Бяспека — у кожны дом!

Правовое поле

Пад такой назвай 1 лютага на Пастаўшчыне стартавала штогадовая рэспубліканская акцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Гэта акцыя мае на мэце прыцягнуць увагу грамадзян да праблем узнікнення пажараў і гібелі людзей на іх, бяспечных паводзін у зімовы перыяд. Яна праходзіць на працягу ўсяго месяца і складаецца з чатырох этапаў. Удзельнікамі кожнага становяцца самыя розныя катэгорыі насельніцтва.

Так, на першым этапе, які доўжыўся з 1 па 9 лютага, арганізатары — работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях — наведалі аддзяленні кругласутачнага знаходжання ТЦСАН у Лынтупах і Паставах. Пажылым і адзінокім людзям яны расказалі пра карысць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, правілы эвакуацыі пры пажары, а таксама як засцерагчыся ад абмаражэнняў, не атрымаць траўм у галалёд. А навучэнцы СШ №5 і Лынтупскай ЯССШ выступілі перад пастаяльцамі аддзяленняў з канцэртамі.

На другім этапе — ён праходзіў з 12 па 20 лютага — ратаўнікі пабывалі ў Пастаўскай гімназіі і дзяржаўным каледжы. У гімназіі была арганізавана гульня “Што? Дзе? Калі?” на тэму бяспекі жыццядзейнасці сярод каманд 8, 9 і 11 класаў, пасля якой перад яе ўдзельнікамі выступіў інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю А. А. Мухля. У каледжы прафілактычную гутарку з навучэнцамі правёў начальнік РАНС А. І. Кісель. Яшчэ адно выступленне — сумесна з другім сакратаром райкама БРСМ В. Л. Казлоўскай — адбылося там перад членамі маладзёжнага атрада аховы правапарадку. А некалькімі днямі пазней ратаўнікі разам з МААПаўцамі правялі рэйд у інтэрнаце каледжа, наведаўшы тыя пакоі, дзе могуць узнікнуць праблемы з пажарнай бяспекай.

На мінулым тыдні, у рамках трэцяга этапа, арганізатары акцыі адправіліся ў АДРАЦ “Ветразь” і Варапаеўскую раённую бальніцу. У дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры яны правялі заняткі на іміджавым аб’екце ў вучэбным корпусе, дзе размешчаны стацыянарныя стэнды з “Урокамі бяспекі МНС”, тэлефон, з якога можна набраць нумар 101, і вогнетушыцелі. Таксама былі арганізаваны выступленні перад дзецьмі і працоўным калектывам “Ветразя”, дэманстрацыя тэматычнага відэафільма. Аналагічныя мерапрыемствы прайшлі ў Варапаеўскай райбальніцы.

Заключны, чацвёрты, этап акцыі праходзіць сёння на рынку “Гарызонт”. Члены клубаў юных ратаўнікоў-пажарных і Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратаўнікоў-пажарных з розных навучальных устаноў горада падрыхтавалі канцэртную праграму для пастаўчан і раздаюць пакупнікам і прадаўцам рынку тэматычныя лі­стоўкі, брашуры і буклеты.

Алена ШАПАВАЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.