Заложнікі бацькоўскіх слабасцяў

Общество

МАЛЬЧИК

Сумная гісторыя

Набліжаўся Дзень маці, і выхаванцы прытулку Сацыяльна-педагагічнага цэнтра рыхтавалі сваім мамам віншавальныя паштоўкі. Разам з усімі стараўся і шасцігадовы Вова. Атрымалася прыгожа, мама абавязкова ўзрадуецца. І як жа горка расплакаўся хлапчынка, калі мама на ранішнік не прыйшла. Не з’явілася яна ў прытулку і 29 снежня, калі тут ладзілася навагодняе прадстаўленне. Для Вовы свята было двайным, бо якраз супала з яго днём нараджэння. Зразумела, што і падарункі атрымаў два. Імянінніка віншавалі ўсе, толькі не мама. Яна ўвогуле знікла з Пастаў, і пакуль яе не могуць знайсці. Магчыма, падалася за межы краіны. Шукаць шчасця, абдзяліўшы ім сваіх дзетак. Разам з Вовам у прытулку знаходзіцца і яго чатырохгадовая сястрычка Віка. Засталіся без мацярынскай ласкі і яшчэ двое дзяцей гэтай жанчыны, але іх забралі ў свае сем’і таты (чацвёра дзяцей — ад трох “мужоў”).

Вось такая сумная  гісторыя. Прычым гора-маці не злоўжывае алкаголем. Але працаваць не хацела, выхаваннем дзяцей не займалася, у доме панавала антысанітарыя. Аналагічная карціна назіралася і яшчэ ў адной сям’і, з якой таксама забралі ў прытулак дваіх дзяцей. На шчасце, тут зрабілі з гэтага належныя высновы — навялі ў доме парадак, адрамантавалі печ, купілі патрэбную бытавую тэхніку. Мама, бабуля і дзядуля наведваюць малых. Безумоўна, іх вернуць у сям’ю, але яна застанецца пад кантролем спецыялістаў cацыяльна-педагагічнага цэнтра і ўстаноў адукацыі па месцы жыхарства.

Даецца шанс

 — На цяперашні час у прытулку знаходзіцца 15 дзяцей, —  расказвала дырэктар cацыяльна- педагагічнага цэнтра раёна Наталля Віктараўна Селіванава. — Іх забралі з сем’яў у сувязі з тым, што бацькі не выконвалі сваіх абавязкаў (за выключэннем двух вышэйназваных выпадкаў асноўная прычына — п’янства — аўт.). За 11 гадоў існавання прытулку праз яго прайшло 680 дзяцей, і толькі адзінкі з іх — сіроты. Тыя, хто камісіяй па справах  непаўналетніх райвыканкама прызнаны маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, змяшчаюцца ў прытулак на паўгода, іншыя (асірацелі, бацькі аказаліся ў бальніцы, а дзяцей няма каму даглядаць, разгарэўся сямейны канфлікт або ўзніклі іншыя складанасці) — на месяц-два, пакуль не будзе знойдзена выйсце з сітуацыі.

Усе суб’екты прафілактыкі выяўляюць нядобрана­дзейныя сем’і, а ўстановы адукацыі ставяць іх на ўлік. Шэсць месяцаў пасля пастаноўкі такіх сем’яў на ўлік за імі вядзецца назіранне і прымаюцца меры па выпраўленні становішча. Пры неабходнасці тэрмін  падаўжаецца яшчэ на тры або нават на шэсць месяцаў. Але калі і за гэты час бацькі не зменяць свайго ладу жыцця і ўмовы знаходжання дзяцей застаюцца нездавальняючымі, яны змяшчаюцца ў прытулак. Калі і такая мера не дае належнага эфекту, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама звяртаецца ў суд з заявай аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Дзеці трапляюць у прыёмныя або апякунскія сем’і, дамы сямейнага тыпу, а ва ўзросце да трох гадоў —  у дзіцячыя дамы.

— Самае крыўднае — калі вернутыя ў біялагічныя  сем’і дзеці праз нейкі час зноў трапляюць у прытулак, — гаварыла Наталля Віктараўна Селіванава. — Вось і зараз у нас у другі раз знаходзіцца такі хлопчык. Са сваіх трох годзікаў амаль год ён правёў у нашай установе.

Дзяржава клапоціцца

У прытулак я наведалася неўзабаве пасля навагодніх свят. У прыбранай актавай зале яшчэ стаяла натуральная ёлка-прыгажуня, якую ўстанове падарыў лясгас, а ў спальнях красаваліся невялікія штучныя ёлачкі. Паўсюль прыгажосць, чысціня, мноства кветак, карцін, дзіцячых вырабаў. Прасторныя і добраўпарадкаваныя  актавая і трэнажорная залы, пакоі для рэабілітацыі, вучобы, сустрэчы з бацькамі і іншымі роднымі, спальні, сталовая, гардэробная, душавыя кабінкі. Шмат спартінвентару і цацак. Багатае і разнастайнае меню, якаснае медыцынскае абслу­гоў­ванне (дагавор на яго заключаны з цэнтральнай раённай бальніцай). Пры неабходнасці выхаванцаў прытулку вязуць на абследаванне і лячэнне ў дзіцячую абласную бальніцу. І ўсё за дзяржаўны кошт. А кіраўніцтва і супрацоўнікі Сацыяльна-педагагічнага цэнтра робяць усё магчымае для таго, каб тут было прыгожа, утульна, камфортна, каб выхаванцы атрымлівалі належнае развіццё. Адначасова спецыялісты працуюць і з бацькамі дзяцей, змешчаных у прытулак, стараюцца паставіць іх на правільны шлях.

