У шэрагах вайскоўцаў папаўненне

Правовое поле

19 студзеня, пасля праходжання курса маладога байца, у 1-ы радыётэхнічны цэнтр прыбыло новае папаўненне — сем ваеннаслужачых тэрміновай службы.

За апошнія гады гэта самая нешматлікая група салдат, якая папоўніла шэрагі падраздзялення. Яшчэ адна асаблівасць новага папаўнення заключаецца ў тым, што сярод навабранцаў няма ні аднаго ўра­джэнца нашага раёна. На працягу бліжэйшых месяцаў службу ў Паставах будуць праходзіць пяць жыхароў сталіцы і два — Віцебскай вобласці (Полацк і Орша). Юнакі ўжо атрымалі стралковую зброю, прынялі кодэкс гонару абаронцы Айчыны, падчас спецыяльных трохдзённых заняткаў адпрацавалі прывядзенне падраздзялення ў найвышэйшую ступень баявой гатоўнасці непасрэдна ў сваіх разліках і зараз нясуць службу ў штатным рэжыме.

Сярод навабранцаў — мінчанін Антон Пацалуйка. Служыць яму давядзецца ўсяго шэсць месяцаў. Справа ў тым, што падчас навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ін­фарматыкі і радыёэлектронікі Антон наведваў ваенную кафедру, дзе рыхтавалі камандзіраў аддзяленняў комплексаў сродкаў аўтаматызацыі. Раз у тыдзень на працягу года разам з іншымі студэнтамі ён спасцігаў сакрэты агнявой і тактычнай падрыхтоўкі, іншыя армейскія прамудрасці. Ва ўніверсітэце прыняў і ваенную прысягу.

Пасля заканчэння ВНУ Антон Пацалуйка два гады займаўся распрацоўкай сайтаў сістэм аўтаматызацыі ва ўласнай фірме, якую адкрыў разам з аднагрупнікам. Да гэтага, пачынаючы з другога курса, хлопцы працавалі ў якасці індывідуальных прадпрымаль­нікаў. Калі ж восенню мінулага года Антону выпала магчымасць прымяніць на практыцы ваенную спецыяльнасць, атрыманую ва ўніверсітэце, ніколькі не вагаўся і без шкадаванняў адправіўся на медыцынскае асведчанне. А паколькі дакладна ведаў, у які род войскаў будзе накіраваны і на якую спецыяльнасць прызначаны, то і варыянтаў будучага месца службы было толькі некалькі.

— Напэўна, марыў трапіць у Мачулішчы, бліжэй да дома? — пытаюся ў яго.

— Мае тата і дзяцька праходзілі тэрміновую службу ўдалечыні ад малой Радзімы — на Волзе. Наслухаўшыся расказаў абодвух, захацеў узяць з іх прыклад, адчуць на сабе, што армія — школа мужнасці і стойкасці, набыць новых сяброў, — здзівіў адказам А. Пацалуйка. — Па доме сумую, але не так моцна, як думаў. Напэўна, таму, што родныя і сябры прыязджаюць дастаткова часта, а саслужыўцы настроены прыязна, дзеляцца вопытам, калі штосьці незразумела.

Служыць Антону Пацалуйку засталося менш за чатыры месяцы — 25 мая хлопец звольніцца ў запас.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.