За аператыўнасць і акуратнасць

Личности Местная власть

IMG_9402

Слесар Пастаўскага раёна газазабеспячэння Сяргей Леанідавіч Хаменка — лаўрэат конкурсу “Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны”.

З гэтай нагоды на мінулым тыдні ён быў запрошаны на ўрачыстасць ва ўпраўленне “Віцебскаблгазу”. Дыплом і грашовую прэмію атрымаў з рук генеральнага дырэктара Пятра Пятровіча Шэршаня. Гэты конкурс праводзіцца каля 10 гадоў. Адбор прэтэндэнтаў на высокае званне вельмі дасканалы і строгі. Найлепшыя вызначаюцца ў некалькіх намінацыях.

— Быць лаўрэатам такога звання — высокі гонар, — гаварыў галоўны інжынер Пастаўскага раёна газазабеспячэння Аляксандр Таразевіч. — Сяргей Леанідавіч удастоены яго за прафесіяналізм і адказныя адносіны да работы. А яна няпростая. Слесар абслугоў­вае абсталяванне газаразмеркавальных станцый, сочыць за работай прыбораў. А яшчэ Хаменка — высакакласны газаэлектразваршчык. Трэба бачыць, як спрытна ён упраўляецца са зварачным апаратам. Колькі швоў зварыў пры пракладцы газаправода ў прыватным сектары пастаўчан! За якаснае выкананне абавязкаў, прафе­сійнае майстэрства фота­здымак Сяргея заносіўся на Дошку гонару нашага раёна газазабеспячэння і вытворчага ўпраўлення «Глыбокаегаз».

На Пастаўшчыну С. Л. Хаменка прыехаў з Гомеля амаль дваццаць гадоў таму. Уладкаваўся ў райгаз. У 2003 годзе па прычыне скарачэння кадраў быў вымушаны развітацца з любімай работай і перайсці на будаўнічы ўчастак райспажыўтаварыства. А калі прадаставілася магчымасць вярнуцца на ранейшае месца, скарыстаўся ёй. І вось ужо больш за 10 гадоў робіць тое, што вельмі падабаецца.

— У нас цудоўны калектыў, — расказваў. — Талковы кіраўнік, які душой хварэе не толькі за вытворчыя справы, але і за кожнага работніка. Я вельмі ўдзячны Мікалаю Дзмітрыевічу Жданковічу за падтрымку і дапамогу. 

 Работнікі газавай гаспадаркі сваю службу нясуць кругласутачна. На жаль, няштатныя сітуацыі могуць узнікнуць у любы час сутак. С. Л. Хаменка хутка і пра­вільна аналізуе няспраўнасць і прымае кампетэнтнае рашэнне па яе ўхіленні. У такім выпадку вельмі шмат значыць вопыт. Часам дзейнічаць прыходзіцца, як кажуць, на аўтамаце. І ўсё ж, самае галоўнае ў гэтай справе — аператыўнасць і акуратнасць.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.