Прыклала руку да дзясяткаў аб’ектаў

Местная власть

Учора ў абласным цэнтры ўшанавалі лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны-2017». У ліку тых, хто ўдастоены гэтай узнагароды, тынкоўшчык-маляр ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» Алена Іванаўна Букатая.

На прадпрыемства Алена Іванаўна прыйшла ў 1994 годзе пасля дэкрэтнага водпуску. Чаму выбрала «Рассвет»? Па-першае, тут ужо праца-ваў вадзіцелем муж. А па-другое, не апошнюю ролю адыграла жыллёвае пытанне.

— Свайго вугла мы не мелі, — расказвала яна. — А «рассветаўцаў» забяспечвалі інтэрнатам, у далейшым можна было без чаргі атрымаць добраўпарадкаваную кватэру. Да таго ж у той час на будоўлю бралі людзей і без спецыяльнай адукацыі. Для мяне, якая адразу пасля школы выйшла замуж і адну за адной нарадзіла дзвюх дачок, варыянтаў працаўладкавання было не так многа.

Навуку фарбаваць, тынкаваць, клеіць шпалеры спасцігала на месцы ў старэйшых, вопытных калег. Спачатку была вучаніцай тынкоўшчыка, потым прысвоілі другі кваліфікацыйны разрад, затым — трэці. Цяпер Алена Іванаўна мае самы высокі ў арганізацыі, чацвёрты, разрад і ўжо 19 гадоў з’яўляецца брыгадзірам брыгады тынкоўшчыкаў. Сваю прафесію асвоіла ад «а» да «я». Тым не менш, як гэта ні парадаксальна, працягвае вучыцца.

— У апошнія гады з’яўляецца шмат новага, — гаварыла жанчына. — Іншыя матэрыялы і інструменты, з якімі даводзіцца працаваць, іншыя тэхналогіі аддзелкі. У прыватнасці, зараз папулярная дэкаратыўная тынкоўка сцен. Усяму новаму вучымся ў працэсе работы.

За час працы ў «Рассвеце Пастаўскім» А. І. Букатая прымала ўдзел у будаўніцтве ўсіх аб’ектаў, якія ўзводзіла прадпрыемства ў горадзе і раёне. Гэта аддзяленні Беларусбанка і Белаграпрамбанка, шпіталь у Паставах і пагранзастава ў Лынтупах, дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у Дунілавічах, шматлікія жылыя дамы. Зараз са сваёй брыгадай Алена Іванаўна дапамагае докшыцкім будаўнікам здаць дом у Круляўшчызне — робяць там чыставую аддзелку дзвюх кватэр. Неўзабаве прыступяць да аддзелкі новага 40-кватэрнага дома ў шостым гарадку.

Не сакрэт, што хлеб будаўнікоў вельмі нялёгкі. Холад, часта ранні выезд на аб’ект і позняе вяртанне дадому, рабочыя суботы ў дадатак з невысокай на сённяшні дзень заработнай платай мала каго могуць прывабіць. Таму праблема цякучкі кадраў кіраўніцтву прадпрыемства вядомая не па чутках. У той жа час на ім нямала тых, хто выбраў прафесію раз і назаўсёды. Сярод апошніх — Алена Іванаўна Букатая. За высокі прафесіяналізм і адданасць справе яе неаднойчы ўзнагароджвалі граматамі, падзякамі і грашовымі прэміямі аграрна-будаўнічага прадпрыемства, аб’яднання «Полацксельбуд», галі­новага прафсаюза, раённага выканаўчага камітэта. У 2013 годзе жанчына была ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны». І вось чарговая, цалкам заслужаная, узнагарода.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.