Нялёгка даюцца ачкі

Спорт

“Прамень” (Магілёў) — “Атлант” (Паставы) — 2:3, 3:2

1 дзень. (25:19, 25:19, 19:25, 10:25, 13:15).

2 дзень. (25:17, 25:23, 16:25, 26:28, 16:14).

У папярэднім, 8-м, туры чэмпіянату краіны пастаўчане былі свабодныя ад гульняў, але пільна сачылі за вынікамі астатніх паядынкаў. На шчасце, наш галоўны канкурэнт у барацьбе за бронзавыя медалі — гомельская “Энергія” — двойчы на выездзе з лікам 0:3 ва ўпартай барацьбе прайграў лідару — сталічнаму РДВАРу. Аршанцы не без праблем дома адолелі нашага наступнага саперніка, які адчувальна прыбавіў па ходзе сезона. У пастаўскага “Атланта” зноў з’явілася магчымасць зрабіць важкі крок для заваявання ўзнагарод нацыянальнага першынства, але для гэтага ў Магілёве трэба было дабіцца максімальнага выніку. Вось толькі зрабіць гэта гасцям, якія гулялі там у аслабленым складзе, удалося часткова, дамоў яны прывезлі тры ачкі з шасці магчымых.

Галоўны трэнер Г. Г. Савосін разлічваў, што ў гэтых сустрэчах змогуць праявіць сябе яго маладыя выхаванцы. Паўторны матч пастаўчане ўвогуле рызыкоўна пачалі другімі нумарамі, за што потым паплаціліся крыўдным паражэннем. У першы дзень на пляцоўцы ў складзе гасцей таксама было шэраг маладых, а асноўным распасоўшчыкам гуляў рэзервіст Дзмітрый Аксёненка. Майстар спорту Мікалай Шкляр больш не зможа выступаць за нас, ён прадоўжыць кар’еру ў Літве. Аслабіла атакуючы патэнцыял гасцей і адсутнасць вопытнага дыяганальнага Яна Сакалоўскага. У выніку пастаўчане апынуліся ў цяжкай сітуацыі і аддалі магіляўчанам дзве стартавыя партыі.

Толькі калі ў гасцей загулялі ўсе наймацнейшыя валейбалісты, адбыўся пералом, і ў нервовай канцоўцы наша каманда вырвала няпростую перамогу. Па падобным сцэнарыі праходзіла паўторная сустрэча. Арбітры памыляліся то ў адзін, то ў другі бок. У сваю чаргу акрыленыя гаспадары ўзмацнілі гульню ў абароне, пастара­ліся ўсклад­ніць саперніку прыём мяча. На фоне стомленасці нават у вопытных пастаўчан пайшлі памылкі ў рашаючы момант і яны ў паўторным матчы саступілі, заваявалі толькі адно ачко.

Перад апошнім турам наша каманда апераджае гамяльчан на 3 балы і ў гэтыя выхадныя правядзе заключныя паядынкі папярэдняга раўнда з мінчанамі. У гомельскай “Энер­гіі” будзе няпросты выезд у Оршу. З намі яна павядзе завочную барацьбу не толькі за “бронзу”, але і за права прыняць на сваёй пляцоўцы 22-25 сакавіка фінальны этап першынства сярод каманд, якія будуць змагацца за выніковыя 11-13 месцы ў чэмпіянаце Беларусі па валейболе сярод мужчын.

Уладзімір ШЫК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.