Цудоўны лынтупскі настрой у Докшыцы паехаў


На Масленіцу прынята сустракацца з блізкімі і сябрамі, запрашаць іх да сябе ў госці на бліны, разам радавацца і весяліцца. Так зрабілі і работнікі Лынтупскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва — запрасілі да сябе калег з Докшыц. Яны прыехалі, каб паглядзець на лынтупскія традыцыі святкавання Масленіцы, з сабой прывезлі песні, актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах і забавах.

А іх было безліч. Завідкі бралі, калі ў пераскокі пускалі­ся прадстаўнікі каманд «Пряники» і «Бублики». Ім лёгка даваліся цыганачка, лезгінка, «Яблычак», полька. Весела прайшоў бой мяшкамі. А які спрыт прадэманстравалі не толькі мужчыны, але і жанчыны пры распілоўцы дроў: ручная піла аж звінела ў іх руках! Спатрэбіліся сілы і пры перацягванні каната. Пазабаўляўшыся, можна было паласавацца духмянымі і румянымі блінамі, якія па традыцыі пякліся на калодзе, пагрэцца наварыстай юшкай, пакаштаваць іншых прысмакаў.

Зіме горача стала ад прыпевак, танцаў, цёплых усмешак, жартаў, і яна хутка адступіла. А на яе месца завітала Вясна. На кані, запрэжаным у брычку, са званочкамі прывезлі Ляльку-Масленіцу, станцавалі масленічны флэшмоб і першы вясновы танец «Ручаёк», а потым і чучала Масленіцы спалілі.

Свята прадоўжылася танцамі і песнямі. У гасцей з Докшыц засталіся самыя яркія ўражанні ад новых знаёмстваў, гасціннасці гаспадароў і цудоўны лынтупскі настрой.

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота Наталлі РАМАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.