 — А як шмат нам  дапамагаюць спонсары! — расказвала Н. В. Селіванава. — Вось і на гэты Новы год падарылі кухонны камбайн, мікрахвалевую печ, спартінвентар, адзенне і абутак, электрычны прас, цацкі, фрукты, цукеркі і іншае. Ды не толькі ў святы, але і ў будні атрымліваем падтрымку ад арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў і проста нераўнадушных людзей, якія маюць магчымасць дапамагчы, за што мы бязмежна ўдзячныя ўсім.

Пра што яны мараць

Як і ўсе дзеці, выхаванцы прытулку таксама пісалі пісьмы Дзеду Марозу. Большасць з іх, дзевяць чалавек, — дашкольнікі, таму, зразумела, без дапамогі выхавальнікаў не абышліся. Прасілі лялькі, канструктары, мячы, красоўкі, абновы, кніжкі, цукеркі і іншае. І ўсё атрымалі на навагодняй ёлцы — казачны чараўнік, у адрозненне  ад родных бацькоў, не падвёў. А яшчэ  раней  хлопчыкі  і дзяўчынкі запісалі свае самыя запаветныя мары і змясцілі пісьмы на “Дрэве жаданняў”, што “вырасла” ў пакоі, прызначаным для спатканняў з роднымі. Чытаю, пра што гэтыя мары: “Хачу паехаць дадому”, “Каб мама не хварэла і не піла”, “Каб мы ў сям’і былі ўсе разам назаўсёды”, “Каб мяне забралі з прытулку”.

Большасць мам наведваюць дзяцей. Некаторыя абяцаюць, што вельмі  хутка забяруць іх дадому. Супрацоўнікі прытулку катэгарычна супраць такіх беспадстаўных абяцанкаў і гавораць: “Не падманвайце дзяцей. Тым самым вы яшчэ больш траўміруеце іх. Лепш растлумачце, чаму яны аказаліся  ў прытулку, раскажыце пра сябе праўду самі”.

Змешчаныя ў прытулак дзеці перажываюць стрэс (трапляюць у чужое асяроддзе, да зусім незнаёмых лю­дзей, застаюцца без ранейшых сяброў, мяняюць школу). Але ўсё роўна не перастаюць любіць сваіх бесталковых мам і  татаў і прагнуць іх любові. У той жа час старэйшыя з іх крытычна ацэньваюць рэаліі. Вельмі складаны ў плане паводзін Коля гаворыць: “Я ведаю, чаму апынуўся тут. Бо не слухаўся бабулю, дрэнна гаварыў на яе, і яна захварэла і памерла. А мама мяне не любіць, і ніхто не любіць”. Памяркоўная Віка на пытанне, ці хоча яна дадому, адказвае: “Хачу, але няхай мама не п’е. Пра гэта яе прасілі і я, і бабуля, але яна не слухала. Вось нас з брацікам і забралі сюды”.

З загадчыцай прытулку Валянцінай Леанідаўнай Ластоўскай пераходжу з пакоя ў пакой, размаўляю з работнікамі, знаёмлюся з дзецьмі. Яны, як і ўсюды, шумныя, гарэзлівыя, цікаўныя, прыбраныя. Калі б не ведала, што гэта за ўстанова, можна было б толькі парадавацца  таму, у якой раскошы знаходзяцца. А так я пакідала прытулак з цяжарам на сэрцы. Што стане далей з гэтымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі? Ці будуць яны шчаслівымі? І разумела, што іх лёс цалкам залежыць ад далейшых паводзін бацькоў, у першую чаргу — маці. А галаву свідравала думка: Божа, якое ж трэба мець сэрца, каб пераступіць уласнае дзіця, блукаючы дарогай п’янства і распусты?

Фаіна КАСАТКІНА.


 Ніна Серафімаўна Каспяровіч, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама: 

Па стане на 1 студзеня 2018 года ў раёне 139 дзяцей з 69 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На працягу мінулага года 33 дзіцяці прызнаваліся маючымі патрэбу ў абароне дзяржавы і былі часова адабраны ў бацькоў, 20 з іх вернуты ў біялагічныя сем’і. На працягу года ў сацыяльны прытулак змяшчалася 46 дзяцей, 36 выхоўваюцца ў 19 прыёмных сем’ях і 42 — у 33-х апякунскіх.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.