Шчасця і здароўя дзецям і бацькам


Самымі важнымі падзеямі ў жыцці кожнага чалавека з’яўляюцца ўступленне ў шлюб і нараджэнне дзяцей. Прапануем чытачам газеты азнаёміцца з інфармацыяй аддзела ЗАГС райвыканкама аб зарэгістраваных шлюбах і нараджэннях на Пастаўшчыне ў 2017 годзе.

Усяго за мінулы год у нашым раёне зарэгістраваны 224 шлюбы, з іх аддзелам ЗАГС — 188, сельскімі выканкамамі — 36. Пераважная большасць уступіўшых у шлюб — грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Аднак 17 жыхароў раёна заключылі яго з грамадзянамі іншых дзяржаў: Літоўскай Рэспублікі — 6, Украіны — 5, Расійскай Федэрацыі — 4, Латвійскай Рэспублікі і Грузіі — па 1. Часцей за ўсё рэгіструюць свае адносіны маладыя людзі ва ўзросце да 31 года. Менавіта ў гэтай узроставай катэгорыі знаходзіліся 150 жаніхоў и 155 нявест. Калі гаварыць у цэлым, то сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб складае ў мужчын 30 гадоў, у жанчын — 28. Разам з тым тром нявестам на момант рэгістрацыі яшчэ не споўнілася 18-ці, а трое мужчын и пяць жанчын заключылі саюз пасля 60 гадоў.

Летась у нашым раёне зарэгістраваны 345 нараджэнняў: на свет з’явіліся 161 хлопчык і 184 дзяўчынкі. Радуе, што дзеткі нараджаюцца пераважна ў поў­ных сем’ях: 292 дзі­цяці (84,6%) зарэгістраваны ў бацькоў, якія знаходзяцца ў шлюбе. У апошнія гады найбольш часта бацькамі становяцца ў 25—30 гадоў. Як правіла, да гэтага часу маладыя людзі ўжо атрымалі адукацыю і маюць стабільную работу. Менавіта ва ўзросце ад 25 да 30 гадоў шчаслівымі татамі і мамамі на Пастаўшчыне сталі 102 мужчыны і 115 жанчын. Крыху менш бацькоў ва ўзросце ад 30 да 35 гадоў — 94 таты і 98 маці. Тры дзяўчыны нарадзілі дзетак да 18 гадоў, а 11 жанчын спазналі шчасце мацярынства ва ўзросце ад 40 да 45 гадоў. Самаму маладому бацьку было 18 гадоў, шасцёра мужчын сталі татамі пасля 50-ці. Сярэдні ж узрост маці склаў 28 гадоў, бацькі — 30.

119 маленькіх жыхароў раёна з’яўляюцца першынцамі ў бацькоў, 137 нарадзіліся другім дзіцем у сям’і, 63 — трэцім, 20 — чацвёртым, 4 — пятым, 2 — шостым. Як правіла, абодва бацькі дзяцей, зарэгістраваных летась, з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь (88,7%). Таксама зарэгістраваны нараджэнні дзяцей, дзе бацька — грамадзянін Украіны (4), Расійскай Федэрацыі (6), Літоўскай Рэспублікі (1), і дзе маці з’яўляецца грамадзянкай Лі­тоўскай Рэспублікі (3), Ра­сій­скай Федэрацыі (4), Украіны (4).

Найбольш папулярнымі імёнамі ў 2017 годзе былі Софія (13) і Арцём (10). У топ-5 жаночых імён увайшлі таксама Ксенія, Марыя (па 11), Дар’я (10) і Валерыя (9), мужчынскіх — Міхаіл (9), Данііл, Дзмітрый (па 8) і Уладзіслаў (7). Па-ранейшаму папулярнымі застаюцца такія жаночыя імёны, як Паліна, Ганна, Вікторыя, Кацярына, Анастасія, Арына, Ульяна, мужчынскія — Глеб, Максім, Марк, Раман, Аляксандр, Іван, Мацвей. Сярод малышоў ёсць уладальнікі і рэдкіх імёнаў, як, напрыклад, Адэліна, Аміна, Бажэна, Віталія, Ніка, Эмілія, Дамір, Даніэль, Дамінік, Елісей, Платон, Ян.

Хочацца пажадаць, каб усе малышы раслі здаровымі і шчаслівымі, а сямейныя саюзы былі моцнымі.

Аніта НЕСЦЯРОВІЧ, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.