Лавілася рыбка і вялікая, і малая


Пераможцы спаборніцтваў.

У першую суботу лютага надзвычай ажыўлена было на беразе лучайскага возера. Тут сабраліся рыбакі з Глыбоцкага, Докшыцкага, Шаркаўшчынскага і нашага раёнаў, каб паспрабаваць рыбацкага шчасця на міжраённых спаборніцтвах.

Надвор’е выдалася па-сапраўднаму цудоўным: лёгкі марозік, яркае сонца і ні павеву ветрыку. Арганізатар (раённая арганізацыйная структура РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў») загадзя падрыхтаваў месца для спаборніцтваў. Тэрыторыя была абазначана флажкамі. Члены каманд разышліся на свае пазіцыі, а суддзі ўзялі рыбалку пад кантроль. Доўжылася яна тры гадзіны.

Самы багаты ўлоў (3 кілаграмы 505 грамаў) быў у каманды нашых землякоў. На другім — глыбачане (2175 г). Амаль два кілаграмы злавілі прадстаўнікі Шаркаўшчынскага раёна. І менш за ўсіх пашанцавала дакшычанам — 1455.

Вызначаліся пераможцы і ў асабістым першынстве членаў каманд. Найбольш пашанцавала нязменнаму лідару пастаўчан Арцёму Атвалку — 1 кілаграм 320 грамаў рыбы. У падарунак яму ўручылі ледабур. 920 грамаў выцягнуў Павел Казаровец і атрымаў скрыню для рыбалова. Набор жарліц за трэцяе месца дастаўся Дзмітрыю Яновічу з Докшыц (760 грамаў). На яго кручок тра­піла і самая вялікая рыбіна — 145-грамовы акунь (прыз — вагі). А 3,5 грама ёршык клюнуў на вудачку Казароўца. За самую маленькую рыбку — компас.

Асобна вызначаліся лепшыя з лепшых у індывідуальным першынстве сярод пастаўчан. Самы багаты ўлоў — 1365 грамаў — у А. Юхневіча, на сто грамаў менш злавіў Алег Якаўлеў, 965 грамаў рыбы дастаў Сяргей Ходан. У адпаведнасці з месцам у падарунак рыбакі атрымалі турысцкі нож, вудачку для зімовай рыбалкі і прынаду.

Святлана Атвалка.

Ліхтарыкам адзначылі члены судзейскай каманды Святлану Атвалка — адзі­ную жанчыну, якая прымала ўдзел у спаборніцтвах, а самага юнага рыбака — 11-гадовага Сашу Рублевіча — за волю да перамогі заахвоцілі вудачкай.

Затым усе ўдзельнікі спаборніцтваў і балельшчыкі маглі пагрэцца гарачай духмянай юшкай, падзяліцца ўражаннямі. Госці адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі мерапрыемства і выказалі жаданне прыехаць на Пастаўшчыну яшчэ.

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота Алега КАРПІКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.