Расквецяць фарбамі сцяну

Личности

Як упрыгожыць любы інтэр’ер, стварыць дзіўны свет візуальных вобразаў, непаўторных па сваім мастацкім выкананні і дызайнерскай задумцы, добра ведае творчы калектыў дзіцячай школы мастацтваў імя Альфрэда Ромера.

Яскравае пацвярджэнне гэтаму — з густам аформленыя сцены ў некаторых установах аховы здароўя, адукацыі і культуры райцэнтра. Прафесійныя мастакі літаральна ўдыхнулі ў іх жыццё. Ва ўсялякім разе, так падаецца асабіста мне, калі па рабоце бываю ў “художцы”, дзіцячай бібліятэцы, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, паліклініцы, дзіцячым і радзільным аддзяленнях цэнтральнай раённай бальніцы. Гледзячы на казачных персанажаў, вусны міжволі расплываюцца ва ўсмешцы, здаецца, што сцены пачынаюць “размаўляць” і клічуць у дзіўны свет фантазій.

— Выкладчыкі нашай школы — прафесійныя мастакі. І, як і ўсе прадстаўнікі творчых прафесій, яны, безумоўна, прагнуць рэалізаваць свой талент: пішуць карціны, выконваюць дэкаратыўныя кампазіцыі і роспісы. А гадоў 15 таму мы знайшлі агульны занятак — стварэнне акрылавых фрэсак на сценах, які яшчэ больш згуртаваў наш дружны калектыў, стаў прыносіць асалоду і ад працэсу, і ад выніку, — расказвала дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Жанна Уладзіміраўна Курдо. — Перад тым як прыступіць да якой-небудзь творчай работы, абмяркоў­ваем з заказчыкам і паміж сабой агульную канцэпцыю, сюжэт, колеравую гаму, робім эскізы. Думаю, няма такой ідэі, якую б мы не маглі ўвасобіць у жыццё. Прычым робім гэта хутка і якасна.

Роспіс сцен не адзінае, што аб’ядноўвае выкладчыкаў школы мастацтваў. Без іх удзелу не абыходзіцца афармленне ні аднаго гарадскога альбо раённага мерапрыемства. На рахунку мастакоў банеры, тантамарэскі (стэнды для фотаздымкі з адтулі­най для твару), сцэнічныя дэкарацыі і іншае. Адзін з апошніх шэдэўраў — гіганцкія грыбы, зробленыя спецыяльна для навагодняга прадстаўлення “Чырвоная Шапачка”. Яны зрабілі сапраўдны фурор. Сцэнічныя дэкарацыі ў нацыянальным стылі ў спартыўна-турыстычным комплексе “Азёркі” таксама справа іх рук. І трэба адзначыць, што “беларуская вясковая хата”, у якой гаспадарыць Дзед Бай, ані не саступае па арыгінальнасці і рэалістычнасці афармлення дэкарацыям да легендарнага спектакля “Паўлінка”.

— Сёлета мы ўвялі новы від платных паслуг — афармленне інтэр’ераў. За прымальную плату прапануем усім арганізацыям і ўстановам раёна жывапісны роспіс сцен. Фрэскі, выкананыя акрылавымі фарбамі і пакрытыя лакам, упрыгожаць любое памяшканне, нададуць яму шарм і ўнікальнасць, — працягвала Ж. У. Курдо. — Па эскізе заказчыка альбо з яго слоў выканаем роспіс сцен у любым жанры ў максімальна сціслыя тэрміны.

А яшчэ аўтарскі дызайн інтэр’ера надасць памяшканню мастацкую каштоўнасць, будзе радаваць на працягу многіх гадоў, не страчваючы першапачатковай насычанасці і бляску нават пасля мыцця. Зацікавіліся? Тады, каб атрымаць больш падрабязную інфармацыю, тэлефануйце ў школу мастацтваў на нумары: 4-15-40, 8(029)517-74-22.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ
Фота з асабістага архіва выкладчыкаў школы мастацтваў



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.