі мы будзем добрымі і міласэрнымі, то і Гасподзь будзе да нас мілас­цівым.

Пасля заканчэння ранішніка ўсе яго ўдзельнікі, як заўсёды, атрымалі салодкія навагоднія падарункі.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.