Апаліла дзяцінства вайна


Філасофская мудрасць гаворыць: без мінулага няма будучыні. А будучыня — гэта дзеці, якіх трэба выхоўваць на гераічным мінулым народа. Ад таго, што мы ўкладзём у нашых дзяцей сёння, залежыць тое, у якой краіне будзем жыць заўтра. Першыя ўрокі мужнасці, памяці, павагі да гісторыі вялікай і малой Радзімы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць у сценах школы. Адным з такіх запланаваных мерапрыемстваў у месячніку абаронна-масавай і ваенна-патрыятычнай работы, прысвечаным 100-годдзю Узброеных Сіл і Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, была сустрэча вучняў і педагогаў нашай школы з былым малалетнім вязнем.Вайна… Яна па-рознаму ўварвалася страшнай бядой у жыццё. У гарачыя дні чэрвеня 1941 года людзі яшчэ не ведалі, праз якія выпрабаванні ім давядзецца прайсці. У той час рана сталелі хлопчыкі і дзяўчынкі: яны не гулялі ў вайну, а жылі па яе суровых законах. Вельмі рана дзеці ваенных гадоў спазналі боль цяжкіх страт і нястачу, нянавісць да ворага, жаданне міру і радасць Перамогі, якая прыйшла  9 мая 1945 года. На мой погляд, ніхто не можа даць дакладнага апісання часоў вайны, акрамя тых, хто прайшоў праз яе. Таму тым каштоўней для нас было пачуць аповед пра падзеі Вялікай Айчыннай з вуснаў Яўгеніі Яўстаф’еўны Сідаровіч (на здымку).

Яна нарадзілася ў студзені 1943 года, а ўжо ў верасні дзевяцімесячнае дзіця стала вязнем фашысцкай Германіі: маці разам з дзецьмі вывезлі на катаржныя работы ў чужую краіну. Бацька застаўся дома, бо быў у лесе. Безумоўна, у такім малым узросце ў памяці жанчыны нічога не захавалася. Яна ведае пра тое цяжкае жыццё са слоў матулі,  пра што і расказала вучням нашай школы. Маці працавала на заводзе і часта брала з сабой маленькую Жэнечку, або тая заставалася дома пад наглядам старэйшых дзяцей. Было вельмі цяжка і страшна. За самае малое парушэнне немцы жорстка білі. А яшчэ яны спецыяльна правакавалі галодных людзей і правяралі на вытрымку: падкідвалі пад  стол манеты, яблыкі, грушы. Хоць людзі і былі галодныя, але браць іх баяліся, таму што ведалі: за гэта чакае пакаранне. Ежу, якую  прывозілі немцы, нельга было і блізка назваць ежай, бо з вялікай каструлі ішоў такі смурод… 

…Усе войны калі-небудзь заканчваюцца, трава прабіваецца з-пад попелу, дзеці, якія перажылі вайну, вырастаюць і выхоўваюць сваіх дзяцей. Жыццё працягваецца. І для таго, каб яно было мірным, трэба памятаць пра падзеі Вялікай Айчыннай і яе герояў. У асобе Яўгеніі Яўстаф’еўны мы, педагогі і вучні школы, ад усёй душы дзякуем усім, хто прайшоў праз пакуты, аднаўляў з руін гарады і вёскі, паднімаў сельскую гаспадарку, ахвяраваў сваім дзяцінствам, юнацтвам і здароўем дзеля краіны і яе жыхароў. Дзякуй вам за тое, што падарылі нам свабоду і незалежнасць! Будзьце здаровыя і жывіце доўга-доўга!

Валянціна  ПАДГАЙСКАЯ, настаўніца Курапольскай  базавай  школы

Поўны матэрыял чытайце на 7-ай старонцы № 14 газеты “Пастаўскі край” ад 21-га лютага 2018 г.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.