Запальвалі шчыра

Культура

245A1611

Задорная музыка, карагоды вакол лясной прыгажуні і цудоўны настрой чакалі тых, хто не паленаваўся і прыйшоў у навагоднюю ноч на плошчу Леніна ў райцэнтры.

Стварылі казачную атмасферу для ўсіх работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна. Яны не толькі падрыхтавалі сцэнарый гулянняў, але і выступілі ў якасці артыстаў. Шоу-праграма пачалася з прывітання Дзеда Мароза і Снягуркі, якія ў вершаванай форме, пры дапамозе песень жадалі жыхарам раёна бязмежнага шчасця, здзяйснення мар, узаемнага кахання, моцнага здароўя, ну і, вядома, у чароўную ноч не сумаваць і шчыра весяліцца. Што ўсе з задавальненнем і рабілі: прытанцоўвалі, падпявалі, удзельнічалі ў гульнёвай праграме. Станоўчымі эмоцыямі ўсе падзарадзіліся падчас вясёлай гім-настыкі і адгадвання загадак на “сабачую” тэматыку. А тых, каму лепш за іншых удалося справіцца з апошнім заданнем, вядучыя запрасілі на сцэну і прапанавалі прывітаць гаспадара Новага года па ўсходнім календары і станцаваць для яго “Сабачы вальс”. Пару-пераможцу, якая атрымала ў падарунак сувеніры, апладысментамі вызначылі гледачы.

245A1608

Убачыўшы, як шчыра яму ўсе радуюцца, на святочную пляцоўку выбег гламурны Сабака. Нягледзячы на тое, што сёлетні год пройдзе пад нябесным апякунствам Жоўтага Землянога Сабакі, ён расказаў прысутным, што вырашыў не здраджваць модным звычкам і таму завітаў на свята ў ружовым футры. Затым сімвал года запэўніў, што шчыра будзе ўсіх любіць, з кожным  дружна жыць, дабро і цуды нам дарыць.

Першым цудам стаў святочны феерверк, які на дзесяць хвілін расквеціў неба над начнымі Паставамі. Завяршылася святкаванне Новага года дыскатэкай.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.