Каб зайца ўпаляваць, цярпення трэба не пазычаць


Па ініцыятыве раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» у апошнюю суботу студзеня праводзіліся спаборніцтвы па здабычы зайца.

Прымеркаваны яны былі да закрыцця сезона палявання на гэтага пушнога звярка. Сабраліся ўдзельнікі на варапаеўскай паляўнічай дачы, на якой гаспадарыць егер Аляксандр Пайлак.

— Многія, напэўна, думаюць, што ўпаляваць зайца проста, — расказваў старшыня раённай арганізацыйнай структуры Алег Алегавіч Карпік. — Але на самай справе гэта не так. Зайцы труслі­выя, асцярожныя і хітрыя. Дзякуючы вялікім вушам здалёк чуюць любы шорах. А як умеюць заблытваць сляды! Нават вопытныя паляўнічыя не адразу разблытваюць іх петлі. Удача часцей за ўсё спадарожнічае тым, хто добра ведае звычкі звярка, а таксама цярплівым і трапным. На­дзейны памочнік на паляванні — сабака, які можа выявіць лежбішча зайца і прыгнаць яго гаспадару.

Спаборніцтвы прайшлі азартна. А здабыць зайца пашчасціла толькі Яўгенію Казароўцу і Сяргею Круталевічу (на здымку). У дадатак да гэтага ад арганізатара спаборніцтваў першаму, хто вярнуўся з трафеем, была ўручана цёплая зімовая шапка, другому — пальчаткі. А паляўнічаму са стажам Аляксандру Рудаку ў знак падзякі за дапамогу ў арганізацыі палявання калегіяльна вырашылі падарыць цёплыя шкарпэткі.

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота Алега КАРПІКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.