Сяброўкі натхнілі на верш

Общество

Белачка жыла ў маіх бацькоў у вёсцы. Калі яны занемаглі, забрала да сябе разам з кошачкай. Ад нараджэння яна была зусім беленькая, а як падрасла — афарбоўка шорсткі змянілася. Але мянушка засталася ранейшая. Хваляваліся, ці ўжывецца з нашай Тоськай, аднак пасябравалі. Тоську я навучыла даваць лапку. Кажу ёй: “Хадзі, бачок пачашу”. Бяжыць. “Зараз другі!” — даю новую каманду. Ахвотна падстаўляе. Спаць яна любіць кожны раз на новым месцы.

Напрыканцы 2016 года захварэла. Павезлі ў ветлячэбніцу “Сёма”. На жаль, яна была закрытая (якраз навагоднія святы). А прыём — толькі 4 студзеня. 1-га кошцы стала зусім дрэнна. Яна плакала амаль як чалавек. Патэлефанавалі пастаўскаму “Айбаліту” Канстанціну Дзіковічу, і той згадзіўся прааперыраваць кошачку. Цяпер яна здаровая і вясёлая. А мы ўдзячныя гэтаму добраму чалавеку за тое, што ўратаваў нашу любіміцу.

У мяне склаўся верш пра маіх дзвюх кошачак-сябровак:

Хтосьці ў дзверы шкрабае.
Хто да нас прыйшоў?
Гэта наша Тосечка
Вяртаецца дамоў!

Лапку дасць калматую,
У вочы зазірне:
«Якімі вы прысмакамі
Пакорміце мяне?»

Яшчэ задача цяжкая,
Дзе ж месца адшукаць,
Каб мякка і ўтульненька
Сягоння ёй паспаць?

І Белачка прытуліцца,
Па лобіку лізне.
І, дружненька абняўшыся,
Замуркаюць у сне.

Леакадзія ГІНЬКО, г. Паставы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.