Каб спыніць насілле ў сем’ях

Общество

Нягледзячы на тое, што ў апошні час на Віцебшчыне адзначаецца зніжэнне колькасці забойстваў і пакушэнняў на забойства, а такса­ма фактаў прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў у сферы сямейна-бытавых адносін, праблема насілля ў сям’і па-ранейшаму застаецца актуальнай. У 2017 годзе такія злачынствы склалі пятую частку ад усіх зарэгістраваных.

Адна з галоўных прычын насілля ў сям’і — працоўная незанятасць: асобамі, якія нідзе не працуюць, здзейснена больш за чвэрць “бытавых” злачынстваў. Дзясятая частка — раней асуджанымі, амаль трэць — у стане алкагольнага ап’янення. У сувязі з гэтым з мэтай стабілізацыі сітуацыі ў перыяд з 20 па 28 лютага на Віцебшчыне ўпраўленнем унутраных спраў аблвыканкама сумесна з прадстаўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых суб’ектаў прафілактыкі праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Быт”, накіраванае на пераадоленне негатыўных тэндэнцый у аператыўнай абстаноўцы.

Адной з эфектыўных мер уздзеяння на грамадзян, якія здзяйсняюць правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін, з’яўляецца прыцягненне іх да адміністрацыйнай адказнасці. Так, за студзень 2018 года за нанясенне пабояў, наўмыснае прычыненне фізічных або псіхічных пакут блізкім родным складзены пратаколы на 326 жыхароў вобласці, за абразу — на 4, дробнае хуліганства — на 297. Аднак адміністрацыйных пратаколаў і штрафаў не заўсёды бывае дастаткова, каб спыніць сямейных дэбашыраў. Таму для папярэджання здзяйснення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць асобы ў адносінах да правапарушальнікаў нярэдка даводзіцца ўзбуджаць крымінальныя справы прэвентыўнай накіраванасці. З пачатку года ўзбуджана 8 спраў па фактах катавання і 13 — за пагрозу забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці. Таксама практыкуецца накіраванне асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі для праходжання курса медыка-сацыяльнай рэадаптацыі. За названы перыяд у ЛПП адправіліся 111 чалавек, сярод якіх 15 жанчын.

Акрамя таго, асобам, якія дапускаюць правапарушэнні ў сям’і, актыўна выносяцца ахоўныя прадпісанні з устанаўленнем абмежаванняў на здзяйсненне пэўных дзеянняў. Напрыклад, рабіць спробы высветліць месца знаходжання грамадзяніна, які пацярпеў ад насілля ў сям’і, мець з ім зносіны, у тым ліку па тэлефоне, з выкарыстаннем інтэрнэту, і інш. З пачатку года ў вобласці вынесена 56 ахоўных прадпісанняў, з іх 47 — з выдаленнем з сумеснага з ахвярай насілля жылля. За невыкананне патрабаванняў ахоўных прадпісанняў наступае адміністрацыйная адказнасць.

Ва ўсіх раёнах вобласці створаны і функцыянуюць “крызісныя пакоі” для ахвяр сямейнага насілля, у якіх такія асобы могуць бясплатна знаходзіцца да 30 дзён. Там ім аказваецца ўвесь спектр дапамогі, уключаючы псіхалагічную, для пераадолення негатыўных наступстваў супрацьпраўнага ўздзеяння. Органы ўнутраных спраў у сваю чаргу таксама праводзяць мерапрыемствы па інфармаванні ахвяр насілля ў сям’і аб магчымасцях дзяржаўных органаў па аказанні ім кваліфікаванай дапамогі. Для асоб, якія пацярпелі ад дамашняга насілля, на пастаяннай аснове дзейнічае агульнанацыянальная “гарачая лінія”. Патэлефанаваўшы на нумар 8-801-100-8-801, можна бясплатна, ананімна атрымаць кансультацыю па гэтым пытанні.

Па інфармацыі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.