Тры дыпломы за народны касцюм

2018 год — Год малой радзімы Общество

Так адзначаны ўдзел Пастаўскага Дома рамёстваў «Стары млын» і раённага краязнаўчага музея ў абласной краязнаўчай выставе-конкурсе «Народнае адзенне Віцебшчыны».

Праходзіла выстава-конкурс вясной мінулага года. А яе вынікі падвялі 9 лютага ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці на пасяджэнні савета дырэктараў Дамоў рамёстваў вобласці і прэзентацыі выдадзенай летась кнігі «Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны». Удзельнікамі гэтых мерапрыемстваў былі дырэктары «Старога млына» Т. М. Петух і раённага краязнаўчага музея Т. Г. Гарошка. Таццяне Мікалаеўне на пасяджэнні ўручылі дыплом за трэцяе месца ў намінацыі «За лепшую калекцыю фотаматэрыялаў па народным адзенні і яе інфармацыйнае суправаджэнне», а Таццяна Гвідонаўна атрымала на прэзентацыі дыплом пераможцы ў намінацыі «Лепшае краязнаўчае даследаванне народнага ­адзе­ння». Таксама другое месца і дыплом прысуджаны нашаму музею за найбольш поўную і разнастайную калекцыю вясковага і мяшчанскага адзення.

— Вывучэннем традыцыйнага строю Пастаўшчыны, як і народных рамёстваў рэгіёна, мы займаемся ўжо даўно, — расказвала пазней Т. М. Петух. — Асабліва актыўна — у апошнія гады, чаму пасадзейнічаў абласны конкурс «Сцяжкі майстэрства». Ён складаўся з некалькіх этапаў. Спачатку разам з майстрамі ўсіх Дамоў рамёстваў вобласці мы шылі кашулі, фартушкі, спадніцы і іншыя элементы народнага ­адзення, характэрныя для нашай мясцовасці. Такім чынам тры гады назад цалкам рэканструявалі летні строй, які прэзентавалі на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». На наступны год зрабілі рэканструкцыю зімовага строю. А ў 2017-ым працавалі над фарміраваннем кнігі «Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны».

На працягу яго праводзілася некалькі выстаў, на якія пастаўскія майстры адсылалі свае элементы народнага касцюма і рэканструкцыі. У час «Славянскага базару» быў зняты вялікі матэрыял па кожным рэгіёне, падрыхтавана навуковае абгрунтаванне. На гэта свята Таццяна Мікалаеўна прывозіла калекцыю народнага адзення і ўпрыгажэнняў сваёй сям’і, якая раней належала бабулі, а пасля захоўвалася ў цёткі. Акрамя таго, напісала інфармацыйнае суправаджэнне да зімовага строю, правёўшы навуковае даследаванне. А больш маштабным даследаваннем характэрных асаблівасцей пастаўскага народнага адзення займалася Т. Г. Гарошка.

Усе гэтыя матэрыялы ўвайшлі ў кнігу «Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны», якая апавядае пра мінулае і цяперашняе народнага касцюма. У ёй шмат фота­здымкаў і малюнкаў па тэме з падрабязным апісаннем кожнага элемента адзення, тканін, з якіх яны шыліся і якія выраблялі мясцовыя жанчыны, набіваных або вышываных узораў і інш. Ёсць фотаздымкі музейных калекцый, а таксама пашытага Дамамі рамёстваў. Адным словам, у кнізе сабраны вельмі багаты матэрыял па кожным рэгіёне Віцебшчыны, які дае магчымасць больш даведацца пра культуру і побыт нашых продкаў.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота з сайта http://www.vitbichi.by/



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.